Мова33

«Людзі чакаюць новых відэа, таму я не магу махнуць рукой і нічога не здымаць». Дзяўчына робіць беларускамоўныя каверы на знакамітыя песні і дзеліцца імі ў TikTok

32-гадовая мінчанка Марыя цяпер жыве ў Польшчы і працуе ў агенцтве нерухомай маёмасці. А яшчэ яна перакладае песні, якія асабліва кранаюць, на беларускую мову і запісвае каверы. Тое, што атрымліваецца, выкладае ў TikTok — і карыстальнікам падабаецца: у блога ўжо 11 500 падпісчыкаў, піша CityDog.io.

 Скрын відэа тыктоку спявачкі

— Канешне, мне вельмі хацелася б, каб мой блог пашыраўся, — прызнаецца ў гутарцы Марыя перад развітаннем з журналістамі. — Прыемна, калі публіка расце, калі ёсць людзі, якія дзякуюць за беларускую мову: «Мне здавалася, што гэта калхозная мова, а тут вы спяваеце — і гучыць так прыгожа».

Лічу, што ў першую чаргу такі кантэнт прасоўвае беларускую культуру і мову, бо пасля праслухоўвання кавераў многія пачынаюць цікавіцца і тым, і іншым. Таму не магу сказаць, што дзейнасць у TikTok для мяне проста хобі, якое прыносіць задавальненне.

Пра каверы, якія выстралілі: «Мне пісалі: «Што вы крадзеце нашы песні?»

Марыя кажа, што ніякага спіса песень, на якія яна хацела б зрабіць каверы, няма. Проста слухае музыку ці глядзіць відэа ў TikTok — і калі чуе кампазіцыю, якая кранае і натхняе, адразу бярэцца за пераклад.

— Нават калі песня вельмі папулярная, але ніяк мяне не чапляе, я не буду яе браць у працу. Таму што, калі я спяваю, мне трэба адчуваць свае хваляванні і эмоцыі. Перакладаць таксама трэба ў момант, пакуль ёсць натхненне, бо інакш настрой прападзе — і я зраблю відэа толькі праз некалькі месяцаў.

Канешне, час гэта ўсё забірае (пасля перакладу трэба запісаць аўдыя, а потым — відэа): можна і паўдня патраціць на ўсё. Але зноў жа, калі ёсць натхненне, гэта ўсё дзеля забавы, ніколі не раблю відэа проста, каб зрабіць, ці дзеля папулярнасці, каб яно завірусілася.

— А якія з кавераў усё ж завірусіліся?

— Самы папулярны — на ўкраінскую народную песню «Парова машина». Неяк так выйшла, што і спеў, і музыка, і відэа — усё разам мне здавалася трохі крынжовым. Але, як высветлілася, шмат каму гэта вельмі зайшло. Ну і без хэйтараў не абышлося — некаторыя карыстальнікі сацсеткі пісалі: «Што вы крадзеце нашы песні?» Я адказвала, што аўтары арыгінала падпісаныя, што гэта проста пераклад — ніхто не казаў, што гэта наша песня.

Яшчэ заляцела песня «Крылы» гурта Nautilus Pompilius, за якую мне дужа моцна прыляцела ад гледачоў: пісалі, што гэта песня чалавека, які падтрымлівае вайну. Але я тлумачыла, што гэта кампазіцыя, якая была запісаная гадоў з 20 таму, а то і больш, усё жыццё мне падабалася (яна, а не аўтар). Але, нягледзячы на хэйтараў, гэты кавер адзін з самых папулярных.

Таксама добра пайшлі песні «Монеточки» — яна нават пад імі сама адзначылася: пад каверам «Папина любовница» пакінула каментарый, а «Нимфоманку» выклала ў сябе ў сторыс. Канешне, гэта таксама вельмі прыемна.

«Папина любовница» мне, дарэчы, самой вельмі падабаецца: шмат сваіх сіл уклала ў гэта відэа — доўга здымала яго, доўга мантавала. І самой мне яшчэ з апошніх падабаецца «Серебро» «Бі-2», бо так душэўна атрымалася.

