Здароўе

У чым розніца паміж сацыяпатам і псіхапатам?

Абодва гэтыя словы часта выкарыстоўваюцца для апісання тых, хто робіць што-небудзь дзеля асабістай выгады або прычыняе шкоду іншым людзям, ад хлусні і крадзяжу да здзяйснення жудасных гвалтоўных злачынстваў. Але што насамрэч азначаюць гэтыя тэрміны і ў чым ключавая розніца? Ці гэтыя тэрміны — розныя спосабы апісання аднаго і таго ж стану псіхічнага здароўя ў чалавека?

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Сацыяпат супраць псіхапата

Розныя спецыялісты могуць даваць розныя адказы на пытанне, каго лічыць сацыяпатам, а каго псіхапатам.

«Тэрміны часта выкарыстоўваюцца як узаемазаменныя ў папулярнай літаратуры, крыміналагічных артыкулах і ў СМІ ў цэлым, але яны не з'яўляюцца дыягнастычнымі тэрмінамі і не азначаюць адно і тое ж», — тлумачыць псіхатэрапеўт Тэры Коўл, словы якога перадае HowStuffWorks.

Гэта азначае, што вы не знойдзеце вызначэння псіхапата або сацыяпата ў Дыягнастычным і статыстычным даведніку псіхічных расстройстваў, таму што дактары не даюць афіцыйны дыягназ псіхапату або сацыяпату. Замест гэтага яны, хутчэй за ўсё, дыягнастуюць у чалавека асацыяльны разлад асобы (АРА).

Некаторыя апісваюць розніцу паміж двума станамі псіхічнага здароўя як гарачае супраць халоднага. «Сацыяпата апісваюць як таго, хто дзейнічае бязладна і імпульсіўна, амаль ці зусім не клапоцячыся, як яго ці яе паводзіны ўплываюць на іншых», — тлумачыць Коўл. Псіхапат, у адрозненне ад гэтага, быў бы чалавекам, які гэтак жа не мае кантролю над імпульсамі і мала сумняваецца ў гвалтоўных паводзінах, але «як правіла, лічыцца больш разліковым і небяспечным».

Асацыяльны разлад асобы

Іншыя даследчыкі кажуць, што па сутнасці гэтыя два словы — розныя спосабы сказаць адно і тое ж.

«Як правіла, сацыяпатыя і псіхапатыя — гэта непрафесійныя тэрміны, якія апісваюць тое, што дыягнастуецца як асацыяльны разлад асобы», — тлумачыць Эйлін Андэрсан, прафесарка біяэтыкі і ад'юнкт-прафесар псіхіятрыі ў School of Medicine у Case Western Reserve University. АРА — гэта стан псіхічнага здароўя, пры якім чалавек пастаянна не адрознівае правільнае і няправільнае і мае сур'ёзны недахоп эмпатыі.

Аднак іншыя разлады асобы — такія як нарцысічны або памежны разлад — таксама могуць адыгрываць ролю. Абодва гэтыя дыягназы таксама, як правіла, адносяцца да чалавека з глыбокай адсутнасцю эмпатыі, дамінуючым пачуццем уласнай важнасці і адсутнасцю «маральнага компаса».

Наконт розніцы паміж псіхапатыяй і сацыяпатыяй Андэрсан кажа, што звычайна людзі называюць сацыяпатамі тых, хто можа адчуваць хоць некаторыя згрызоты сумлення, але працягваць тыя асацыяльныя паводзіны, якія адпавядаюць іх парадку дня.

Псіхапатамі ж, згодна са спадарыняй Андэрсан, называюць тых, хто не адчувае ні сораму, ні згрызотаў сумлення за рызыкоўныя паводзіны. Яны адчуваюць сябе ў праве на дасягненне сваіх асабістых мэтаў, нават калі гэтыя мэты могуць уключаць у сябе ўчынкі, якія большасць успрымае як несумленныя: хлусня, крадзеж, або нават гвалт і забойства.

