З дракарам і іншымі сюрпрызамі. Як адсвяткавалі Багач у Наваполацку ФОТА
У Наваполацку прайшло свята нацыянальнай культуры «Вераснёвая палітра». Гасцей запрасілі на цікавую, разнастайную праграму, нестандартным пралогам да якой стала сустрэча дракара. На старажытным караблі часоў вікінгаў па Двіне на месца падзеі прыплыла каманда сяброў «Полацкага звязу». І гэта быў не адзіны сюрпрыз, падрыхтаваны арганізатарамі, піша gorod214.by.
«Вераснёвую палітру» навапалачане прымеркавалі да старажытнага народнага свята Багач, якім у беларусаў завяршаўся цыкл вырошчвання ўраджаю. У гэты дзень было прынята падсумоўваць зробленае, дзякаваць прыродзе за яе шчодрыя дары, ладзіць святочны стол і радавацца вынікам сваёй працы.
Багачом называлі лубок з жытам, усярэдзіну якога ўстаўлялася свечка. Запаліўшы свечку, жыхары вёскі з песнямі насілі Багач ад хаты да хаты. Зерне сімвалізавала ўрадлівасць, жывы агонь — жыццядайную сілу сонца, а рытуал быў скіраваны на захаванне дабрабыту, ураджайнасці, сямейнага ладу.
Народная традыцыя, як кажуць навукоўцы, мае ўніверсальны характар. Незалежна ад часу і месца пражывання, людзі хочуць атрымліваць плён ад свае працы, імкнуцца да шчаслівай долі, заможнасці, дабрабыту. Таму свята застаецца актуальным і сёння, а элементы старажытнага абраду аднаўляюцца да нашых дзён.
Гэтым разам культурную праграму «Вераснёвай палітры» распачаў полацкі фальклорны гурт «Варган». Атмасферу старажытнасці дапамагалі ўзнавіць сябры клубаў гістарычнай рэканструкцыі Vargentorn і «Чорны Война», тэатра гістарычнага касцюма «Полацкі звяз».
На свяце можна было пазнаёміцца з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, падсілкавацца стравамі нацыянальнай кухні, купіць арыгінальныя сувеніры на кірмашы рамеснікаў, паслухаць старадаўнія песні і ад душы патанчыць пад скрыпку і дуду.
Усе, хто завітаў тым днём у гарадскі парк Наваполацка, узбагаціліся ведамі, натхненнем, пазітыўнай энергіяй, адчуваннем далучанасці да тысячагадовых традыцый сваёй зямлі.
«У нашых камбайнах не толькі збожжа». На «Дажынках» у Ганцавічах людзей частавалі цукеркамі незвычайным спосабам
«Прыйшоў Багач, кідай рагач». Як пад Мінскам адзначылі свята збору ўраджаю
«Культура Беларусі вельмі падобная да традыцый роднай Афрыкі». Іншаземны танцор, які жыве ў Мінску, расказаў, за што любіць Беларусь
Каментары