Новы лядовы палац у Баранавічах — апошняя тэма для гутарак мясцовага люду.
Новы лядовы палац у Баранавічах — апошняя тэма для гутарак мясцовага люду. Гэта не толькі самы вялікі культурна‑ фізкультурны будынак у горадзе. Гэта нібы новы музей, дзе большасць спяшаецца пабываць. Каб потым расказваць сваякам і знаёмым, выхваляцца перад сябрамі.
Па палацы водзяць платныя экскурсіі. Каб пакатацца на лёдзе, трэба купляць квіткі за некалькі гадзінаў. А нават маючы квіток, мусіш прыходзіць за гадзіну да свайго тэрміну — адстаяць чаргу па канькі. Час коўзання — 45 хвілін.
Стаяць на каньках тых мала хто добра ўмее. За першыя тры дні новага года «хуткая» звезла з лядовага палаца пятнаццаць чалавек — страсенне мазгоў, пераломы, вывіхі. Плятуць чуткі, быццам нават адзін вялікі чыноўнік трапіў у шпіталь.
У палацы заўсёды дзяжурыць доктар, які вырашае — ці выклікаць «хуткую», ці фігурыст‑небарака дасць сабе рады сам.
У горадзе з’явіўся попыт на канькі. Каб не марнець у чэргах, каб мець свае ўласныя… У розных частках горада залілі каткі… Гарвыканкам перад праваслаўным Раством правёў лыжны забег вакол палаца.
На пачатку года ў прэсе было абвешчана, што сёлета побач з лядовым распачнуць будову воднага палаца.
— Сталін мяне выхаваў! — равеў на ўвесь аўтобус стары з дзіцячымі лыжамі ў руках. — Бацька Сталін… Я плакаў, калі ён памёр, ля калгаснага рэпрадуктара… Мы тады ўсе фізкультурай займаліся, на лыжах бегалі, на каньках… А цяперашняя моладзь папрывыкала за камп’ютарам сядзець… Інтэрнэт ім давай, мабільныя тэлефоны… Сталіна на іх няма!
Каментары