«Часта здараюцца вельмі цікавыя рэчы» — Купрэйчык пра службовыя раманы ў міліцыі
Былы сілавік, а цяпер супрацоўнік «Белпола» Мацвей Купрэйчык у чарговым выпуску канала «Ток» расказаў, ці бываюць службовыя раманы ў міліцыі, дзе хаваў сваю форму падчас звальнення ў горад, заробкі ў міліцыі і «Белполе», ператрусы ў сваякоў, патлумачыў, чаму былыя сілавікі заўсёды «ў белым паліто», і раскрыў падрабязнасці палітычнай справы, якую яму даручылі.
Як успрымаюць людзі чалавека ў форме
Мацвей згадвае, што калі ён толькі паступіў вучыцца ў Акадэмію МУС, ён ганарыўся тым, што носіць форму: «На першым курсе, калі ў мяне было звальненне ў горад у форме, я ганарыўся. Гэта быў 2012 год.
Выходзіш па форме ў горад і падаецца, што ўсе на цябе глядзяць. Ты ззяеш, блішчыш. А з другога курса я пачаў хаваць форму ў пакет у магазіне «Акіян» ля Акадэміі. Там ёсць ячэйкі. Я заходзіў у магазін. У прыбіральні пераапранаўся ў цывільнае і хаваў у ячэйкі форму. Не ведаю чаму. Сорамна было».
Па словах мужчыны, падчас вучобы ў Акадэміі МУС у яго была дзяўчына, «якая да гэтага ставілася абсалютна роўна. Ёсць форма, няма. Зусім не важна. Галоўнае, які чалавек».
Ці бываюць службовыя раманы ў міліцыі
На пытанне аб службовых раманах у міліцыі Мацвей адказвае:
«Гэта кепская рыса міліцыі. Там не тое, што службовыя раманы. Шмат што здараецца, калі людзі знаходзяцца разам на дзяжурстве. Шмат здараецца. Гэта такое сабе… Вельмі часта здараюцца вельмі цікавыя рэчы. Я ў такіх удзелу не браў, калі што».
Але падрабязнасцяў Купрэйчык не стаў распавядаць.
Пра заробкі
Мацвей Купрэйчык згадвае, што яго заробак на пачатку працы ў міліцыі складаў 1100 рублёў. А апошні заробак перад звальненнем праз тры гады склаў 1162 рублі. Адносна заробку ў «Белполе» мужчына заўважае:
«Я б не назваў гэта заробкам. Гэта грошы на тое, каб хапіла на арэнду жылля і купіць нешта паесці. Гэта каля тысячы даляраў», — кажа Купрэйчык.
На гэты момант, па словах мужчыны, «Белпол» зарэгістраваў фонд і вядзе пошук фінансавання. «У нас ужо ёсць пэўныя дамоўленасці з міжнароднымі партнёрамі. Яны паглядзелі, чым мы займаемся і патрэбны пэўны час для таго, каб яны ацанілі нашу прапанову і адказалі, ці згодныя. Магчыма, трэба будзе нешта змяніць у фінансаванні. Таму чакаем адказу».
Пра ператрусы ў сваякоў
У 2021 годзе да бабулі Мацвея Купрэйчыка прыйшлі з ператрусам, пасля — да маці і да сястры.
Мацвей згадвае, што з канфіскаванага тэлефона яго маці яму званіў «той самы любімы таварыш з ГУБАЗа Ваня Тарасік».
«Яны зрабілі дурасць, думаючы, што мы не зрабілі запісу. Яны нарэзалі яго, як ім зручна, і выклалі ў сеціва: «Вось Купрэйчык, здраднік для бэчэбэшнікаў. Вось ён супрацоўнічае з ГУБАЗ». Тады мы ў адказ на гэта выклалі поўны запіс, дзе ўсё добра зразумела, хто на чыім баку, і даюцца ўсе адказы на пастаўленыя пытанні».
Як згадвае Купрэйчык, званок адбыўся падчас яго знаходжання ў офісе арганізацыі: «Вялікі стол. Увесь калектыў сядзеў за адным вялікім сталом. І мне званок. А да гэтага хвілін за дваццаць я атрымаў інфармацыю, што мая мама, сястра і бабуля затрыманыя. ГУБАЗ іх на мікрааўтобусе некуды звёз.
І тут з тэлефона маёй мамы званок. Я разумею, што гэта не можа быць яна. Мы адразу ўключылі дыктафон. Там нават, калі прыслухацца, можна пачуць голас Алега Талерчыка, як ён мне падказвае. А ў некаторых момантах яшчэ і Ігар Лобан падказвае», — згадвае Купрэйчык.
Па словах Мацвея, ён некалькі разоў прапаноўваў сваім бацькам выехаць, але яны адмовіліся. «У нас з імі была дамова, калі іх усё ж такі забіраюць, то яны могуць гаварыць пра мяне ўсё што хочуць, толькі для таго, каб іх не «закрылі». Любыя інтэрв'ю. На БТ, на АНТ, куды хочаце. Але яны павінны разумець, што ўсе кантакты з таго моманту будуць цалкам абарваныя, бо бацькі будуць пад пастаянным кантролем. Яны на гэта пагадзіліся».
