Свет11

Эквадорская мафія падняла мяцеж, прэзідэнт абвясціў «унутраны ўзброены канфлікт», у сталіцы сцягнутыя танкі

Эквадорская мафія ў адказ на абвешчанае прэзідэнтам надзвычайнае становішча ўчыніла беспарадкі і сутыкненні па ўсёй краіне.

Мужчыны ляжаць тварам уніз на зямлі, затрыманыя паліцыяй каля будынка TC Television у Гуаякілі. Фота: Cesar Munoz / AP Photo 

Бандыты з наркакартэляў захапілі тэлеканал у жывым эфіры, узялі ў закладнікі некалькіх паліцэйскіх і ўчынілі беспарадкі ў некалькіх турмах, піша Бі-бі-сі.

Новы прэзідэнт Даніэль Набоа адказаў тым, што ў аўторак абвясціў 22 мафіёзныя групоўкі тэрарыстычнымі арганізацыямі і заявіў, што краіна знаходзіцца ў стане ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Днём раней, пасля знікнення з турмы верхавода адной з мафіёзных груповак, прэзідэнт Набоа абвясціў у краіне надзвычайнае становішча. Рэжым прадугледжвае, у прыватнасці, пашыраныя паўнамоцтвы для паліцыі і вайскоўцаў, забарону на публічныя сходы і каменданцкую гадзіну.

У аўторак вечарам (у Еўропе была глыбокая ноч) паліцыя абвясціла, што ў сутыкненнях загінулі прынамсі 10 чалавек.

У аўторак узброеныя людзі ў масках уварваліся ў студыю тэлеканала TC у партовым горадзе Гуаякіль падчас прамога эфіру. Яны загадалі супрацоўнікам канала легчы на падлогу; за кадрам былі чутныя стрэлы і крыкі.

Трансляцыя неўзабаве перапынілася. Пазней узброеныя людзі сышлі з будынка тэлеканала, а яшчэ праз некаторы час паліцыя заявіла, што ўсе яны арыштаваныя, і апублікавала фатаграфіі людзей, якія ляжаць на падлозе са звязанымі рукамі.

Шэф эквадорскай паліцыі Сезар Сапата сказаў журналістам, што затрыманыя 13 чалавек, і ў іх знайшлі некалькі адзінак агнястрэльнай зброі, дзве гранаты і выбухоўку.

Усе супрацоўнікі тэлеканала, як запэўнівае паліцыя, жывыя.

Напады на паліцыю і вайскоўцаў

Як паведамляе эквадорская і міжнародная прэса, у панядзелак і аўторак у розных месцах краін, у тым ліку ў сталіцы, Кіта, у закладнікі былі ўзятыя як мінімум сямёра супрацоўнікаў эквадорскай паліцыі.

У горадзе Куэнка невядомыя кінулі самаробную бомбу ў ваенны грузавік. У правінцыі Эсмеральда, як паведаміла паліцыя, выбуховыя прылады былі задзейнічаныя тройчы. Выбухі грымелі і ў некалькіх іншых месцах Эквадора.

У некалькіх гарадах бандыты падпалілі машыны. Пры гэтым у Кіта ў адным падпаленым аўтамабілі паліцэйскія знайшлі газавыя балоны — верагодна, злачынцы разлічвалі, што яны выбухнуць.

Дакладных даных аб ахвярах і пацярпелых ва ўсіх гэтых здарэннях да вечара аўторка яшчэ не было.

Бунты ў турмах

Як паведамляе турэмнае ведамства Эквадора SNAI, беспарадкі ўспыхнулі ў турмах шасці з 24 правінцый Эквадора, пры гэтым у некаторых выпадках наглядчыкі былі ўзятыя ў закладнікі.

Спецназу паліцыі і вайскоўцам прыйшлося душыць бунты ў турмах правінцый Эль-Ора, Лоха, Чымбараса, Сатапашы, Асуай і Пічынча. 

З адной з турмаў у Андах у аўторак вырваліся 32 зняволеныя, у тым ліку лідар мафіёзнай групоўкі «Лос Лобас» Фабрысіа Калон Піка. Ён быў арыштаваны толькі ў пятніцу па абвінавачванні ў падрыхтоўцы забойства генеральнага пракурора краіны.