Як Марыя звязалася з музыкай: «Усе спявалі па нотах, а я сальфеджыа не ведала»

Па адукацыі Марыя — псіхолаг, сямейны і юрыдычны, яе асноўны напрамак — эфектыўная камунікацыя. А вось музычнай адукацыі ў жанчыны няма, нягледзячы на тое, што спявае яна з самага дзяцінства і жыве вакол музыкі: бацька граў у гурце, яе брат і муж — музыканты.

— Некалі я нават не ведала, што ў мяне ёсць слых. Прыкметна гэта стала толькі ў школе, калі мая настаўніца музыкі пачала працаваць са мной. А потым голас мне паставілі ў Белтэлерадыёкампаніі, куды я прыйшла ў годзе 2000-м на праслухоўванне ў хор: прапанавала схадзіць туды мая сяброўка, якая прафесійна займалася вакалам.

Было, канешне, цяжка: усе спявалі па нотах, а я сальфеджыа не ведала. Але, нягледзячы на гэта, у хор мяне ўзялі: спявала ў ім некалькі гадоў. З таго часу пастаянна набіралася досведу, спявала ў эстрадных студыях — музыкай займаюся на працягу ўсяго жыцця. Быў, праўда, час, калі крыху выпала са спеваў, больш займалася фітнэсам і танцамі, але потым усё роўна вярнулася да гэтага.

А ў 2022 годзе пачала весці тыкток: хацела падзяліцца сваёй творчасцю, а Instagram як пляцоўка мне не дужа падабаўся. Калі я толькі пачынала, у мяне быў не вельмі добры эмацыйны стан — і творчасць дапамагала яго палепшыць.

— Падпісчыкі з’явіліся адразу?

— Вой не, зусім не адразу (смяецца): набраць першую аўдыторыю вельмі цяжка. Беларускамоўны кантэнт на той момант у TikTok толькі з’яўляўся, таму ўсё адбывалася паступова. Мне здаецца, што першую тысячу падпісчыкаў я назбірала прыкладна праз паўгода ці нават болей. І ўжо потым усё пайшло хутчэй.

— Як думаеце, на чым атрымалася выстраліць?

— На каверах. Спачатку я выкладала не толькі песні, але і проста смешныя відэа, але зразумела праз час, што людзям больш падабаюцца каверы, — і зрабіла акцэнт на іх. А не так даўно мы з AP$ENT сумесна запісалі песню Mroja: пазнаёміліся з ім праз TikTok пасля таго, як я зняла дуэт і кавер на яго песні. Ён сам прапанаваў зрабіць такі сумесны праект.

Песня выйшла прыкладна месяц таму — і завірусілася ў сеціве; цяпер яе можна паслухаць на ўсіх пляцоўках. Гэта справа таксама пашырыла маю аўдыторыю.

Пра пераклады: «Калі рабіць прамыя пераклады, гэта будзе падобна, хутчэй, да прозы, а не да песні»

Марыя і да таго, як пачала запісваць каверы, сама пісала песні, іграла на гітары. А калі прыйшла ў TikTok, убачыла, што ніхто актыўна не робіць пераклады на беларускую мову, — і заняла гэту нішу: сама перакладае, сама запісвае відэа.

— Было, праўда, некалькі разоў, калі гэта рабіла не я: мне проста прапаноўвалі пераклад (на песні «Бі-2» «Варвара», AP$ENT «Цемра», «Парова машина»), і я ўжо з ім запісвала кавер. Пра гэта я заўсёды папярэджваю ў апісанні да відэа. Усе астатнія пераклады цалкам мае.

 

Бываюць, канешне, у гэтай справе і складанасці, і памылкі, якія я заўважаю, калі ўжо выклала відэа, — і такая «ё-маё»… Так як пераклады я раблю не толькі з рускай мовы, але з украінскай і англійскай, то амаль заўсёды сутыкаюся з якімі-небудзь цяжкасцямі: напрыклад, калі фанетычна па-рознаму будуюцца сказы, трэба змяняць словы арыгінала і пісаць новыя радкі цалкам.

Нават бываюць сітуацыі, калі падпісчыкі пішуць мне ў каментарыях: «Гэта іншыя словы, так нельга». Я заўседы тлумачу, што гэта не пераклад — гэта кавер з адаптацыяй. Калі рабіць прамыя пераклады, гэта будзе падобна, хутчэй, не да песні, а да прозы.

— А вы раіцеся з кім-небудзь наконт перакладаў?

— Вельмі рэдка. Канешне, гэта не зусім добра — трэба было б, каб у працэсе ўдзельнічалі больш экспертныя людзі. Але я прызвычаілася да таго, што ўсё жыццё раблю тое, што мне трэба, сама.

— Даўно вы карыстаецеся беларускай мовай у жыцці?

— Я цікавілася беларускай мовай з дзяцінства — яшчэ калі ездзіла ў вёскі: у адной, якая знаходзіцца за 60 кіламетраў ад Віцебска, жыхары размаўлялі на рускай мове, а ў другой (таксама ў Віцебскай вобласці) — на беларускай. І прычым было шмат тых, хто карыстаўся не трасянкай, а чыстай мовай. І мне гэта вельмі падабалася: нават прасіла сваіх бацькоў аддаць мяне ў беларускамоўную школу. Але ў 90-я гады з гэтым было даволі напружана, таму пайшла ў школу з англійскім ухілам.

 

І там заўсёды маімі любімымі прадметамі былі менавіта беларуская мова і беларуская літаратура: шмат чытала, вучыла вершы. Але пры гэтым маё асяроддзе было ў асноўным рускамоўнае. Цалкам на беларускую мову перайшла ў 2022 годзе, але пры гэтым у мяне няма вострых прынцыпаў наконт мовы. Калі я разумею, што чалавеку зручней на рускай, то камунікуем з ім на рускай.

— Калі вярнуцца да TikTok, гэта дзейнасць прыносіць вам грошы?

— Грошай гэта не прыносіць. Ніколі такой мэты і не было. У першую чаргу мне хацелася выказацца, хацелася спяваць. Мне здаецца, там можна зарабляць, калі ты вялікі блогер, калі ёсць хаця б 100 000 падпісчыкаў. А такой невялікай і тым больш беларускамоўнай суполцы ў TikTok нерэальна атрымліваць грошы — патрошку набіраем сваіх падпісчыкаў.

Пры гэтым не магу сказаць, што дзейнасць у TikTok для мяне — проста хобі. У пэўны час унутры з’явілася адчуванне, што ў мяне перад падпісчыкамі ёсць нейкі абавязак: людзі чакаюць новых відэа, таму я не магу махнуць рукой і нічога не здымаць. Ёсць такое.

Каментары3

  • ЯНКА
    18.07.2023
    Прыгажуня🌷, што казаць!
  • Aresa
    19.07.2023
    Pryjemna, što vy nie kidajecie našu movu, dziakuj.
  • Кек
    19.07.2023
    Дзякуй
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды9

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Усе навіны →
Усе навіны

Суд адправіў у калонію віцебскага турэмнага блогера

Чаму сала ў Беларусі даражэйшае за мяса? Патлумачылі фермеры4

Стала вядома, калі скончаць рэканструкцыю кінатэатра «Масква» ў Мінску2

Фэйкавы міліцыянер запалохвае беларусаў з дапамогай партрэта Лукашэнкі3

Наколькі хуткі ваш кішэчнік? Кукуруза дапаможа гэта праверыць3

Лукашэнка атрымаў віншаванне з «перамогай» на выбарах ад прэзідэнта Грузіі5

Кітай пачаў прапаноўваць краінам сваё фінансаванне замест USAID23

Зяленскі заявіў, што прапануе Расіі занятую УСУ частку Куршчыны на абмен5

Прызналі «экстрэмісцкай» выяву «Мёртвая галава»6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды9

У Мінску знік вядомы прарасійскі блогер і госць лукашэнкаўскай прапаганды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць