Драўляны фалас змусіў інакш паглядзець на сэксуальнае жыццё старажытных рымлян
Даследчыкі мяркуюць, што адзіны фалас у натуральную велічыню, знойдзены ў Вялікабрытаніі 30 гадоў таму на месцы рымскага пасялення, мусіць, выкарыстоўваўся ў якасці сэксуальнай цацкі.
Яшчэ ў 1992 годзе пры даследаванні форта Віндоланда (Vindоlanda) у паўночнай Англіі, адной з далёкіх ускраін колішняй Рымскай імперыі, быў знойдзены драўляны прадмет фалічнай формы памерам каля 16 сантыметраў.
Ëн знайшоўся сярод такіх прадметаў хатняга ўжытку, як сталовыя прыборы, дробныя інструменты і кавалкі скуры, ён быў занесены ў каталог як інструмент для цыравання.
Праз 30 гадоў вучоныя з Кембрыджскага ўніверсітэта і Універсітэцкага каледжа Дубліна правялі даследаванне, вынікі якога апублікавалі ў часопісе Antiquity.
Вучоныя адзначаюць, што фаласы былі паўсюль у рымскай культуры. Яны сімвалізавалі сэкс, магію і абарону. Выявы іх можна пабачыць на фрэсках, мазаіках, скульптурах. Большасць археалагічна задакументаваных узораў фаласаў зробленыя з металу, каменю або косці, а часам і з керамікі. Фаласы былі розных памераў і форм.
Вучоныя іх знаходзілі ўсталяванымі ў розных месцах у грамадскіх і ў прыватных будынках. Але найбольш распаўсюджанымі былі фаласы, якія можна было насіць з сабой. Некаторыя з іх упрыгожвалі іншыя прадметы, прыкладам, нажы або падвескі. Аднак знаходка з Віндоланда, як адзначаюць даследчыкі, — першы вядомы ўзор фаласа з дрэва, знойдзены дзе-небудзь у рымскім свеце.
Вучоныя прапанавалі тры магчымыя інтэрпрэтацыі выкарыстання знаходкі ў старажытныя часы: выступаючы элемент (гермы, статуі або будынку), таўкачык, сексуальная цацка.
Выступаючы элемент
На думку вучоных, адной з магчымых інтэрпрэтацый выкарыстання драўлянага фаласа з Віндоланда з'яўляецца тое, што ён мог быць устаўлены ў іншы абʼект або паверхню. Так, круглая аснова фаласа можа шчыльна ўпісацца ў адтуліну.
Вучоныя дапускаюць, што фалас мог быць устаўлены ў герму. Вядома, што яна мела форму чатырохграннага слупа, завершанага скульптурнай галавой, першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва). Нярэдка да яе з пярэдняга боку прырабляўся фалас (з яечкамі або без). Фалас часам выразалі асобна і ўстаўлялі ў маналіт. Гермы сустракаліся па ўсім грэка-рымскім свеце. Часта размяшчаліся каля дзвярных праёмаў, дзе мінакі маглі дакрануцца да іх, каб атрымаць абарону.
Аднак, заўважаюць даследчыкі, знос асновы знаходкі, асабліва яе выпуклага канца, аднолькавы па ўсёй паверхні. Такое было б малаверагодным, калі б аснова была ўстаўленая ў разетку. Акрамя таго, згладжаны край, які адрознівае выпуклы канец ад бакоў асновы, сведчыць аб тым, што фалас неаднаразова здымалі і зноў устаўлялі.
Іншым варыянтам выкарыстання драўлянага фаласа, на думку вучоных, магло быць яго размяшчэнне з мэтай забеспячэння абароны ўваходу ў адзін з ключавых будынкаў унутры крэпасці, напрыклад, дома камандзіра, будынка штаба або збожжасховішча.
Яны заўважаюць, што адсутнасць выветрывання паверхні, сведчыць аб тым, што пры такім выкарыстанні фалас альбо захоўваўся ў памяшканні, альбо ў абароненым месцы, альбо, па меншай меры, не размяшчаўся на адкрытым месцы на працягу значнага часу.
Акрамя таго, адзначаюць даследчыкі, фалас мог быць прызначаны для ўстаўкі ў драўляную статую. У якасці аналогіі яны прыводзяць драўляную статую з гняздом, прызначаным для ўтрымання асобнага фаласа, знойдзеную сярод абломкаў гандлёвага судна пачатку першага стагоддзя нашай эры каля Марселя.
Таўкачык
Даследчыкі мяркуюць, што прадмет у форме фаласа мог таксама выкарыстоўвацца ў якасці таўкачыка для драбнення розных рэчываў.
Вучоныя сцвярджаюць, што форма прадмета магла дадаць нейкую магічную сілу або абарону да інгрэдыентаў, бо акт драбнення актываваў бы магію. Знаходка з Віндоланда магла выкарыстоўвацца для вырабу ежы, касметыкі, лекаў або мазяў.
Даследчыкі прыводзяць некаторыя прыклады выкарыстання таўкачыкаў і ступак для такіх мэтаў у рымскі перыяд. Яны таксама адзначаюць, што фаласападобны таўкачык не ўнікальны, аналагічныя прадметы былі знойдзеныя ў іншых культурах і перыядах.
Сэксуальная цацка
Вучоныя адзначаюць, што нельга адмаўляць магчымасці выкарыстання знаходкі ў якасці сексуальнай прылады, падобнай да тых, што мы сёння называем фалаімітатарамі або сэкс-цацкамі.
Аднак сам тэрмін «сэкс-цацка», заўважаюць даследчыкі, можа не адлюстроўваць гістарычную рэальнасць таго, як фаласы выкарыстоўваліся ў рымскім грамадстве.
Магчыма, іх выкарыстанне не мела выключна сэксуальнага характару і не было накіраванае на атрыманне задавальнення. Такія прылады маглі ўжывацца ў дзеяннях, якія замацоўвалі ўладу, напрыклад, над рабом яго (ці яе) ўладальніка.
Даследчыкі адзначаюць, што дапушчэнне аб тым, што фалас з Віндоланда выкарыстоўваўся ў якасці сэксуальнай прылады, дастаткова спрэчнае. Доказам маглі б служыць знаходкі слядоў змазачных матэрыялаў ці чалавечых выдзяленняў. Аднак яны не знойдзеныя.
Таксама незразумела, заўважаюць вучоныя, як менавіта знос можа выяўляцца на прадметах такога тыпу. На сёння не існуе даследаванняў гэтага. Трэба таксама ўлічваць адрозненні ў выкарыстанні падобных прадметаў прадстаўнікамі розных палоў і сэксуальнай арыентацыі.
У сувязі з гэтым, калі фалас з Віндоланда функцыянаваў як фалаімітатар, ён не абавязкова павінен быў выкарыстоўвацца для пранікнення. Замест гэтага, адзначаюць навукоўцы, такія дзеянні, як стымуляцыя клітара, маглі б лепш адпавядаць назіранай форме і зносу.
Арыгінальная 3D-мадэль знаходкі з Віндоланда была створаная Рысам Уільямсам (Rhys Williams) з Універсітэта Тысайда (Teesside University) і даступная для прагляду на Sketchfab.
Чытайце яшчэ:
«Муж сам папаўняе калекцыю». Беларускі расказалі, як у іх ложку з’явіліся сэкс-цацкі і якія
Каментары
https://nashaniva.com/314594