Аскепкі даляцелі да дарогі: на будоўлі ў Гродне абрынуліся рыштаванні
У Гродне на будпляцоўцы ў раёне перасячэння вуліцы Кабяка і праспекта Янкі Купалы нечакана абрынуліся будаўнічыя рыштаванні. Рухнулі ўніз і блокі. Адбылося гэта 9 ліпеня.

Уся гэтая маса пашкодзіла агароджу пляцоўкі. Частка аскепкаў даляцела да тратуара, прыпынку грамадскага транспарту і дарогі. На шчасце, у гэты час там нікога не было, піша Newgrodno.by.

З-за чаго здарыўся інцыдэнт, пакуль няясна. Наўрад ці можна казаць пра ўмовы надвор'я. У той дзень у Гродне вецер хоць і быў, але моцным яго назваць складана. Магчыма, прычынай стаў чалавечы фактар ці «стомленасць» канструкцый.

Тут узводзяць гандлёвы цэнтр. Ён будзе аднапавярховым. Унутры плануюць размясціць вялікую харчовую краму і кавярню на 35 месцаў. Частку плошчаў адвядуць пад невялікія крамкі.

Каментары