20 уцекачоў хутка злавілі, але астатнія, уключаючы Піка, застаюцца ў вышуку.

Прэзідэнт Набоа заявіў, што бунты ў турмах — гэта рэакцыя мафіі на яго спробы аднавіць кантроль над папраўчымі ўстановамі.

Суседзі перакідваюць войскі на мяжу

Урад Перу ў аўторак абвясціў надзвычайнае становішча на паўночнай мяжы з Эквадорам. Прэм'ер-міністр Альберта Атарола растлумачыў, што на мяжу ў дапамогу паліцыянтам будуць адпраўленыя вайскоўцы.

Колькі менавіта вайскоўцаў будзе перакінута на поўнач, Атарола не ўдакладніў.

Перад гэтым міністр унутраных спраў абвясціў пра адпраўку на мяжу дадатковых паліцэйскіх падраздзяленняў. Суседзі асцерагаюцца, што эквадорцы пабягуць да іх, ратуючыся ад беспарадкаў і беззаконня.

Даніэль Набоа, які выйграў выбары прэзідэнта Эквадора ў мінулым кастрычніку, абяцае збіць хвалю злачыннасці, якая накрыла краіну.

Эквадор доўгі час быў адносна спакойным астраўком, заціснутым паміж двума буйнымі вытворцамі какаіну з адпаведнымі праблемамі, Калумбіяй і Перу. Але ў апошнія гады і ў гэтай краіне набралі сілу групоўкі наркамафіі — як свае, так і калумбійскія, перуанскія і албанскія.

Колькасць забойстваў у Эквадоры ў 2018-2022 гадах падскочыла ў чатыры разы. У 2022 годзе ў 17-мільённай краіне былі забітыя 7800 чалавек. У тым жа годзе паліцыя канфіскавала рэкордную колькасць наркотыкаў — 220 тон.

Асобную праблему сталі ўяўляць сабой крывавыя разборкі ў турмах: з лютага 2021 года былі забітыя больш за 460 зняволеных.

Як адзначае брытанская газета Financial Times, мафія пачала квітнець у Эквадоры пры левым прэзідэнце Рафаэле Карэа, які кіраваў у 2007-2017 гг. Пры ім улады глядзелі скрозь пальцы на наркатрафік праз эквадорскія парты на Ціхім акіяне, клапоцячыся ў асноўным аб тым, каб у краіне было паменш гвалтоўных злачынстваў.

Але за наркатрафікам узнік і бандытызм, і з ім пераемнікі Карэа справіцца ўжо не змаглі.

Каментары1

  • Жвір
    10.01.2024
    Эквадор, надзвычайна бедная дзяржава. Даводзілася бываць у некалькіх раёнах, жабрацтва й галеча нечуваныя, чым далей ад сталіцы. А людзі, як мне падалося, ветлівыя, спакойныя, прыязныя. Што ўразіла, прадстаўнікі афіцыйных дзяржаўных службаў ніводнага разу нават не нацякнулі на хабар, і не спрабавалі ствараць нейкія штучныя праблемы, з мэтаю атрымаць хабар за іх вырашэньне. Пры пакупках, ці дастаўках таго-сяго, усё было шчыра й без падману. Вось ужо чым славіцца Індыя, ды й арабскія краіны паўночнай афрыкі. Пэўна яшчэ не сапсаваныя сучасным сьветам, альбо не адарваныя ад свайго спрадвечнага менталітэту й традыцыйнай культуры...

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Усе навіны →
Усе навіны

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

Сярэдні заробак у кастрычніку вырас амаль на 50 рублёў

Папярэдняя прычына падзення самалёта ў Вільні — тэхнічнае пытанне3

У Пінску закрылі буйны махлярскі кол-цэнтр. Пацярпелых — амаль 50 тысяч чалавек4

Перад прыездам Лукашэнкі ў Пакістан там забаранілі агульнанацыянальны марш апазіцыі. Тысячы затрыманых5

Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў

Матацыкліст зачапіў тварам дрот, нацягнуты паміж дрэў у лесе пад Гродна6

Фізічныя практыкаванні дапамагаюць аднавіць нервовыя клеткі. Вось як гэта ўдалося даказаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру3

Жыхарцы Магілёва пагражаюць крыміналкай за тое, што зняла ранішнюю чаргу ў рэгістратуру

Галоўнае
Усе навіны →