Мэр расійскага Арэнбурга заклікаў тэрмінова пакінуць дамы з-за небяспечнага ўзроўню вады
Узровень вады Урала ў Арэнбургу склаў 872 см пры небяспечным значэнні 930 см
Усім тым, хто знаходзіцца ў зоне падтаплення, неабходна пакінуць свае дамы, паколькі ў найбліжэйшыя два дні сітуацыя будзе толькі пагаршацца, паведаміў мэр Арэнбурга Сяргей Салмін у сваім тэлеграм-канале.
Па прагнозах спецыялістаў, якія прыводзіць кіраўнік горада, узровень вады перавысіць небяспечнае значэнне, якое складае 930 см. Паводле інфармацыі Салміна, раніцай 8 красавіка ўзровень вады ва Урале ўжо дасягнуў 872 см, піша РБК.
«Вада можа прыйсці ноччу, вы падвяргаеце сваё жыццё, жыцці блізкіх небяспецы! Абсалютна ўсім, хто знаходзіцца ў зоне падтаплення, неабходна пакінуць свае дамы. Не адкладайце эвакуацыю», — заклікаў мэр.
Па словах Салміна, да 8 красавіка падтоплена 2 тыс.участкаў і 1,5 тыс. домаўладанняў. У пасёлку Кавальскі адключаны газ і часткова электрычнасць.
За 7 красавіка эвакуявалі 153 чалавек, у тым ліку 35 дзяцей, паведаміў мэр.
Каментары