Грамадства1515

Хто тая вядоўца БТ, што бярэ інтэрв'ю ў палітвязняў і просіць іх выбачацца ў эфіры 

Нядаўна яна выпусціла два такіх інтэрв'ю — з былым актывістам «Еўрапейскай Беларусі» і «Моладзі БНФ» Арсенем Дзядком, які сядзіць на «хіміі», і Раманам Пратасевічам пасля ягонага памілавання. Расказваем, што гэта за жанчына і хто яе не просты муж.

Алеся Высоцкая вядзе інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам. Скрыншот з канала БТ

Гэтай радыкальна афарбаванай бландзінцы 45 гадоў. Родам Алеся Высоцкая з Докшыцаў. 

Пасля школы пераехала ў Мінск і паступіла на журфак БДУ. Пачынала невялікімі падпрацоўкамі ў газетах і на радыё, але адразу пасля ўніверсітэта ў 2000-м — гэта быў год пасля знікнення Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара — пайшла вядоўцай на дзяржаўнае тэлебачанне.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце яна выйшла замуж за Аляксандра Высоцкага (ніжэй мы раскажам, хто ён такі) і ўзяла ягонае прозвішча. 

Алеся Высоцкая на фоне ўласных рэгалій. Фота: яе сацсеткі

Узнагарод Высоцкая за 23 гады працы сабрала дастаткова. Да прыкладу, у 2014-м яе адзначылі на конкурсе «Тэлевяршыня». Яна рабіла фільм «Сацыяльныя клеці», які паказвалі на фестывалі «Еўразія.Док» у 2018-м. Таксама жанчына вяла рэпартаж з праўладнага жаночага канцэрта ў 2020-м. А ў конкурсе да Года народнага адзінства ў 2021-м атрымала прыз у намінацыі «Песні нашага краю».

Яна, сярод іншага, старшыня Саюза жанчын у Белтэлерадыёкампаніі, псеўдаграмадскай арганізацыі, аналага БРСМ для моладзі, толькі па палавой прыкмеце.

Цяпер Высоцкая робіць інтэрв'ю з палітвязнямі, якіх прымусілі выбачацца і каяцца. У інтэрв'ю паказаныя «шчаслівы» памілаваны Пратасевіч і «задаволены» Арсень Дзядок, якому за патрабаванне свабодных выбараў і сумленнага падліку галасоў прысудзілі тры гады «хіміі».

У Арсеня яна з'едліва пытаецца, «ці іншы смак чаю ў месцы несвабоды» і «ці могуць быць патрыётамі тыя, хто з'ехаў з Беларусі».

Запіс такіх відэа ў месцах пазбаўлення ці абмежавання волі курыруюць спецслужбы, пагражаючы спагнаннямі і ўзмацненнем пакарання або, наадварот, спакушаючы паляпшэннем умоў.

З Пратасевічам інтэрв'ю адбылося на наступны дзень пасля ягонага памілавання Лукашэнкам. Высоцкая ў кадры вядзе іншую гульню. Яна выслухоўвае суразмоўца нібы са спагадай, але мякка падводзіць да патрэбных высноў.

Алеся Высоцкая вядзе інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам. Скрыншот з канала БТ

«Вы згодны з прэзідэнтам, што гэта час магчымасцяў?» — пытаецца яна ў Пратасевіча пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі.

Чытайце таксама: Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў

У канцы гэтага сюжэта на фоне кадраў з горада гучыць спакойная музыка, нібы падкрэсліваючы, як «спакойна» жыць пры лукашэнкаўскай уладзе.

Аляксандр Высоцкі. Фота: газета «Саветская Беларуссія»

Муж у Высоцкай не просты. Ëн палкоўнік міліцыі. Мае медалі «За бездакорную службу» III і II ступеняў, а таксама ордэн «За службу Радзіме» III ступені.

Апошнюю яму ўрачыста ўручыў сам Аляксандр Лукашэнка. Тады палкоўнік Высоцкі быў начальнікам аддзела Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.

Пад яго кіраўніцтвам была канфіскаваная найбольшая ў гісторыі Беларусі партыя гераіну ў 550 кілаграмаў, якая мусіла пайсці з Афганістана ў Беларусь. «Гэтая аперацыя выратавала дзясяткі тысяч жыццяў не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Еўропы і Азіі», — сказаў тады Аляксандр Лукашэнка.

Пасля гэтага Высоцкага чакала павышэнне. Ëн стаў намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі выбары суправаджаліся нерэгістрацыяй і арыштамі праціўнікаў Лукашэнкі і назіральнікаў на выбарчых участках. Нягледзячы на гэта, Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. 

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. Сістэмны характар набылі катаванні палітзняволеных.

Ні пра што гэта ў сваіх праграмах Алеся Высоцкая не гаворыць. Яна абмяжоўваецца размовамі з тымі нешматлікімі палітвязнямі, каго сістэме ўдалося зламаць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Мая рэакцыя
    01.06.2023
    🤮
  • Іsta
    01.06.2023
    Мечык,
    Ня той Дзядок каб шкадаваць.
  • іж планета
    01.06.2023
    Мечык, Гэта не той Дзядок.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты2

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты

Усе навіны →
Усе навіны

Як выпадковае знаёмства ў гей-клубе скончылася гучным забойствам. Новыя дэталі па справе беларуса, які 25 гадоў таму зарэзаў прадзюсара ў Маскве6

У Беларусі за 5 тысяч рублёў прадаюць 200-рублёвую банкноту. У яе вельмі незвычайны брак1

У ЗША могуць запусціць рэаліці-шоу, дзе імігранты будуць спаборнічаць за грамадзянства3

Затрымалі адміністратара беларускай Вікіпедыі Максіма Лепушэнку5

Беларускі ВУП вырас на 2,8 працэнта, але тэмпы запаволіліся1

Для ўсіх дзесяцікласнікаў увядуць вучэбна-палявыя зборы35

У тыктоку пакістанцам рэкламуюць магчымасць атрымання дазволу на працу ў Беларусі. Але беларусы бачаць падвох адразу1

Карпянкоў заявіў, што 90% навабранцаў хочуць служыць па кантракце18

Расія выставіла Украіне восем умоў21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты2

Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць