Гісторыя33

«Я лічу, што Скарына наўмысна намаляваў так свой палец». Лекар-рэўматолаг назваў хваробу, якая магла быць у Францыска Скарыны

Адзін з вядучых беларускіх вучоных у галіне клінічнай медыцыны, лекар-рэўматолаг, прафесар Мікалай Сарока выказаў цікавую гіпотэзу, на што мог хварэць наш першадрукар Францыск Скарына. Для гэтага доктар уважліва вывучыў аўтапартрэт Скарыны з гравюры, надрукаванай у кнізе 1517 года, піша «Камсамольская праўда».

Доктар развіў сваю тэорыю ў брашуры «На што хварэў Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў», а вусна пераказаў яе ў лекцыі, размешчанай на ютуб-канале «Кніга Беларусі».

Мікалай Сарока нагадаў, што Скарына быў доктарам медыцыны.

«І кожны раз, узіраючыся ў гэтую гравюру, у гэты партрэт, узнікалі некаторыя думкі», — кажа прафесар.

Ён паглядзеў на аўтапартрэт з пункту гледжання лекара.

Аўтапартрэт Францыска Скарыны 1517 года

«Я звярнуў увагу на правую нагу, на палец, які тырчыць. Ну навошта ён пакінуў гэты палец? Гэта ж не фатаграфія, што пстрыкнуў і нічога не зменіш. Ён мог спакойна закрыць сваю нагу.

І ўзнікла ідэя, а ці не спецыяльна ён пакінуў гэты вялікі палец ступні, таму што ёсць хвароба, якая называецца падагра. І вось гэты палец — фактычна сімвал гэтай хваробы, таму што ў 70% людзей хвароба пачынаецца з запалення менавіта гэтага сустава ў вялікім пальцы ступні».

Хвароба геніяў

Мікалай Сарока не спыніўся толькі на вонкавым выглядзе першадрукара. Ён адзначыў і спадарожныя фактары, якія пацвярджаюць яго гіпотэзу.

Так, прафесар падкрэсліў, што хворыя на падагру ў большасці сваёй разумныя людзі. Ён прывёў даныя, што сярод геніяльных або блізкіх да геніяльнасці людзей хворых на падагру — 15—25%. Сярод геніяў-тытанаў іх амаль 50%.

Пакуль павышаную разумовую актыўнасць падагрыкаў тлумачаць тым, што мачавая кіслата структурна вельмі падобная да кафеіну і тэабраміну — вядомых стымулятараў разумовай актыўнасці.

Сапраўды, спіс геніяў-падагрыкаў уражвае: Бетховен, Калумб, Леанарда да Вінчы, Аляксандр Македонскі, Ньютан, Чэрчыль і г. д. У гэты ганаровы спіс можна дадаць і Францыска Скарыну.

«Падагрыкі — гэта звычайна людзі, якія не будуць ляжаць на канапе і чакаць, пакуль пенсію падвысяць або заробак дададуць, — з усмешкай заўважае Мікалай Сарока. — Гэта актыўныя, дзейныя людзі, якія імкнуцца самі ўсяго дамагчыся ў жыцці».

Яшчэ адзін медыцынскі факт: у арганізме звычайнага чалавека змяшчаецца 1 г мачавой кіслаты, а ў генія яе не менш за 20—30 г. Але гэта толькі адно з тлумачэнняў незвычайнасці такіх людзей, магчыма, ёсць нешта яшчэ, што робіць іх геніямі.

«Я лічу, што Скарына наўмысна намаляваў так свой палец»

І вось аўтапартрэт Скарыны з вялікім пальцам на ступні правай нагі.

«Я лічу, што Скарына наўмысна намаляваў так свой палец», — кажа прафесар Сарока.

Лекар звярнуў увагу, што ногі ў Скарыны стаяць на падстаўках. Ён паказаў некалькі карцін, дзе мастакі на розных карцінах малявалі падагрыкаў менавіта так: іх ногі стаяць на падстаўцы і яны чым-небудзь прыкрытыя або абгорнутыя.

