Свет

Ці можа Расія анексаваць Прыднястроўе?

Малдоўскія і заходнія медыя прадказваюць, што з'езд дэпутатаў Прыднястроўя можа звярнуцца да Пуціна з просьбай уключыць непрызнаную тэрыторыю ў склад Расіі. Прааналізавалі, ці выгадны цяпер такі сцэнар Расіі, колькі расійскіх салдат у Прыднястроўі, якія суадносіны сіл у рэгіёне і ці можа быць новая вайна.

Герб непрызнанай «Прыднястроўскай малдаўскай рэспублікі (ПМР)» і расійска-прыднястроўскі вайсковы парад. Фоты: Wikimedia Commons. Калаж: «Наша Ніва

Агенцтва Euronews і Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляюць, што дэпутаты так званай «Прыднястроўскай малдоўскай рэспублікі (ПМР)» у хуткім часе зладзяць з'езд, на якім могуць афіцыйна папрасіць Пуціна «абараніць» іх ад Малдовы і ўключыць у склад Расіі.

«Прарасійскі рэгіён, які адкалоўся ад Малдовы, падчас дэпутацкага з'езду 28 лютага можа запатрабаваць арганізаваць рэферэндум па далучэнні Прыднястроўя да Расіі. Падставай для такога закліку магла б стаць меркаваная неабходнасць «абараніць» расіян і іншых жыхароў Прыднястроўя ад пагроз з боку Малдовы ці НАТА», — піша ISW.

Пра магчымасць анексіі Прыднястроўя таксама заявілі і малдоўскія медыя са спасылкай на прадстаўніка прыднястроўскай апазіцыі Генадзя Чорбы. Той мяркуе, што на з'ездзе павінна быць агучаная просьба ад імя грамадзян «ПМР» прыняць іх у склад Расія, а Пуцін нібыта абвесціць пра гэтую просьбу ў сваім звароце да Федэральнага Сходу 29 лютага і прыме рашэнне яе задаволіць.

Сам з'езд, як адзначае адміністрацыя непрызнанай рэспублікі, сапраўды павінен адбыцца ўжо 28 лютага «з-за эканамічнага ціску Малдовы і імавернай гуманітарнай катастрофы ў Прыднястроўі». Намер далучыцца да Расіі пры гэтым публічна агучаны не быў.

У адказ на інфармацыю аб магчымай расійскай анексіі Прыднястроўя ўрад Малдовы афіцыйна заявіў, «што ўважліва сочыць за сітуацыяй у прыднястроўскім рэгіёне і спадзяецца, што Ціраспаль (сталіца непрызнанай рэспублікі — «НН») усведамляе наступствы, якія могуць адбыцца ў выпадку неабдуманых крокаў».

Такое ж папярэджанне выказала і суседняя Украіна. Але потым украінская выведка паведаміла, «што чуткі пра магчымую анексію Прыднястроўя з'яўляюцца наўмыснай дэзынфармацыяй, накіраванай на дэстабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне».

Нягледзячы на ​​гэта, мы ўсё ж вырашылі прааналізаваць, што можа адбыцца, калі Расія сапраўды вырашыцца на анексію Прыднястроўя.

Хто мацнейшы?

Пачнем з таго, што тэрыторыя непрызнанага Прыднястроўя значна меншая за Малдову і не мае выхаду да мора. Выцягнутасць тэрыторыі «ПМР» і раўнінны характар ​​яе мясцовасці робіць абарону гэтых земляў амаль невыканальнай задачай, асабліва калі непрызнаная прарасійская рэспубліка цалкам акружана супернікамі Крамля — Малдовай і Украінай.

Апошняя ваюе з Расіяй ужо два гады і праз наяўнасць ў Прыднястроўі расійскіх салдат трымае побач значны вайсковы кантынгент, каб не быць знянацку заспетай з тыла.

Армія «ПМР» (па стане на 2024 год) мае ад 5 да 7 тысяч вайскоўцаў разам з рэзервам да 80 тысяч чалавек. Узброеныя сілы Малдовы, у сваю чаргу, налічваюць 8500 чалавек, а 67 тысяч могуць быць дадаткова выкліканы з рэзерву.

У той жа час колькасць расійскіх «міратворцаў» у Прыднястроўі складае каля 1500 чалавек. А ўкраінцы трымаюць на мяжы з «ПМР» ад 4 тысяч вайскоўцаў.

І Малдова, і «ПМР» маюць дрэннае і малалікае вайсковае абсталяванне (у асноўным гэта старыя савецкія ўзбраенні і тэхніка), аднак у Малдове гэтая праблема можа быць вырашана бесперабойнымі пастаўкамі зброі ад саюзнікаў, чым лагістычна адрэзанае ад Расіі Прыднястроўе пахваліцца ніяк не можа (у Малдовы ёсць саюзны сусед — Румынія, якая ўваходзіць у НАТА).

Малдова (светла-жоўты) і непрызнаная «ПМР» (чырвоныя рыскі) на мапе. Фота: Wikimedia commons. Інфаграфіка: «Наша Ніва»

Аднойчы Расія ўжо ратавала «ПМР» ад паразы ў вайне з Малдовай, калі ў пачатку 1990-ых адкрыта ўмяшалася ў канфлікт паміж імі і знішчыла некалькі сотняў малдоўскіх салдат. Тады гэта прымусіла Малдову пайсці на мір з Прыднястроўем і пагадзіцца на размяшчэнне там расійскага вайсковага кантынгента, які Малдова дагэтуль не можа адтуль выгнаць.

Але цяпер, у адрозненне ад 1990-ых, у Расіі няма свабоднага і бяспечнага доступу да Прыднястроўя, які ў асноўным забяспечваўся за кошт добрых адносін з Украінай. Ва ўмовах вайны з апошняй Расія хацела сілай прабіць сухапутны калідор да Прыднястроўя, але пераацаніла свае магчымасці і недаацаніла моц Украіны, таму план застаўся нерэалізаваны.

У цяперашніх умовах у Расіі ёсць чатыры варыянты, як падтрымаць непрызнанае Прыднястроўе на фоне магчымай вайны з Малдовай.

Першы — забяспечыць стабільныя паветраныя вайсковыя пастаўкі ў «ПМР» праз паўднёвую частку Украіны з абавязковай падтрымкай расійскага чарнаморскага флота. Аднак у Украіны ёсць сучасныя супрацьпаветраныя і супрацькарабельныя ўзбраенні, ад якіх Расія ўжо значна пацярпела, страціўшы за два гады вайны траціну чарнаморскага флота, а таксама 340 самалётаў і 325 верталётаў. 

Другі — афіцыйна прызнаць Прыднястроўе і затым адразу ж прыняць яго ў склад Расіі (па прыкладзе марыянеткавых «ДНР» і «ЛНР») з разлікам на тое, што Малдова, як і ў мінулым, можа пабаяцца адказаць сілай (што не гарантавана). Аднак гэта не вырашыць праблему лагістычнай ізаляцыі Прыднястроўя і зробіць яе законнай вайсковай цэллю для Украіны (Малдова можа наўпрост папрасіць яе ўмяшацца).

Трэці — прызнаць Прыднястроўе, але не анексаваць яго. Само па сабе прызнанне «ПМР» з боку Расіі не будзе мець для яе ніякіх практычных выгод, паколькі Расія і так фактычна кантралюе непрызнаную рэспубліку. Да вайны з Украінай расійскія чыноўнікі рэгулярна наведвалі Прыднястроўе і нават ладзілі там сумесныя вайсковыя парады. Адзінае, да чаго можа прывесці прызнанне, гэта яшчэ большае пагаршэнне адносін з Малдовай і ўзмацненне вайсковых паставак ёй з боку краін Захаду.

Чацвёрты — не прызнаваць і не анексаваць Прыднястроўе, захоўваючы цяперашні статус-кво як мінімум да канца вайны з Украінай і тым самым абараняючы «ПМР» ад патэнцыйнай паразы. Далейшы лёс Прыднястроўя будзе залежыць ад вынікаў вайны.

Таму Расіі на цяперашні момант няма сэнсу анексаваць Прыднястроўе — бо пасля гэтага Расія з вялікай доляй верагоднасці адразу ж яго страціць. Таму адзінае, што ёй застаецца — працягваць выкарыстоўваць Прыднястроўе як інструмент ціску на Малдову і Украіну, і пры гэтым пазбягаць пачатку новай вайны.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да шматдзённага канфлікту з Іранам

Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі10

ЗША і Ізраіль наносяць масіраваныя ракетныя ўдары па Іране59

Цэны на какава-бабы абваліліся. Але ці патаннее шакалад?7

Боршч з мёдам і кава з парфумай. У Беларусі адкрылі стараверскую кавярню

Гродна апераджала Вільню. Былі часы, калі італьянцы эмігравалі ў Беларусь. Іх кроў цячэ ў некім з вас4

У Балівіі разбіўся самалёт, які перавозіў грошы, загінулі 15 чалавек

Трамп дапусціў сяброўскі захоп Кубы2

Трамп: З Беларуссю ў нас выдатныя адносіны36

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць