Грамадства55

«Недалёкі чалавек, які займаецца паклёпам». Беларуска расказала, як мусіла ліквідаваць бізнэс і з'ехаць пасля нападак Бондаравай

Да мая 2024 года ў Святланы было паспяховае івэнт-агенцтва ў Мінску. Але потым давялося закрыцца: улады не давалі працаваць з выпускнымі, а апошняй кропляй стала ўвага Вольгі Бондаравай. Пасля шэрагу пастоў прапагандысткі беларуска вырашыла не чакаць «гасцей» і выехала ў Польшчу. Сваю гісторыю яна расказала «Люстэрку». Імя гераіні тэксту зменена ў мэтах бяспекі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Tut.by

«Трэба было пацвердзіць, што ў цябе не было «адміністратывак»

Святлане крыху больш за 40 гадоў. Уласнае івэнт-агенцтва яна адкрыла каля 10 гадоў таму. Разам з камандай беларуска арганізоўвала розныя мерапрыемствы, часта бралася і за школьныя выпускныя. Сваю працу яна любіла (а асабліва дзіцячыя мерапрыемствы):

«Дзеці 11 гадоў вучыліся, і для іх выпускны — адно з самых, на мой погляд, галоўных святаў у жыцці. Яны заслугоўваюць яго. Тым больш што ВНУ цяпер практычна не святкуюць заканчэнне вучобы».

Жыццё Святланы і яе сям'і з трыма дзецьмі пачала мяняцца яшчэ ў 2022 годзе. Тады яе мужа звольнілі з працы як «нядобранадзейнага» (у 2020-м ён адседзеў «суткі»). Знайсці месца з такой характарыстыкай у Беларусі яму было складана, таму мужчына пераехаў у Польшчу. А праз нейкі час да яго перабралася і Святлана з дзецьмі. Але кідаць бізнэс яна не збіралася.

«Калі гэта справа ўсяго жыцця, ты гэтым жывеш, то не можаш на раз-два ўсё закрыць, — упэўненая беларуска. — Увогуле давялося фактычна жыць на дзве краіны, таму што прыязджаць трэба было досыць часта».

У такім рэжыме Святлана пражыла прыкладна паўтара года, працягваючы арганізоўваць мерапрыемствы. Яшчэ ў канцы 2023-га яе агенцтва ўзялося за будучыя выпускныя. Суразмоўца тлумачыць, што такія святы заўсёды пачыналі рыхтаваць яшчэ да канца першай чвэрці ў школах.

«Гэта значыць ты рыхтуеш гэтае мерапрыемства для дзяцей дзевяць-дзесяць месяцаў, пачынаеш ледзь не за год, — успамінае яна. — Гэта насамрэч вельмі складаны працэс, таму што трэба прыслухоўвацца да бацькоў, дзяцей, шукаць кампрамісы.

У нас усё ішло выдатна. Яшчэ два гады таму для івэнт-сферы ўвялі спецыяльны рэестр, і каб туды трапіць, трэба было пацвердзіць, што ў цябе не было «адміністратывак», ты нідзе не быў заўважаны (гаворка пра рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, які ўвялі ў 2022 годзе. — Заўв. рэд.). Гэтае пытанне мы вырашылі, таму што працаваць трэба было афіцыйна, з выплатай падаткаў. Бацькам жа таксама важна разумець, куды яны аддаюць грошы.

У пачатку гэтага года ўжо заняліся ўзгадненнем падрадчыкаў (яшчэ два гады таму нас абавязалі атрымліваць гастрольныя пасведчанні і ўзгадняць усё, пачынаючы ад вядучага і заканчваючы плэйлістом)».

«Пісала, што мы нарадзілі трэцяе дзіця, каб нам далі кватэру»

Але ў лютым-сакавіку, успамінае Святлана, пасля слоў Аляксандра Лукашэнкі пра сціплыя выпускныя ўпраўленні адукацыі сталі ўстаўляць палкі ў колы шматлікім івэнт-агенцтвам.

«Да сакавіка было падрыхтавана ўсё, за выключэннем дробязяў. І тут нібыта ва ўпраўленне адукацыі сталі прыходзіць скаргі, што «гэтыя паршывыя людзі тры шкуры здзіраюць з бацькоў». І паступіла ўказанне ад упраўлення разабрацца, куды ідуць грошы, — успамінае беларуска. — Сказалі, на якую суму трэба скараціць, што прыбраць, ад каго адмовіцца. Усё зрабілі. Але ва ўзгадненні зноў сталі адмаўляць.

А потым яшчэ накіравалі да нас праверку з АБЭЗ: сядзіш у офісе, да цябе прыходзяць, забіраюць ноўтбукі, усе пакеты дакументаў. Вядома, у нас нічога не знайшлі і ўсё вярнулі потым, але частку працы прыйшлося перарабляць. Увогуле палкі ў колы нам устаўлялі, запалохвалі, было проста хамскае стаўленне з боку ўпраўлення адукацыі і дырэктараў школ».

Пакуль Святлана вырашала пытанні з уладамі і дырэктарамі школ, на яе (і на многіх яе калег) звярнула ўвагу прапагандыстка Вольга Бондарава. Як лічыць суразмоўца, інфармацыю праўладнай актывістцы перадаваў адзін з арганізатараў мерапрыемстваў, якога не ўключылі ў згаданы рэестр.

