Грамадства66

Ад 7 еўра за гадзіну на будоўлі ў Гамбургу да 14 еўра на Алімпіядзе ў Парыжы: досвед беларуса пра заробкі ў Еўропе

Жыхар Магілёва Павел чатыры гады працуе за мяжой. За гэты час ён змяніў некалькі краін і прафесій — ад рознарабочага ў Гамбургу да кухара на Алімпіядзе ў Парыжы. MYFIN даведаўся пра адваротны бок еўрапейскага рынку працы: дзе беларусам плацяць менш, чым туркам, і як «універсальныя рукі» дапамагаюць выбіць лішнія некалькі еўра да стаўкі.

Фота прадстаўлена героем

Першую працу знайшоў праз Instagram

Па прафесіі 36‑гадовы Павел — кухар. Стомлены штодзённымі каструлямі, ён вырашыў змяніць абстаноўку і адправіўся ў невядомасць у пошуках не толькі заробкаў, але і свежых уражанняў.

На першую замежную працу паехаў за кампанію з сябрам. Вакансію знайшлі ў Instagram праз польскае агенцтва — на склады пад Кёльнам. Спачатку ехалі аўтобусам да Варшавы, потым з прыватным перавозчыкам да месца.

Рэальнасць аказалася суровай: жыць прыйшлося ў хостэле, заваленым піўнымі бутэлькамі, у кампаніі хлопцаў, якія пастаянна п’юць.

Справядлівасці на складзе таксама было мала: туркі на тых жа пазіцыях чамусьці атрымлівалі больш, а беларусаў трымалі на здзельнай аплаце. У выніку столь па зарплаце складала 1100—1300 €.

«Прапрацавалі тыдзень і вырашылі шукаць далей. Знайшлі працу ў Гамбургу рознарабочымі на будоўлі. Першы месяц плацяць 7 € за гадзіну, далей — ужо 8 €. Для нас гэта тады былі велізарныя грошы. Мы пералічвалі іх у беларускія рублі і кайфавалі. Прапрацавалі там паўгода, скончылася і сама будоўля, і віза».

Праз год Павел вярнуўся ў Германію на зборку тэнтавых канструкцый. Мантажнікам плацілі 10 € за гадзіну, кіроўцам — 11—12 €. Ужо праз два месяцы ён перабраўся ў Францыю працаваць па спецыяльнасці на Алімпіядзе і Паралімпіядзе-2024. Уладкавацца дапамог аналагічны досвед на Гульнях у Сочы ў 2014 годзе. Працаваць даводзілася па 10—14 гадзін без выхадных.

Умовы былі выдатныя: працадаўца аплаціў дарогу і паклапаціўся пра добрае жыллё. За яго Павел не плаціў. За лета ён змяніў тры лакацыі: дызайнерскі дом у будынку старога вакзала з басейнам, асабняк з асобнымі пакоямі і сапраўднае старадаўняе шато. Таксама можна было браць прадукты з працы, каб прыгатаваць дома.

На Алімпіядзе Павел гатаваў базу для кухні, на Паралімпіядзе — адказваў за лагістыку і заказы прадуктаў. Праз моўны бар’ер з шэфам-немцам камунікацыя спачатку не клеілася, затое назвы прадуктаў на французскай і нямецкай мовах ён запомніў вельмі хутка.

«У перапынку паміж Гульнямі ўдалося нават тыдзень пажыць у сваё задавальненне, падарожнічаючы па Францыі на працоўным аўто. Нягледзячы на цяжкі графік, праца была прыемнай. У камандзе былі людзі з Аргенціны і Бразіліі, Германіі і Францыі, Англіі і Італіі, Славакіі і Іспаніі — каля 20 чалавек».

Меню было простым, але аб’ёмы ўражвалі — штодня абслугоўвалі да 2 000 чалавек. З аплатай узнік нюанс: першапачаткова дамаўляліся на 19 €, але па факце стаўку ўрэзалі да 13 €. Пасля перамоў удалося выбіць яшчэ адзін еўра — спыніліся на 14 € за гадзіну.

Потым з гэтай жа кампаніяй Павел з’ехаў у Мюнхен. Там быў «універсальным салдатам» на кухні: нечым сярэднім паміж кухарам, памочнікам і мыйшчыкам посуду. Стаўка была тая ж — 14 € за гадзіну, але з заробку адразу 400 € сыходзіла за жыллё. Да таго ж увялі ліміт — працаваць строга 160 гадзін у месяц.

«А скончылася ўсё раптоўна і па-дурному. Мой сябар-беларус страціў тэлефон і пайшоў у паліцыю. Там пачалі правяраць дакументы і высветлілі, што аформлены мы, мякка кажучы, крыва. У выніку яго і яшчэ аднаго хлопца дэпартавалі. Грошай за апошнюю працу нам так і не выплацілі».

«Калі ты майстар на ўсе рукі, можна выбіць дадатковыя 1—2 еўра да стаўкі»

Праца ў Еўропе амаль заўсёды зводзіла магілёўца з выхадцамі з СНД, таму досвед з немцамі на Алімпіядзе ён лічыць унікальным праз чысты пазітыў і парадак. А вось далей так не шанцавала. Павел вярнуўся дадому, атрымаў пасведчанне кіроўцы, зрабіў візу і зноў з’ехаў у Германію.

«Я трапіў на дастаўку і зборку мэблі да армян у Гамбург. Кіраўнік хваліўся, як кінуў сэрвіс на дарагі рамонт машыны і цяпер аб’язджае гэты раён дзясятай дарогай. Аплата была не ў гадзінах, а ў днях — 80—100 € за дзень плюс чаявыя. У месяц выходзіла б 2 000—2 400 €. Але з калег ніхто амаль не размаўляў па-руску. Хлопцы закрытыя, было максімальна дыскамфортна».

Сама праца таксама ішла дзіўна. За два тыдні Павел усяго чатыры разы выехаў на аб’екты. Графік непрадказальны: сядзіш два дні дома, і тут за пару гадзін да выезду званок: «Едзем у Штутгарт!». А гэта 650 км дарогі. Чаявых амаль не было, а 80 € у дзень для Германіі — гэта вельмі мала, калі сам плаціш за жыллё і ежу.

Паводле слоў Паўла, праца на радзіме, у Еўропе з выхадцамі з СНД і напрамую з немцамі — гэта тры розныя светы. Больш за ўсё магілёўцу спадабалася працаваць з немцамі напрамую: усё чотка, арганізавана і празрыста. Адзіны затык — мова.

— У Беларусі працаваў у асноўным на прыватнікаў. Плацяць мала, а вешаюць на цябе ўсё запар. З працадаўцамі з СНД у Еўропе не адгадаеш. Накшталт і плацяць лепш, і шануюць. І калі ты майстар на ўсе рукі, можна нават выбіць плюс 1‑2 еўра да стаўкі. Але з камунікацыяй праблемы.

«Плаціш 400 €, жывеш па 2—3 чалавекі ў пакоі»

Жыллё на працы за мяжой — заўсёды рулетка. У Германіі на адным аб’екце рабочыя жылі ў гатэлі, які рамантавалі, і за гэта грошай не бралі. У іншых выпадках арэнда абыходзілася ў 400 € і бралі з зарплаты.

«Больш за ўсё запомніўся нямецкі Кіль. Нас пасялілі ў загарадным доме: вакол усё зялёнае, па двары курачкі гуляюць, садок. Такі ўтульны атэльчык, куды хочацца прыехаць проста адпачыць».

Зараз у Еўропе стандарт такі: плаціш тыя ж 400 €, жывеш па 2—3 чалавекі ў пакоі. Раней хоць нешта кампенсавалі за дарогу, а зараз за ўсё плаціш сам. Рост мінімальнай зарплаты Павел лічыць не павышэннем, а проста кампенсацыяй інфляцыі.

«Па грошах выгадней за ўсё зарабляць там, а траціць — дома»

Для Паўла велізарны плюс працы ў Еўропе — гэта перазагрузка, падарожжы і знаёмствы з людзьмі розных культур. Галоўны мінус — жыццё з незнаёмымі людзьмі, адсутнасць утульнасці і нестабільнасць.

Зараз Павел збіраецца ў Нідэрланды. Вакансія незвычайная: праца на ферме з кветкамі і гароднінай, абяцаюць 14 € за гадзіну і афіцыйнае афармленне з падатковым нумарам.

Павел прызнаецца: па грошах выгадней за ўсё зарабляць там, а траціць дома. Жыць у Еўропе на тую ж зарплату складана — арэнда з’ядае амаль усё. Яго ідэальны план — выйсці на такі ж даход дома і перастаць качаваць.

Каментары6

  • Магілёў мая мара
    10.02.2026
    Працую ў Нямеччыне на немцаў. Кваліфікавана, вывучыў тую мову, 200 гадзін, 6500 эўра, 32/гадзіна. Не ведаю, ці можна замежніку (лічы, нямецкаму пачаткоўцу) больш атрымаць. Жыць можна, з сям'ёй, дзецьмі.
    Але я і ў Беларусі 2500 меў, плюс сваё жытло. Але за 300 гадзін. Дый увогуле дома. Ясна, што было лепей.
    Тут жа ж не ў лічбах справа.
  • Грация Толерро
    10.02.2026
    Как так, как так? Нам, нелегалам меньше платили чем гражданам Германии, этническим туркам, знающим язык и делающим все социальные отчисления ?
    Несправедливость!
  • Tut
    10.02.2026
    7 еўра ў гадзіну? Гэта рабства. Яшчэ 10 гадоў таму на будоўлі ў Даніі (драўлянае каркаснае домабудаўніцтва) беларусам плацілі 40 еўра ў гадзіну.

Цяпер чытаюць

Тысячы людзей глядзяць на «Дынама» фінал чэмпіянату свету. Нехта разгарнуў вялікі расійскі сцяг7

Тысячы людзей глядзяць на «Дынама» фінал чэмпіянату свету. Нехта разгарнуў вялікі расійскі сцяг

Усе навіны →
Усе навіны

Дым ад знішчанага складу Wildberries пад Масквой расцягнуўся на 250 кіламетраў7

У Шклоўскім раёне патануў 11‑гадовы хлопчык

Кіраўнік фракцыі ХДС/ХСС у Бундэстагу пайшоў у адстаўку, бо завёў дзіця праз сурагатнае мацярынства9

Беларусы сталі гасцямі на шоу Урганта13

Круты: Работнікі з Узбекістана завозяцца ў Беларусь пад інвестпраекты8

Прэзідэнт Венгрыі падпісаў змены ў Канстытуцыю, якія спыняюць яго паўнамоцтвы1

Знайшлі зніклага ў Каталоніі беларуса Генадзя Смаляка

Як праходзіць фестываль Tutaka на Беласточчыне3

«Мае спінагрызы са мной». Ціханоўская расказала, што ўжо выбірае для дзяцей школу ў Варшаве23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тысячы людзей глядзяць на «Дынама» фінал чэмпіянату свету. Нехта разгарнуў вялікі расійскі сцяг7

Тысячы людзей глядзяць на «Дынама» фінал чэмпіянату свету. Нехта разгарнуў вялікі расійскі сцяг

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць