Жанчына ледзь не страціла кватэру, якую здавала па дамове. Як так?
Вясной мінулага года Марына Іванаўна пераехала ў родную вёску пад Слуцкам, а сваю сталічную кватэру вырашыла здаць. Але сітуацыя склалася так, што жанчына ледзь не засталася без нерухомасці, падпісаўшы з арандатарам усяго адзін дакумент. На ўмовах ананімнасці жанчына падзялілася сваёй гісторыяй з парталам SlutskGorod.
Пасля трагедыі, якая адбылася ў яе сям'і, 65-гадовая жанчына вымушаная была пераехаць у бацькоўскі дом у вёску пад Слуцкам. Аплачваць дзве камуналкі на адну пенсію стала цяжка, таму жанчына вырашыла здаць кватэру ў Мінску.
Пасля размяшчэння аб'явы на адной з інтэрнэт-пляцовак пенсіянерка хутка атрымала рэакцыю патэнцыйных арандатараў.
«Са мной звязаўся мужчына, вельмі ветліва камунікаваў. Расказаў, што разам з жонкай і двума дзецьмі прыехаў у Беларусь з сяброўскай нам краіны, шукаюць жыллё. Падкупіла яго манера размаўляць — вельмі стрыманы, выхаваны, і я не вагалася з адказам, — расказвае жанчына.
— Сама я не магла ехаць у Мінск на першую сустрэчу, таму кватэру паказвала мая сваячка. Пазней яна патэлефанавала і сказала, што людзі на выгляд прыстойныя, ім усё спадабалася, гатовыя заехаць. Я нават узрадавалася, што ўсё адбываецца так хутка».
Марына Іванаўна раней не мела вопыту здачы кватэры, раілася са сваімі знаёмымі, як гэта зрабіць. Яны рэкамендавалі аформіць адпаведную дамову. Будучыя жыхары з радасцю пагадзіліся на гэтую ўмову і прызначылі дату сустрэчы.
«У той дзень я прыехала ў Мінск у разлікова-даведачны цэнтр, дзе мы падпісвалі дамову. Мае будучыя жыхары паклапаціліся, каб спецыялістка загадзя склала дакумент і нам не прыйшлося доўга чакаць.
Памятаю, мне далі яго прачытаць, але напісаны ён быў даволі дробным шрыфтам, тэксту шмат, а рукой у графе пра мэблю было прапісана, што канкрэтна ёсць у маёй кватэры. Вось гэты радок я лёгка прачытала і падпісала дакумент.
Сумненняў у той момант не было, я давярала спецыялісту, калі тая ўдакладніла, што дамова тыпавая, бестэрміновая. У маім разуменні гэта значыла, што я магу ў любы час яе скасаваць. Але ўсё аказалася зусім не так», — расказвае суразмоўца.
Да таго ж падставай для спекуляцый можа стаць сітуацыя, калі ў дамове не прапісаная канкрэтная сума штомесячнага плацяжу (або графік плацяжоў) — заўв. SG.
Першы час праблем з пастаяльцамі не ўзнікала. Яны пачаліся крыху пазней, калі жыхары сталі затрымліваць аплату камунальных і за арэнду кватэры. Марына Іванаўна, далікатны чалавек, ненавязліва намякала пра гэта па тэлефоне, але абавязацельствы сямейная пара выконваць не спяшалася.
У жніўні мінулага года паміж гаспадыняй і пастаяльцамі здарыўся канфлікт, калі жанчына сабралася прыехаць у Мінск, каб пераканацца, ці ўсё ў парадку з кватэрай.
«Ягор (імя мужчыны змененае) мне сказаў праз тэлефон, што ў іх усё добра, і няма чаго іх турбаваць. Я спыталася, калі ён аддасць грошы, на што быў адказ: «Як захачу». Я абурылася: «Як вы са мной размаўляеце? Я ж гаспадыня!». А ён у адказ: «Ды якая ты тут гаспадыня». Пасля гэтага сувязь перапынілася і трубку на мой нумар больш Ягор не браў».
Марына Іванаўна не разумела, што адбываецца, і вырашыла вывучыць сваю дамову. Па дапамогу яна звярнулася да знаёмай, але тая не знайшла ў дакуменце нічога страшнага. Адзінае, што яе збянтэжыла ў тэксце — згода ўладальніцы кватэры на прапіску пастаяльцаў. Пра гэта пенсіянерка нават не здагадвалася.
«Я была ў здзіўленні і паехала ў Мінск. У кватэру мяне, зразумела, не пусцілі, і я звярнулася па дапамогу да ўчастковага: толькі так мы змаглі трапіць усярэдзіну. Перад гэтым супрацоўнік мяне папярэдзіў, што закон на баку кватэраздымшчыка, і выселіць сям'ю па маёй просьбе не магла нават міліцыя.
Калі ўдалося ўвайсці ў кватэру, Ягор паводзіў сябе як гаспадар. Я сказала, каб шукалі жыллё, разлічыліся са мной, і што я скасоўваю дамову, а ён толькі пасмяяўся мне ў твар».
Выйсці з сітуацыі дапамог супрацоўнік міліцыі: ён пагаварыў з мужчынам і ўзяў распіску, у якой кватарант абавязаўся выселіцца ў тэрмін да 15 верасня. А пасля гэтага Марына Іванаўна паехала ў разлікова-даведачны цэнтр, каб высветліць, што адбываецца, і як ёй цяпер быць.
«Спецыялістка вывучыла паперы і сказала: «А што вы хацелі?» Маўляў, дамова бестэрміновая, скасаваць яе і выпісаць жыхароў я сама не маю права, што ўсё гэта адбываецца толькі па жаданні кватарантаў. Але калі я не згодная з гэтым, то маю права аспрэчыць дамову ў судзе. Толькі ўявіце, што я ў той момант адчувала», — успамінае пенсіянерка.
Дадому жанчына ехала ў шокавым стане. Яна разумела, што ўсё, што адбываецца, з'яўляецца вынікам яе даверу да людзей. Жанчына не ведала, як ёй рабіць, дзе шукаць праўды, але спадзявалася, што закон усё ж будзе на яе баку.
«Сувязь з Ягорам пасля таго, што адбылося, спынілася, мой нумар унеслі ў чорны спіс нават у вайберы. Але я ўсё яшчэ спадзявалася на прыстойнасць чалавека і чакала аплаты хоць бы па рахунках. Але гэтага не адбывалася. Адзінае, што мяне цешыла: сям'я выехала ў тэрмін, пазначаны ў распісцы, і за гэта я ўдзячная таму міліцыянту».
Засталося вырашыць пытанне са скасаваннем дамовы, і ў лістападзе 2023 года Марына Іванаўна напісала заяву ў суд.
«Мне спатрэбілася збіраць шмат даведак і папер, выдаткаваць на гэта прыстойную суму. Давялося самой шукаць маіх жыхароў і месца, куды яны перасяліліся. Было няпроста, але людзі мне ў гэтым дапамагалі. І хутка ў Мінску адбылося першае слуханне суда».
Па словах жанчыны, пасяджэнняў было тры, толькі ні на адно з іх адказчык не з'явіўся, а ў сваю абарону пісаў лісты на электронную пошту суда. У пачатку лютага адбылося апошняе пасяджэнне, дзе была прынятая пастанова: дамову з грамадзянінам скасаваць.
Марына Іванаўна ўпэўненая, што яе гісторыя можа дапамагчы камусьці пазбегнуць непрыемнасцяў, калі чалавек таксама, як і яна, упершыню сутыкаецца са здачай жылля.
«Адзінае, чаго я не разумею, чаму пажылым людзям спецыялісты не тлумачаць усіх рызык, якія прапісваюць самі ж? Бо праблем можна было пазбегнуць, ведай я ўсе падводныя камяні. Я гаварыла з людзьмі і даведалася, што ў апошні час падобных аферыстаў даволі шмат, і яны імкнуцца шукаць такіх жа адзінокіх старых.
Я вельмі добры і адкрыты чалавек, вельмі даверлівы, нікога ніколі не падманвала. І як цяпер жыць ранейшым жыццём? А мне так хочацца давяраць людзям.
Але, нягледзячы на ўсё перажытае, я ўсміхаюся. Бо ў гэтай гісторыі быў усяго адзін дрэнны чалавек, дзякуючы якому я набыла 10 добрых людзей», — падводзіць выснову Марына Іванаўна.
65-гадовая пенсіянерка пералічыла махлярам 15 тысяч рублёў. А не трэба было верыць фэйкаваму Азаронку
Новае слова ў махлярстве, усім рыхтавацца. Праз дыпфэйкавую нараду менеджар перавёў ашуканцам 25 млн даляраў
Мінчанка, ашуканая махляром, адмовілася вызваляць прададзеную кватэру і пайшла ў суд. Што з гэтага выйшла?
Каментары