Псіхічныя разлады не ўпісваюцца ў вузкія рамкі

Псіхапатыя і сацыяпатыя існуюць на працягу доўгага часу, хоць іх значэнне змянялася з часам. Тэрмін «psychopastiche» быў прыдуманы нямецкім псіхіятрам Ю. Л. А. Кохам у 1888 годзе для апісання суб'ектаў, схільных прычыняць боль як іншым, так і самім сабе. Псіхапатыя была характарыстыкай, з якой, на думку Коха, чалавек нараджаецца. 

Іншы нямецкі псіхіятр, Карл Бірнбаўм, заўважыў такі ж паўсюдны ўзор асацыяльных паводзін, але палічыў, што гэта было выклікана грамадскімі сіламі, якія перашкаджалі маладым людзям навучыцца больш прымальным спосабам паводзін. Каб апісаць іх праблему, ён прыдумаў іншы тэрмін: «сацыяпатыя».

На працягу многіх гадоў абодва тэрміны выкарыстоўваліся ў псіхалагічнай літаратуры, прычым часам узаемазаменным чынам. Але ў нашы дні як спецыялісты ў галіне псіхічнага здароўя, так і навуковыя даследчыкі, якія вывучаюць розум, рэдка ставяць пацыентам клінічны дыягназ «псіхапат» або «сацыяпат».

Дэвід Чэстэр, дацэнт кафедры сацыяльнай псіхалогіі ў Virginia Commonwealth University, тлумачыць, што чалавека нельга звесці толькі да адной псіхалагічнай канструкцыі або рысы. Напрыклад, замест таго, каб выкарыстоўваць тэрмін «псіхапат», спадар Чэстэр можа апісаць пацыента як «чалавека з высокай псіхапатыяй». Ён называе гэта «вымярэннем асобы» ці нейкай групай рысаў.

Псіхапатычныя рысы

Пяць найбольш распаўсюджаных псіхапатычных рыс уключаюць:

  • негатыўны афект (неўратызм); 
  • абыякавасць (нізкая экстраверсія (нізкая скіраванасць чалавека на навакольны свет); 
  • растарможанасць (нізкая свядомасць); 
  • антаганізм (нізкая саступлівасць); 
  • псіхатызм.

Згодна з Чэстэрам, адметнай рысай псіхапатыі з'яўляецца «чэрствая абыякавасць да пакут іншых людзей». Калі большасць людзей у выпадку назірання за пакутамі іншага чалавека могуць адчуваць эмпатыю або сімпатыю, чалавек з высокай ступенню псіхапатыі можа адчуваць прытупленую рэакцыю, або пачуццё эмпатыі можа адсутнічаць увогуле.

Спецыялісты ў галіне псіхічнага здароўя спрачаюцца, ці людзям з высокай ступенню псіхапатыі сапраўды не хапае эмпатыі або сімпатыі, ці ўсё ж яны маюць здольнасць адчуваць, але проста вырашылі не выкарыстоўваць іх. «Немагчымасць адчування» дагэтуль з’яўляецца дамінуючай гіпотэзай, але ўсё большая колькасць іншых даследчыкаў пачынаюць уводзіць у раўнанне фактар выбару.

У рэальным жыцці псіхапатыя цесна ўзаемазвязана з садызмам. «Гэта не азначае, што кожны псіхапатычны чалавек таксама садыст, — тлумачыць Чэстэр, — але існуе вялікая верагоднасць таго, што калі ў вас высокі ўзровень псіхапатыі, то верагодна, таксама і высокі ўзровень садызму».

Хаця большасць з нас не збівае людзей у міліцэйскіх пастарунках і турэмных катавальнях, усё ж псіхапатычныя паводзіны, на жаль, не такая ўжо рэдкасць. Спадар Чэстэр кажа, што ў агульнай папуляцыі 1-2 % людзей маюць сур'ёзны дыягнастуемы ўзровень псіхапатычных схільнасцяў. Але і па-за гэтым адсоткам псіхапатыя з'яўляецца важнай крытычнай рысай, якой людзі валодаюць у рознай ступені.

Вымярэнне псіхапатычных рыс

Ёсць некалькі розных тэстаў для вымярэння псіхапатычных рыс і паводзін. Чэстэр, напрыклад, аддае перавагу «шкале самаацэнкі псіхапатыі», або SRP.

Хаця ў папулярнай культуры сацыяпаты паказваюцца, як правіла, няўстойлівымі і імпульсіўнымі, а псіхапаты — халоднымі, бессардэчнымі і драпежнымі, Чэстэр кажа, што гэта насамрэч не два розныя псіхічныя разлады. Наадварот, яны моцна ўзаемазвязаныя.

Адзін і той жа чалавек можа паводзіць сябе ў некаторых сітуацыях як гарачая галава і праяўляць агрэсію, але ў іншых выпадках паводзіць сябе як хітры, разважлівы забойца. Такім чынам у адной і той жа асобе могуць сумяшчацца адначасова дзве стратэгіі.

У аснове паводзін такіх людзей ляжыць антаганізм і абыякавасць да дабрабыту іншых, асабліва калі гаворка ідзе пра асабістыя выгады. Калі ў чалавека ёсць мэта, і для яе дасягнення трэба камусьці нанесці боль, большасць людзей не захочуць гэта рабіць. Але псіхапатычныя асобы зробяць гэта без праблем; яны гатовы да вашых пакут, каб толькі дамагчыся поспеху.

Сацыяпат і псіхапат, якіх вы ведаеце

Што ўскладняе сітуацыю яшчэ больш, дык гэта тое, што рысы, якія мы лічым псіхапатычнымі або сацыяпатычнымі, у рознай ступені выяўляюцца ў розных людзей разам з іншымі менш страшнымі ці нават вартымі захаплення рысамі.

Чалавек з высокай ступенню псіхапатыі ў некаторых сітуацыях можа нават здавацца добрым і спагадлівым. Успомніце Тоні Сапрана, сімпатычнага выдуманага бандыта з тэлесерыяла «Клан Сапрана».

Ён здольны фармаваць прыхільнасці і быць ласкавым бацькам. Ён нават клапоціцца пра дабрабыт сям'і качак, якія жывуць у яго басейне, але не саромеецца задушыць былога бандыта, які стаў дзяржаўным сведкам, або жорстка збіць мясцовага палітыка, які пакрыўдзіў яго.

«Тоні Сапрана — не парадаксальны персанаж, — кажа Чэстэр. — «Ён вельмі рэалістычны ў тым, што часам ён добры, а часам абыякавы. Ён, шчыра кажучы, адзін з лепшых прыкладаў псіхапатыі, бо паказвае яе ва ўсёй яе бязладзіцы».

Ніхто не ведае, у каго з нас разаўецца асацыяльны разлад асобы. Даследчыкі мяркуюць, што адзінай прычыны не існуе. Замест гэтага даследаванні паказваюць, што гэта вынік складанага спалучэння генетычных фактараў і фактараў навакольнага асяроддзя, ранняга сямейнага жыцця і эмацыйнай прыхільнасці да бацькоў у дзяцінстве.

Чэстэр кажа, што сканаванне мозгу суб'ектаў з псіхапатыяй паказвае, што яны не толькі маюць «эмпатычныя схемы», але і выкарыстоўваюць іх — хоць і не абавязкова так, як большасць з нас. Чалавек з псіхапатычнымі схільнасцямі можа захацець зразумець чужы боль — але не таму, што хоча дапамагчы, а таму, што гэтыя веды дазволяць яму прычыніць камусьці боль у будучыні больш эфектыўна, каб атрымаць жаданае.

Каментары

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Упаў з крэсла і не паспеў адключыць камп‘ютар. На якіх дробязях праколваліся расійскія разведчыкі?5

Прызначылі суд над святаром Анджэем Юхневічам, замест палітыкі абвінавачваюць у педафіліі

Саудаўская Аравія папярэджвала Германію пра небяспеку чалавека, які заехаў у натоўп у Магдэбургу3

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай9

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

Аляксей Лявончык пра фільм на АНТ: Нашу базу ніхто не ўзломваў6

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»19

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні14

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →