Самы гучны судовы працэс Казахстана — экс-міністра эканомікі абвінавачваюць у жорсткім забойстве жонкі ў рэстаране
Сам абвінавачаны сваёй віны не прызнае і сцвярджае, што яна падчас сваркі ўпала і ўдарылася галавой.
Судовы працэс над былым міністрам нацыянальнай эканомікі Казахстана Куандыкам Бішымбаевым стаў адной з галоўных тэм, якія абмяркоўваюцца ў грамадстве, а пасяджэнні суда транслююцца анлайн. Мужчыну абвінавачваюць у забойстве з асаблівай жорсткасцю сваёй грамадзянскай жонкі Салтанат Нукенавай.
Куандык і Салтанат пазнаёміліся ў 2022 годзе. Але іх адносіны не былі ідэальнымі. Жанчына скардзілася сваім сяброўкам, што Бішымбаеў без падставаў раўнуе, правакуе скандалы і збівае яе. Салтанат шмат разоў спрабавала спыніць сувязь.
Што адбылося
8 лістапада 2023 года Салтанат разам з сяброўкай пайшла на канцэрт Дзімы Білана, які праходзіў у цэнтральнай канцэртнай залі «Казахстан». Разам з імі пайшоў і Бішымбаеў. Там яны пасварыліся, але пасля канцэрта разам пайшлі ў рэстаран, які належыць стрыечнаму брату Бішымбаева.
У рэстаране сварка працягнулася. Жанчына заявіла, што стамілася ад адносін і хоча сысці. Аб гэтым яна напісала свайму брату і паведаміла, што прыедзе да яго.
Сам мужчына на судзе сцвярджаў, што ён штурхануў Салтанат, якая кінулася на яго ў прыбіральні і парвала кашулю. Ён яе адштурхнуў, і жанчына спачатку стукнулася аб сцяну, а затым тварам аб унітаз. Мужчына паспрабаваў яе падняць, але яна зноў упала, стукнулася аб кафельную падлогу тварам, а таксама «білася каленямі аб падлогу і сцяну».
Пазней, па словах мужчыны, яны спусціліся на паркінг, селі ў машыну, але неўзабаве зноў вярнуліся ў рэстаран. Там жанчына яго зняважыла, за што атрымала чатыры аплявухі. Калі Салтанат упала, Бішымбаеў стукнуў яе некалькі разоў і пачаў падымаць за валасы. Пасля гэтага яна спачатку села, а потым лягла на канапу. Бішымбаеў лёг побач і заснуў. А 10-й ранку ён прачнуўся і пазваніў стрыечнаму брату Бахытджану Байжанаву — уладальніку рэстарана — з просьбай адвесці іх дахаты. Але жанчыну не атрымалася разбудзіць.
Пазней Бішымбаеў і сам заснуў. Прачнуўся а 13-й гадзіне і папрасіў Байжанава распусціць персанал і выдаліць усе запісы з відэакамер. Па яго словах, апошняе было зроблена для таго, каб пазбегнуць траплення відэа ў інтэрнэт.
Акрамя гэтага, ведаючы, што брат Салтанат адсочвае яе перамяшчэнне па геалакацыі тэлефона, ён даручыў стварыць сабе алібі. Для гэтага ён папрасіў Байжанава адвесці тэлефон дзяўчыны да іх дахаты, заехаўшы па дарозе ў фітнэс-цэнтр і канцэртную залу. Гэта мужчына патлумачыў жаданнем пазбегнуць новага канфлікту.
Па словах Бішымбаева, у 18:30 ён зноў паспрабаваў разбудзіць Салтанат і зразумеў, што яна халодная. Тады ён папрасіў брата выклікаць хуткую.
Што паказала следства
Але словы Бішымбаева абвяргаюць следчыя. Як яны высветлілі, мужчына на працягу некалькіх гадзін збіваў жанчыну. Спачатку наносіў удары кулакамі па галаве, а пазней, калі яна ўпала, працягнуў біць нагамі. Жанчына схавалася ў адной з VIP-кабінак. Але ён выбіў дзверы і працягнуў збіццё. Затым пачаў душыць, ад чаго Салтанат страціла прытомнасць.
Паводле справаздачы пракурора, 31-гадовая жанчына памерла ад чэрапна-мазгавой траўмы; адна з яе насавых костак была зламаная, а на твары, галаве, руках і кісцях былі множныя сінякі.
На кадрах з камер відэаназірання відаць, як Бішымбаеў б'е нагамі жанчыну, якая ляжыць на падлозе, а затым падымае за валасы і дае аплявуху.
Са слоў дзяржабвінаваўцы, прыехаўшы, Байжанаў убачыў Нукенаву, якая знаходзілася ў непрытомным стане. Па просьбе Бішымбаева жанчыну паднялі і паклалі на канапу. Праз некалькі гадзін Байжанаў выявіў, што Нукенава памерла.
У той жа дзень Бішымбаева затрымалі. Па выніках экспертызы, пабоі былі атрыманыя за 6-14 гадзін да смерці. У цэлым, па версіі следства, Бішымбаеў збіваў жонку на працягу 8 гадзін.
Генеральная пракуратура Казахстана паведаміла, што 43-гадоваму Бішымбаеву прад'яўлена абвінавачанне ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Справу разглядае суд прысяжных. Ён пачаўся 27 сакавіка. На судзе Бішымбаеў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым у забойстве.
Шмат хто з жыхароў Казахстана лічаць, што Бішымбаеў як прадстаўнік багатай і ўплывовай эліты краіны здолее пазбегнуць пакарання, нават калі і будзе прызнаны вінаватым. І падставы для такіх думак ёсць. У 2017 годзе Бішымбаеў атрымаў 10 гадоў па абвінавачванні ў хабары, але менш чым праз два з паловай гады выйшаў на свабоду па амністыі.
Чытайце яшчэ:
На Віцебшчыне раскрылі забойства, якое адбылося 25 год таму
«Вынеслі ўсё, аж да зубной пасты». Беларуску ва Уроцлаве ўдарылі па галаве і начыста абрабавалі
Каментары