Свет

Выкрадзеныя дакументы Расстата даюць уяўленне пра страты расійскіх вайскоўцаў і наймітаў у Афрыцы

З верасня 2023 года па верасень 2026‑га толькі ў Малі загінулі не менш за 349 расійскіх вайскоўцаў і наймітаў. Значная частка гэтых страт прыпала на сутыкненні з туарэгскімі сепаратыстамі і ісламісцкімі ўзброенымі групоўкамі. Дакументы са сведчаннямі пра смерці расійскіх байцоў у Малі захоўваліся ў расійскім Расстацe. Іх змаглі выкрасці беларускія «Кіберпартызаны» і групоўка Silent Crow, пасля чаго матэрыялы прааналізавала газета The Guardian. Сама Масква не публікуе звестак пра свае страты ў Афрыцы.

Білборд з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у сталіцы Малі Бамако. Фота: AFP/Getty Images

Паводле дакументаў, толькі 25 красавіка 2026 года ў Малі загінулі 43 расіяне. Шасцёра з іх загінулі ў Кідалі, яшчэ адзін — у суседнім Агельхоку. Іншыя смерці былі зарэгістраваныя ў сталіцы краіны Бамако і ў Гаа, дзе ў той дзень паўстанцы збілі расійскі вайсковы верталёт.

Напад на Кідаль пачаўся перад світанкам. Расійскія байцы былі заспетыя знянацку: ужо ў першую гадзіну баевікі захапілі блокпасты на ўскраінах горада і рушылі да паліцэйскага ўчастка, дзе завязаліся жорсткія баі. Паводле слоў былога байца расійскага «Афрыканскага корпуса», які ў той час знаходзіўся ў Малі, вакол адбываліся выбухі, людзі крычалі, а расійскія вайскоўцы не разумелі, адкуль наступае праціўнік.

Супраць расійскіх сіл і іх малійскіх саюзнікаў выступілі ўзброеныя фармаванні, звязаныя з «Аль-Каідай», — JNIM, а таксама Фронт вызвалення Азавада (FLA), які складаюць туарэгі. Напад быў скаардынаваным і нечаканым. Паўстанцы выкарыстоўвалі замініраваныя аўтамабілі-смяротнікі і беспілотнікі, каб прарваць абарону горада.

На наступную раніцу расійскія сілы пакінулі Кідаль. У лістападзе 2023 года расійскія найміты дапамаглі малійскім урадавым войскам захапіць гэты горад, які Масква пасля прадстаўляла як прыклад свайго ўзмацнення ўплыву ў Афрыцы.

Усяго ў дакументах за перыяд з верасня 2023 года па верасень 2026‑га пазначаныя 349 смерцяў расіян у Малі. Большасць з іх The Guardian змагла звязаць з вядомымі баямі супраць паўстанцкіх груповак. Два заходнія чыноўнікі, якія наведвалі Малі і азнаёміліся з гэтымі звесткамі, заявілі, што колькасць загінулых перавышае ранейшыя ацэнкі. Паводле аднаго з іх, гэта больш за 10% расійскіх сіл, якія загінулі ў баях.

Расійская прыватная вайсковая групоўка «Вагнер» упершыню прыбыла ў Малі ў канцы 2021 года — праз год пасля вайсковага перавароту, у выніку якога быў зрынуты прэзідэнт Ібрагім Бубакар Кейта. На фоне пагаршэння адносін з новай хунтай з краіны вывелі французскія войскі. Так скончылася дзесяцігадовая французская антытэрарыстычная аперацыя, а Расія стала галоўным замежным партнёрам малійскага рэжыму ў сферы бяспекі.

У чэрвені 2025 года «Вагнер» перадаў свае аперацыі ў Малі «Афрыканскаму корпусу». Гэта адбылося праз два гады пасля няўдалага мяцяжу Яўгена Прыгожына супраць Масквы, які падарваў давер Крамля да групоўкі. Да лета 2025 года, паводле ацэнак брытанскай разведкі, у Малі знаходзіліся каля 2000 байцоў «Афрыканскага корпуса».

Гэтае фармаванне знаходзіцца пад пільным кантролем расійскай вайсковай разведкі і падтрымлівае некалькі афрыканскіх урадаў у абмен на грошы або выгадныя кантракты, якія даюць доступ да прыродных рэсурсаў.

Нягледзячы на прысутнасць расійскіх вайскоўцаў, сітуацыя з бяспекай у Малі працягвае пагаршацца. У канцы ліпеня 2024 года расійскія і малійскія сілы некалькі дзён вялі баі з туарэгскімі сепаратыстамі каля Тынзаўатэна, на мяжы з Алжырам. Тады «Вагнер» выступіў з рэдкай для сябе заявай, у якой прызнаў страты, у тым ліку гібель аднаго з камандзіраў, але не назваў колькасці загінулых. Расійскія крыніцы ацэньвалі яе ад 20 да больш як 80 чалавек.

Згодна з дакументамі Расстата, 27 ліпеня 2024 года ў Малі загінулі 70 расіян, прычым усе, акрамя аднаго, — у рэгіёне Кідаль. Гэта найбольшая колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў за адзін дзень у Афрыцы з моманту з'яўлення на кантыненце наймітаў «Вагнера» ў 2017 годзе.

На маштабы страт у Малі магла паўплываць і Украіна, якая пашырыла супрацьстаянне з Расіяй на рэгіён Сахеля. Паводле двух суразмоўцаў, знаёмых з гэтымі аперацыямі, Кіеў дапамагае туарэгскім паўстанцам. Раней CNN паведамляла, што каля 15 украінскіх спецыялістаў былі накіраваныя ў Малі, каб дапамагаць мясцовым узброеным групоўкам, якія ваююць супраць расійскіх сіл.

Аднак сапраўдная колькасць загінулых расіян, верагодна, большая за тую, што адлюстраваная ў дакументах. Рэгістрацыя смерцяў часта адбываецца са спазненнем. Напрыклад, у статыстыцы за сакавік 2026 года ўвогуле няма загінулых у Малі, хоць у той час паведамлялася пра гібель як мінімум трох байцоў «Афрыканскага корпуса» ў выніку нападу з засады каля Нампалы.

Выцек таксама дазволіў атрымаць звесткі пра расійскія страты ў іншых краінах Афрыкі. У Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе найміты «Вагнера» ахоўваюць прэзідэнта Фаўстэна-Арканжа Туадэру, зарэгістравана 30 смерцяў. Не ўсе выпадкі ўдалося звязаць з вядомымі інцыдэнтамі, але трое расіян загінулі ў ноч на снежань 2023 года, калі беспілотнікі атакавалі лагеры «Вагнера» ў Кага-Бандара.

У Лівіі расійскія сілы падтрымліваюць камандзіра ўсходняй часткі краіны Халіфу Хафтара і выкарыстоўваюць яго авіябазы як шлях забеспячэння сваіх падраздзяленняў у рэгіёне Сахеля. Частка зарэгістраваных смерцяў магла быць звязаная з крушэннем верталёта на базе Маатэн-эс-Сара ў лютым 2026 года. У гэтую нядзелю ўкраінскія беспілотнікі, дарэчы, патапілі расійскі вайсковы карабель каля лівійскага ўзбярэжжа, аднак невядома, ці былі ў выніку гэтага інцыдэнту загінулыя.

У Нігеры, куды «Афрыканскі корпус» прыбыў пасля выгнання вайсковай хунтай французскіх і амерыканскіх войскаў, адзін расійскі баец загінуў праз два дні пасля нападу баевікоў «Ісламскай дзяржавы» на аэрапорт Ніямея ў студзені 2026 года. Раней пра гэтую смерць не паведамлялася.

Апошнія месяцы Масква актывізавала намаганні, каб прадэманстраваць аднаўленне свайго кантролю над сітуацыяй у Малі. 6 кастрычніка малійскія войскі разам з байцамі «Афрыканскага корпуса» зноў занялі Кідаль пасля аперацыі з выкарыстаннем авіяцыі і наземных падраздзяленняў, як паведамілі ў малійскім войску.

У апублікаванай у лістападзе справаздачы амерыканскай арганізацыі Conflict Insights Group адзначаецца, што «Афрыканскі корпус» значна павялічыў выкарыстанне беспілотнікаў у Малі, у тым ліку дронаў-камікадзэ «Ланцэт». Гэта адбываецца на фоне ўзмацнення паветранай кампаніі.

Паводле аўтараў справаздачы, удары беспілотнікаў закраналі і мірных жыхароў, што магло павялічыць падтрымку паўстанцаў. Яны папярэдзілі, што гібель цывільных у выніку інтэнсіўных авіяцыйных атак, якімі кіруе «Афрыканскі корпус», можа спрыяць папаўненню шэрагаў паўстанцкіх груповак.

Заходні дыпламат, які працуе ў рэгіёне, заявіў, што атакі ў канцы красавіка падарвалі вобраз расійскай вайсковай непераможнасці, які Масква і малійская хунта спрабавалі сфармаваць сярод насельніцтва. Паводле яго слоў, Расія па-ранейшаму мае значны ўплыў у Малі, але цярпенне мясцовых жыхароў у дачыненні да вынікаў дзейнасці расійскіх вайскоўцаў паступова вычэрпваецца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін114

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі і Мадзьяр згулялі ў валейбол з дзецьмі ВІДЭА3

Выставілі на аўкцыён завод, дзе рабілі культавыя сыркі з пандай1

Турыстычны аўтобус з Беларусі ўразіў аўстрыйцаў сваім тэхнічным станам ФОТА15

WB Taxi пачынае працу ў Віцебску1

Як выглядаюць новыя талоны на праезд у Мінску і чаму не варта выкідаць старыя3

Абвешчаная пераможца конкурсу «Міс Сусвет-2026»2

На Шры-Ланцы выратавалі беларуску, якую панесла ў адкрытае мора

26‑гадовага пінчука пахавалі як загінулага на вайне супраць Украіны, але сястра сцвярджае, што ён у палоне2

Ці патрэбныя сабакам зімой боты? Адказвае кінолаг

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін114

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць