Грамадства88

«Атрымліваю 600 рублёў на месяц як ахоўнік на аўтастаянцы». Як выжывае былы праваабаронца Алег Волчак

Былы следчы пракуратуры і праваабаронца гатовы ўладкавацца нават нянькай, а таксама ўзяцца за любую іншую працу ў Мінску ці іншых беларускіх гарадах. Таму што жыць на 600 рублёў вельмі няпроста. Крутыя павароты лёсу з Алегам Волчакам абмеркавалі «Кулуары».

Алег Волчак

— Алег, ведаю, што да нядаўняга часу ў вас была праваабарончая арганізацыя. Вы таксама актыўна працавалі ў кіно і рэкламе. Памятаю, у роліку для аднаго з беларускіх банкаў разам з Дар'яй Домрачавай зняліся. І на адсутнасць фінансаў ніколі не скардзіліся.

— Сёння я багаты духоўна, але жабрак у матэрыяльным плане. Духоўная галеча, дарэчы, значна небяспечнейшая за матэрыяльную. І галоўнае — захаваць сваю душу і асобу.

Часам выязджаю ў паломніцкія туры. Быў у пустынях Амерыкі, ездзіў на Афон, пабываў у многіх еўрапейскіх кляштарах. Гэта дае мне сілы.

Што тычыцца працы, то я ахоўнік на аўтастаянцы. Атрымліваю 600 беларускіх рублёў у месяц. Доўга спрабаваў знайсці працу ў самых розных сферах, звяртаўся ў розныя арганізацыі. Хоць у мяне няма ні адміністрацыйных, ні крымінальных правапарушэнняў, мне адмаўляюць у працаўладкаванні. Без тлумачэння прычын.

Магчыма, адбілася мая праваабарончая дзейнасць. Магчыма, мяне ўнеслі ў нейкія спецыяльныя спісы…

— Але ў вас жа была арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву»…

— Яна была зарэгістраваная ў Кіеве, яшчэ пры Віктары Януковічу. А пры Уладзіміру Зяленскім яе закрылі. Усё, што звязана з беларусамі, ва Украіне цяпер складаная тэма. Там стала немагчыма працаваць з беларускім пашпартам.

Паводле маіх звестак, многія беларусы, якія даўным-даўно пераехалі ва Украіну і доўгія гады развівалі там свой бізнэс, вымушаныя былі адтуль з'ехаць. Частка з іх, дарэчы, вярнулася ў Беларусь. Некаторыя звяртаюцца да мяне па кансультацыі, таму што трэба аднавіць тут нейкія правы, вырашыць розныя пытанні.

У найбліжэйшы час, думаю, здарыцца вялікі пераезд украінцаў з Еўропы да нас. Еўрапейцы даюць ім прытулак на момант ваенных дзеянняў, на некаторы час. А калі вайна скончыцца, мякка і карэктна прапануюць вярнуцца на радзіму. Нельга выключаць, што частка з іх паедзе ў Беларусь. І да гэтага трэба быць гатовым. Таму што розныя людзі могуць прыехаць.

— Пакуль з Беларусі, мабыць, больш з'язджае людзей, чым вяртаецца.

— Звальняюць тых, хто ў 2020 годзе паставіў подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, выходзіў на мітынгі. Гэтыя людзі не могуць знайсці нармальную працу, хоць вакансій быццам бы шмат. А Еўропа і Амерыка толькі радыя атрымаць нашых кваліфікаваных спецыялістаў.

І гаворка не толькі пра айцішнікаў, але і пра тых, хто звязаны з машынабудаваннем, штучным інтэлектам, навукай. Беларусы проста ўмацавалі эканомікі іншых краін. А колькі сродкаў укладзена ў адукацыю спецыялістаў, якія з'ехалі! Многія беларусы ведаюць некалькі моваў, уключаючы кітайскую. І запатрабаваныя. Але, на жаль, не ў нас.

— Чым вы зараблялі на жыццё пасля закрыцця арганізацыі?

— Былі разавыя падпрацоўкі. Напрыклад, дапамагаў купляць за мяжой запчасткі для імпартнай сельгастэхнікі. З часам тэхніка зношваецца, патрэбныя запчасткі, расходнікі. Праз санкцыі іх стала немагчыма купіць у Беларусі. Я ездзіў у Еўропу, знаходзіў патрэбны тавар, затым у Вільні перадаваў яго зацікаўленай асобе, і сёе-тое на гэтым зарабляў.

Сёння з гэтым стала складаней. Межы фактычна зачыненыя, самалёты не лётаюць. І калі я магу выехаць, то для многіх іншых гэта вялікая праблема. Візу шэнгенскую не ўсе могуць атрымаць. Большасць беларусаў апынулася за жалезнай заслонай.

Па старой памяці некаторыя яшчэ звяртаюцца да мяне як да юрыста з рознымі жыццёвымі пытаннямі. Дапамагаю, але гэта ўсё бясплатна. Практыкі юрыдычнай не вяду.

— У Беларусі жыццё падаражэла. У краме за набор прадуктаў без асаблівых далікатэсаў пакідаеш мінімум 50 рублёў.

— Я цяпер жыву ў доме ў Фаніпалі. Вяду вельмі сціплы лад жыцця. Умею ашчаджаць. Ведаю, як кашу зварыць правільна. Як зрабіць бліны. Як з гарбуза адціснуць сок, прыгатаваць суп, а з рэшткаў — спячы пірог. І адкідаў у мяне практычна не застаецца.

Жыццё прымушае круціцца. Не так даўно спрабаваў машыну прадаць, але яна нешта завісла. Прыгнаў яе з Францыі. На продажы можна легальна зарабіць 1500-2000 даляраў. Я вельмі разлічваў на гэтыя грошы, але пакуль вось не прадаецца.

Улетку збіраў і здаваў металалом. Касіў траву. Фарбаваў платы. Сядзеў з дзецьмі. Між іншым, калі камусьці трэба паглядзець за дзецьмі — з задавальненнем магу дапамагчы. Хоць на пару гадзін, хоць на цэлы дзень. Магу пагуляць, прыгатаваць, накарміць. Я выкарыстоўваю ўсе шанцы, бяруся за любую працу.

— Вас, напэўна, не раз пыталіся: чаму не з'язджаеце?

— Хачу жыць у Беларусі. Гэта для мяне прынцыпова. І я ведаю, як няпроста тым, хто з'ехаў. У некаторых моцная дэпрэсія. Хтосьці кажа, што ўсё добра, але насамрэч псіхалагічна вельмі складана.

Мне кажуць: маўляў, едзь, пасля выбараў будзе толькі горш. Але я хачу застацца тут. Ды і навошта аддаваць 500 еўра за старую аднапакаёвую кватэру ў Літве, калі ў мяне ёсць нармальнае жыллё ў Беларусі? Гэтыя грошы там яшчэ і зарабіць неяк трэба…

Мне здаецца, сёння трэба максімальна спрасціць працэдуру вяртання беларусаў на радзіму. Трэба аб'яднаць нацыю.

Хтосьці ўсміхнецца: з кім аб'ядноўвацца? Пачнем з сем'яў. Бо ў многіх, хто з'ехаў, тут засталіся бацькі, якія не могуць атрымаць візу, не могуць абняць сваіх дзяцей. Гэта трагедыя! Трэба спыніць адток людзей. Даць магчымасць працаваць тым, каго звольнілі з-за палітычнай нядобранадзейнасці.

Я адкрыта кажу еўрапейцам, што санкцыі — гэта ўжо мінулае стагоддзе. Беларускі бізнэс хутка да іх адаптаваўся. Юрысты малююць усе схемы, як прывезці тавар, паменшыць яго кошт…

— Некаторыя лічаць, што з прыходам Трампа свет зменіцца…

— Мне ён, дарэчы, падабаецца як акцёр. У адным з нядаўніх выступаў Трамп сказаў, што галоўны начальнік на зямлі — гэта Бог. Мабыць, таму яго падтрымалі і пратэстанты, і баптысты. Ён шмат кажа пра духоўныя каштоўнасці. Ну, а як будзе — пабачым, палітыка ёсць палітыка.

Дарэчы, я стаў значна менш чытаць навіны. Выйшаў амаль з усіх тэлеграм-каналаў. Па-першае, гэта пытанне бяспекі. Кожны тыдзень нейкія рэсурсы прызнаюць забароненымі, за гэтым немагчыма ўсачыць! Па-другое, стаміўся ад недакладнай інфармацыі, ілжэсведчанняў, абразаў, злосці і нянавісці, якія транслююцца ў розных СМІ. Гэта свайго роду інфармацыйная радыяцыя, якая разбурае арганізм. А тысячы людзей гэта ўцягваюць у сябе.

Многія пайшлі ў віртуальны свет. Не кожны можа аналізаваць тое, што адбываецца ў рэальнасці. Мне сябар кажа: «Некалькі гадзін правёў за камп'ютарам, навіны глядзеў». Ну, паглядзеў. Вы можаце выправіць сітуацыю? Не. Але ты забіваеш сябе, свой час. Начытаешся дрэнных навін — упадаеш у роспач. А гэта адзін з самых страшных грахоў.

Я лепш Біблію пачытаю. Там сказана, што калі робіш дабро — яно абавязкова вернецца. Нават праз тваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў. Таму кожны дзень мы павінны пражываць набожна.

— Раней вы ў кіно здымаліся. І зараблялі на здымках.

— У нас здымалася некалькі серыялаў, я ўдзельнічаў у пробах. Не ўзялі. Хацеў трапіць у масоўку на адным з тэлешоу. Плацілі 25 рублёў за змену. Але сказалі, што не прайшоў праверку службы бяспекі.

Каб вы разумелі: трэба было прасядзець на крэсле каля 6 гадзін, як глядач. За 25 рублёў. І не прайшоў праверку бяспекі. Але тут няма чаму здзіўляцца. Гэта адбываецца не толькі са мной.

Я чакаю вясны і лета. З'явяцца нейкія падпрацоўкі ў Фаніпалі, Дзяржынску. Камусьці дрэвы трэба будзе абрэзаць, камусьці — дапамагчы ўчастак прывесці ў парадак… Ну, а што рабіць? Як гаворыцца, на ўсё воля Божая.

Я кожную раніцу і вечар — з малітвамі, чытаю Псалтыр. За ўсё дзякую нябёсам. І за стромкія павароты лёсу ў тым ліку. Дзякуй, што ў мяне ёсць хаця б 600 рублёў, здароўе, дах над галавой, дачка і жонка паважаюць, сябры тэлефануюць.

Бог не пасылае нам выпрабаванняў, з якімі мы не можам справіцца. Усё будзе добра ў кожнага ў жыцці, калі будзем прытрымлівацца слова Ісуса Хрыста: «Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам « (Евангелле ад Марка гл.11: 24).

І калі мне цяжка, не знаходжу адказу на пэўныя пытанні, не спраўляюся з абставінамі, звяртаюся малітвай да Бога: «Госпадзе Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мяне грэшнага». Сэрца мякчэе і душа супакойваецца.

Гэты вопыт я набыў на святой гары Афон.

Каментары8

  • Знаёмы
    10.01.2025
    Воўк, мінулае стагодздзе - гэта рэпрэсіі рэжыма. А будучыня рэжыма - гэта узмоцненыя санкцыі.
  • Глаз
    10.01.2025
    Глас с неба, онлифанс что ли?
  • Слуцакі мы
    10.01.2025
    Трэ было б памагчы яму па ціхаму, без афішавання.

«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»36

«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»

Усе навіны →
Усе навіны

Разборкі на Шчучыншчыне. Як кот Васіль прагнаў з агарода лісу ВІДЭА5

Следчы камітэт назваў асноўную версію гібелі міліцыянераў

У Магілёве ў «Еўраопце» пад столлю развесілі скрыні з клеем і атрутай для вераб'ёў5

У Віцебску загінулі двое міліцыянераў

Улады Венесуэлы затрымалі лідарку апазіцыі перад інаўгурацыяй Мадуры. Яе збілі матацыклам

У Гданьску спалілі дом-прычэп беларуса. Ён дапамагаў бяздомным, а цяпер сам шукае сродкі на новае жыллё

Польшча можа закрыць праграму рэпатрыяцыі дэпартаваных у СССР, іх нашчадкаў і сем'яў

У берасцейца на прагулцы раптоўна загінуў сабака: абставіны вельмі нечаканыя, але гэта досыць небяспечны прэцэдэнт9

Былы супрацоўнік крамы Symbal.by расказаў, як правёў будысцкі адпачынак — 10 дзён без смартфона і размоў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»36

«Адмываў гаўно з унітазаў, мы там як самыя кончаныя». Блогер Вадзім Vadimati Ермашук — пра тое, як жыў у калоніі ў «нізкім статусе»

Галоўнае
Усе навіны →