Мацвей Купрэйчык адзначае, што ў глыбіні душы не мог перажыць таго, што да іх могуць прыйсці. І ў лістападзе 2022 года адбыўся адзін цяжкі момант. «Да бацькоў у чарговы раз заявіліся так званыя «супрацоўнікі». Яны сказалі, што супраць маці заяўленая крымінальная справа за ўдзел у плане «Перамога».
Але самы цікавы момант у тым, што ў маёй мамы ніколі не стаяў тэлеграм на тэлефоне, які патрэбны для таго, каб устанавіць план «Перамога». Ну і як гэта ўсё патлумачыць? Яны пачалі правяраць. Усталявалі самі тэлеграм. Пачалі самі глядзець, пабачылі, што ён абсалютна пусты, што нічога ніколі не было. Што гэта абсалютна новы акаўнт.
Яны забралі яе тэлефон і тэлефон бацькі. Сказалі: «Чакайце. Мы заўтра прыедзем». У іх зламаўся «скрыпт», што трэба рабіць. Але яны забралі тэлефон. Як толькі яны зʼехалі, на мяне выйшаў бацька (быў тэлефон, які быў схаваны для экстраннай сувязі).
Ён патлумачыў сітуацыю, і я зразумеў, што чакаць нельга. Яны выехалі па пэўным маршруце ў трэцюю краіну. Там зрабілі візу, якую чакалі каля чатырох тыдняў. Гэта быў час, як на іголках. Мне давялося пазычаць шмат грошай, бо білеты вельмі дорага каштавалі. Цяпер яны жывуць у Польшчы».
Па словах Мацвея, сястра з мужам выехалі раней: «Сястра таксама нармальна засвяцілася. У яе характар нечым падобны да майго. Яна не глядзіць, хто там стаіць перад табою. Для яе ўсе роўныя і яна там дзёрзка размаўляла з ГУБАЗам. Ёй пагражалі, што дзяцей забяруць. І ператрус у яе ў кватэры быў. Рэчы ламалі».
Сястра і маці Мацвея працавалі ў школе: «Маці была дастаткова каштоўным супрацоўнікам. І яе яшчэ дастаткова доўга адстойвалі і не хацелі звальняць. А бацьку пасля таго, як мы 20 кастрычніка 2020 года публічна заявілі, што ствараем Байпол, у студзені сказалі «да пабачэння». З сястрою гэта працягнулася месяцаў з восем. А маці працавала да апошняга».
Пра датычнасць экс-сілавікоў да сістэмы
Па словах вядучай Насты Роўды, часта можна падумаць, што «экс-сілавікі ўвогуле не былі датычныя да сістэмы: «Яны заўжды «ў белым паліто», героі і не маюць ніякіх чорных плямаў у біяграфіі. Ці правільна гэта? Таму што, калі кантактаваць і размаўляць з сілавікамі ўнутры сістэмы, ці не важней быць максімальна шчырымі, каб тыя людзі там, якія ведаюць тое, што, можа, мы не ведаем, глядзелі вам у вочы і верылі вам і хацелі далучацца, таму што разумелі, што ўсё так, як вы кажаце, паўсюль праўда. І не было такога, што вы цалкам сябе адарвалі ад гэтай сістэмы, нібыта вы ніколі не былі да яе датычныя».
Купрэйчык на гэта адказаў: «Таму дагэтуль у «Белпола» ёсць крыніцы ў Беларусі. Мы ведаем, што адбываецца ў такіх месцах. Проста не ўсё можна расказваць у мэтах бяспекі тых людзей, што там знаходзяцца. Інфармацыя, як гаворыцца, мае адляжацца».
Па словах былога сілавіка, «не можа быць так, каб супрацоўнік, які адпрацаваў у органах, увогуле быў бы ні да чога не датычны».
Пра палітычную справу
Гаворачы канкрэтна пра сябе, Купрэйчык заўважыў, што яму давалі «тыпу палітычную справу», але ён яе спісаў. Ён сцвярджае, што памятае прозвішча і імя чалавека, на якога гэта справа была, і «няхай падымуць архіў і паглядзяць».
Згадваючы акалічнасці той справы, Купрэйчык распавядае: «Ва ўсіх сацыяльных сетках чалавек выстаўляў карцінкі з БЧБ-сцягамі. На той момант ён навучаўся ў ЕГУ і каля пяці гадоў не жыў у Беларусі. На яго старонцы ў «ВКонтакте» былі парнаграфічныя ролікі.
Інфармацыя прыйшла з КДБ, што вось такі чалавек распаўсюджвае парнаграфію на тэрыторыі Беларусі. Насамрэч тут склад злачынства — у яго ў адкрытым доступе на старонцы вісяць парнаграфічныя ролікі. Там быў вельмі цікавы ролік. Але ў яго ўсюды было БЧБ, і даслаў гэтую інфармацыю КДБ. Таму тут усё відавочна. Я паехаў у інтэрнат. Апытаў людзей, вахцёрку. Чалавек пяць гадоў не жыве. Вярнуўся і спісаў матэрыялы ў справу».
Глядзіце цалкам:
Каментары
Яна здаўна ненавідзела рэжым
Пачуцьце ўспыхнула ў гарадзкой турме
Калі на допыт ён выклікаў яе