Мастак намаляваў хворага на падагру, у якога нага ляжыць на падстаўцы. Скрыншот відэа ютуб-канала «Кніга Беларусі»

Чалавек, які пакутуе ад гэтай хваробы, перыядычна адчувае прыступы страшных боляў у нагах і днём, і ноччу.

«Ногі прыўздымалі, каб вянозная кроў менш застойвалася, тады боль памяншаецца», — працягвае прафесар.

Ён звярнуў увагу, што калі мастакі малявалі пісцоў, то іх ногі таксама маглі быць на падстаўках.

«Але калі паглядзець, то падстаўкі не такія высокія. І ў пісцоў ногі апушчаныя ўніз. Гэтыя падстаўкі былі для зручнасці. Яны не такія, як у Скарыны, — параўноўвае доктар. — Я ўжо не буду звяртаць увагу на тое, што і левая яго нага ў незвычайнай позе і правай рукі не відаць… Гэта хай пакуль застаецца без каментароў, таму што можна фантазіраваць і фантазіраваць…»

Унізе на аўтапартрэце намалявана, хутчэй за ўсё, пчала. А пры падагры Скарына мог выкарыстоўваць апітэрапію — лячэнне пчоламі.

Далей доктар звяртае ўвагу на факт з біяграфіі Скарыны. У 1535 годзе ён спыняе сваю выдавецкую дзейнасць, пераязджае ў Прагу і да 1539 года знаходзіцца на службе ў караля Фердынанда I як садоўнік. І раптам ён адыходзіць, бясследна знікае.

Каралеўскі сад у Празе, які існуе дагэтуль, закладзены з удзелам Скарыны. Фота: архіў Алеся Сушы

«Можна меркаваць, што хвароба яго давяла да такога стану, што ён сядзеў дома і паціху рыхтаваўся ў іншы свет. А пры падагры гэта бывае сурова. І сёння хворыя пакутуюць ад нырачнай недастатковасці, а ў той час гэта было часта», — кажа Мікалай Сарока.

Падагрыкі паміраюць у асноўным па дзвюх прычынах: інсульты і інфаркты, — а кожны трэці — ад нырачнай недастатковасці. І сёння відавочна, што падагра — гэта не толькі хвароба суставаў. Прафесар патлумачыў, што хвароба суставаў — адна з праяў падагры, а ўсе праблемы ўнутры: у сасудах, нырках і г. д. Падагра — гэта сістэмнае захворванне.

«За апошнія 30 гадоў распаўсюджанасць падагры павялічылася на 100%, што непрапарцыйна павелічэнню колькасці насельніцтва свету на 42% або павелічэнню чаканай працягласці жыцця. Прыкладна 42 мільёны дарослых людзей у свеце пакутуюць ад падагры, што больш чым удвая перавышае колькасць людзей, якія жывуць з рэўматоідным артрытам», — кажа прафесар.

Памёр Францыск Скарына меркавана ў 1551-м, але месца яго пахавання мы не ведаем. Мікалай Сарока заўважае, што ён выказаў сваю версію, і ёсць падстава шукаць далей.

«Можа быць, гэта фантазія, памылка. Але гэта дае падставу спецыялістам яшчэ пакапацца, хацелася б хоць што-небудзь знайсці пра хваробы Скарыны, але нідзе пра гэта ні слова».

Але цяпер ужо ёсць цэлая тэорыя дзякуючы важкаму слову прафесара Мікалая Сарокі.

Каментары3

  • пралупіце вочы
    17.06.2023
    Ну калі злева нібыта абматаная (правая) нага з вытыркнутым пальцам, то справа што, кукса ад левай нагі? Скарына аднаногі? – Гэта сенсацыя! Ужо ў тыя гады ў Эўропцы людзям з абмежаванымі магчымасцямі былі створаныя ўмовы для навучання ды працы!
  • Скарынавед
    18.06.2023
    Дзякуй, пасмяшылі
  • Цім
    18.06.2023
    Ці можна дзе пабачыць аўтапартрэт Казановы?

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы адказалі, які падарунак ад працадаўцаў іх найбольш бы парадаваў3

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?6

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →