Склалі для вас вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця
Спатрэбіцца і прафесіяналам, і звычайным карыстальнікам. Тут ёсць нейрасеткі, якія тлумачаць простай мовай навуковыя артыкулы, перакладаюць відэа з розных моў і дапамагаюць выбраць фільмы.
2022 год і пачатак 2023-га можна назваць часам сапраўднага росквіту штучнага інтэлекту — амаль штодня з'яўляюцца навіны аб стварэнні новых нейрасетак, якія здольны значна спрасціць жыццё чалавека.
Такія рэчы, як, напрыклад, ChatGPT і Midjourney, ужо становяцца часткай жыцця многіх людзей. Аднак існуюць і іншыя вартыя ўвагі праграмы.
Мы вырашылі вывучыць магчымасці многіх нядаўна створаных нейрасетак і скласці спіс карысных інструментаў, якія могуць дапамагчы вам вырашаць пэўныя задачы і дасягаць мэт у розных сферах жыцця.
Ніжэй спіс, падзелены па катэгорыях (калі спасылкі не працуюць, выкарыстоўвайце VPN).
Адукацыя
Consensus — гэта пошукавік, які пры дапамозе штучнага інтэлекту імгненна атрымлівае інфармацыю з сотняў мільёнаў навуковых артыкулаў па ключавых словах. Нейрасетка пры гэтым дае кароткае апісанне да кожнага выніку пошуку. Працуе толькі на англійскай мове.
Explainpaper — гэта праграма, якая можа хутка, сцісла і даступна растлумачыць любы навуковы артыкул. Для пачатку працы неабходна перайсці па спасылцы і націснуць на «upload a paper», што дазволіць загрузіць тэкставыя файлы з вашых прылад і спрасціць іх. Лепш за ўсё працуе з англійскімі артыкуламі, але разумее і рускую мову.
Paperpal — гэта нейрасетка, якая дапаможа напісаць акадэмічныя лісты, курсавыя і дыпломныя працы. Яна аналізуе напісаны вамі тэкст, выпраўляе памылкі і прапануе перафразаваць складаныя фразы ці фармулёўкі. Інструмент даступны для працы ў браўзеры альбо ў якасці пашырэння для Microsoft Word. Працуе ў тым ліку і на рускай мове (беларускай версіі, на жаль, няма).
GPTZero — гэта сэрвіс, які здольны адсачыць след штучнага інтэлекту ў любым напісаным тэксце для выяўлення падману. Яго можна выкарыстоўваць для праверкі эсэ і іншых работ вучняў альбо студэнтаў. Працуе толькі з англамоўнымі тэкстамі.
Таксама існуюць шулерскія праграмы, якія здольныя замест вас імгненна рашаць матэматычныя і іншага роду задачы:
- Quizard (версія для Android, версія для iOS) здольны рашаць школьныя і ўніверсітэцкія тэсты з варыянтамі адказаў. Для гэтага дастаткова сфатаграфаваць заданне і мець падключаны інтэрнэт.
- GptGO — тое ж самае, толькі для інтэрнэт-заданняў і без неабходнасці што-небудзь фатаграфаваць. Працуе ў якасці пашырэння для браўзера Google Chrome і можа быць выкліканы падчас анлайн-тэсту.
- MathGPT спецыялізуецца выключна на матэматычных задачах рознага ўзроўню. Для гэтага неабходна проста іх увесці і ўсё адразу ж будзе гатова. Працуе на англійскай мове.
Ілюстрацыя на тэму «нейрасеткі для адукацыі». Фота: midjourney
Творчасць
Аisoft — гэта праграма, якая здольная паляпшаць якасць вашых фатаграфій і карцінак (у бясплатнай версіі дэталізацыю можна зрабіць у 2 ці ў 4 разы выразней за арыгінал, а ў платнай — у 6 і ў 8 разоў).
Upscayl — такая ж нейрасетка для паляпшэння якасці фатаграфій і карцінак, але пры гэтым яна больш прасунутая і цалкам бясплатная. Аднак яна даступная для выкарыстання толькі на камп'ютарах (падтрымлівае сістэмы Windows, MacOS і Linux).
CleanUp — гэта інструмент для хуткага і прафесійнага выдалення любога аб'екта або чалавека з фатаграфій. Адзіны мінус — бясплатная версія пагаршае якасць фота пасля апрацоўкі, але нішто не замінае скарыстацца вышэйзгаданымі спосабамі паляпшэння дэталізацыі.
Beautiful.AI — гэта штучны інтэлект, які значна спрашчае стварэнне розных прэзентацый. Па сутнасці ён з'яўляецца асабістым асістэнтам, які адгадвае вашыя пажаданні і стварае патрэбны дызайн, анімацыю і пераходы для слайдаў. Платная версія каштуе 12 даляраў у месяц.
Vizkom — гэта нейрасетка, якая генеруе мноства варыянтаў заканчэння вашага малюнка. Вам толькі трэба намаляваць там любы эскіз і націснуць «Generate». Увесь інтэрфейс праграмы на англійскай мове.
Maroofy — гэта цалкам бясплатны сэрвіс, які пры дапамозе штучнага інтэлекту і на аснове вашай любімай музыкі можа для вас стварыць ідэальны плэйліст. Дастаткова толькі пазначыць ваш любімы трэк, і нейрасетка адразу ж знойдзе ўсё максімальна падобнае па атмасферы, стылістыцы і гучанні. Бібліятэка сэрвісу налічвае 120 млн розных кампазіцый.
Fadr — яшчэ адна бясплатная нейрасетка, якая зможа падзяліць любы трэк на некалькі дарожак па вакале і па музычных інструментах. Гэта дазволіць цалкам разабраць арыгінал кампазіцыі і перасабраць яго ў што заўгодна.
А ў якасці бонусу: нейрасеткі Movie Deep Search, GiftasticAI і ChefGPT. Усе працуюць выключна на англійскай мове.
Праца
KickResume — гэта канструктар рэзюмэ для розных выпадкаў жыцця, у які ўкаранёны штучны інтэлект. Ён дапаможа хутка стварыць прывабнае, якаснае і прафесійнае рэзюмэ, толькі задаўшы вам некалькі пытанняў. У бясплатнай версіі можна скласці не больш за 5 рэзюмэ.
Sheet+ — гэта бясплатны сэрвіс, які пры дапамозе ChatGPT і тэкставых запытаў можа рабіць табліцы для вас у Excel і ў Google Sheets. Апроч гэтага, ён выпраўляе ў іх памылкі, дае тлумачэнні па сваёй працы і можа разумець рускую мову пры ўводзе інфармацыі.
OnlineOCR — гэта разумны канвертар, які можа здабываць тэкст з фатаграфій і ператвараць карцінкі разам з файламі PDF у фармат дакументаў Word ці Excel. Ён цалкам бясплатны, а таксама падтрымлівае беларускую мову.
Adobe — гэта бясплатны інструмент, які прыбірае ўсе фонавыя шумы з галасавых запісаў, што робіць гук больш якасным і насычаным. Нібыта, напрыклад, вы запісвалі свой голас у студыі, а не праз навушнікі.
NeuroDub — гэта нейрасетка, якая дазваляе натуральна перакласці цэлае відэа з адной мовы на любую іншую з 70 прапанаваных (беларускай, на жаль, няма). Працэс доўжыцца хвіліны, а ў бясплатнай версіі можна перакласці не больш за тры відэа.
YouTube Summary — гэта спецыяльнае пашырэнне для браўзера Google Chrome, якое дазваляе атрымліваць кароткі тэкставы змест з любога відэа на платформе YouTube. Для працы яно выкарыстоўвае ChatGPT, а таксама разумее мноства моў.
Спецыяльныя нейрасеткі для айцішнікаў:
- Codesnippets — генерацыя і аналіз праграмных кодаў пры дапамозе тэкставых запытаў і тэхналогіі ChatGPT-3. Ёсць бясплатны 7-дзённы перыяд.
- Adrenaline — праверка ўласнага праграмнага кода на прадмет памылак і недакладнасцяў. Можа працаваць у браўзеры альбо ў якасці дадатку (інструкцыя на англійскай мове па ўсталяванні).
- Interview Warmup — распрацаваная кампаніяй Google імітацыя прафесійнага інтэрв'ю з выкарыстаннем мноства тэхнічных пытанняў. Разумее толькі англійскую мову.
Каментары
прапаную наступным разам абіраць нейрасетку - тэксты генеруе лепш за стос прэс-сакратароў і есці асоба не просіць