«Ён пакрыўдзіўся на нас у нейкай ступені. Хоць, наколькі памятаю, у яго быў зусім слабы прадукт. І вось гэты чалавек быў у мяне ў падпісчыках у інстаграме. Старонка даўно закрытая, але дзесьці засталася інфармацыя пра тое, як у 2020 годзе я дапамагала збітым людзям, якія выходзілі з «сутак». І гэтыя фатаграфіі апынуліся ў Бондаравай, — распавядае беларуска. — І потым яна пачала проста пісаць пра мяне.

Я наогул нічога не ведала, займалася сваёй справай, нават не думала, што апынуся ў эпіцэнтры. Мне крыху пазней паказалі яе абурэнні: маўляў, я «ўпоратая бэчэбэшніца», мы з мужам хаваемся ў Польшчы, чаго нам не хапала. І ўсякі іншы бруд».

Святлана ўспамінае: Бондарава апісвала шмат гісторый, якія сама жанчына чула ў першы раз у жыцці. Напрыклад, што прадпрымальніца нібыта купіла нейкую фірму, каб трапіць у рэестр. Яшчэ прапагандыстка крытыкавала сям'ю суразмоўцы.

«Пісала, як яны любяць казаць пра шматдзетных, што мы нарадзілі трэцяе дзіця, каб нам далі кватэру. Але ніхто мне нічога не даў, на сподачку нічога не прынёс. Я ні разу толкам у дэкрэце не сядзела, адразу пачынала працаваць. І калі трэцяе дзіця нарадзілася, у мяне ўжо была гэтая кватэра.

Так, нам перагледзелі ўмовы пражывання, мы атрымалі льготы. Але гэта наогул не было падставай заводзіць яшчэ адно дзіця, — каментуе нападкі прапагандысткі суразмоўніца. — І вядома, усё гэта ўплывала на маральны стан. Ужо і так закопваюць твой бізнэс, дык яшчэ і пачынаюць псаваць рэпутацыю».

Вольга Бондарава ў гасцях у Гродзенскага АМАПа, кастрычнік 2020 года. Фота: тэлеграм-канал «Бондарева. БеZ купюр»

«Людзі, якія трапілі ў поле зроку Бондаравай, ужо ў нейкіх спісах»

Да канца вясны ў сферы арганізатараў івэнтаў пачалася, як апісвае Святлана, «татальная зачыстка».

«Па чарзе выключалі з рэестра, былі затрыманні. Я думаю, гэта такая помста за 2020 год — тады многія івэнт-агенцтвы дапамагалі арганізоўваць мерапрыемствы камандзе Ціханоўскай, — лічыць жанчына. —

І проста за некалькі тыдняў да выпускных нам сказалі, што анулююць усе дазволы. Гэта значыць, ужо май, ты прайшоў сем колаў пекла па падрыхтоўцы і ўзгадненні, а табе гавораць скасоўваць дамовы і вяртаць грошы. Мы так і зрабілі, бо для нас была важная рэпутацыя. Але паколькі да сваёй працы ставімся вельмі беражліва і па-трапяткому, хацелася, каб хаця б дзеці атрымалі свята, хай і без нас. Таму перадалі напрацоўкі школам, каб яны «сваімі сіламі», па сутнасці, усё тое ж самае правялі. І пайшлі.

У нейкай ступені нават была палёгка, што ўсё скончылася. Хоць і крыўда таксама. Гэта ж проста нейкі здзек з бізнэсу, з людзей».

Словы Бондаравай Святлана не прымала блізка да сэрца. Тое, што пра яе пісалі, суразмоўніца называе «лухтой» і ўспамінае: у той момант ёй было важней разабрацца са справамі, чым рэагаваць на пасты прапагандысткі.

«Я ў гэта не заглыблялася. Таму не магу сказаць, што яна мяне неяк так укалола або зрабіла зусім дрэнна. Я такіх людзей проста не бачу. Не збіраю ні на каго ніякую крыўду, таму што гэта, наадварот, разбурае, — лічыць прадпрымальніца. — Марнаваць сваю энергію, свае сілы на гэтых недалёкіх людзей няма сэнсу. Я проста веру, што гэта калі-небудзь скончыцца і можна будзе ва ўсім разбірацца. Бог усё бачыць, як кажуць».

Калі многія кантракты агенцтва Святланы ўжо былі скасаваныя, Вольга Бондарава працягвала злараднічаць у сваім тэлеграм-канале.

«За дзень-два да выпускных яна пісала, маўляў, ну паглядзім, ці будуць нешта арганізоўваць, — расказвае суразмоўца. —

Наогул у мяне склалася ўражанне, што Бондарава відавочна з кімсьці супрацоўнічае. Таму што звычайны чалавек не мог ведаць, ці была ў мяне кватэра раней, што я шматдзетная, за каго падпісвалася ў 2020-м. Гэта маглі ведаць толькі асобныя структуры.

А яна, на мой погляд, сапраўды недалёкі чалавек, які нічога не баіцца і займаецца паклёпам.

Але я больш чым упэўненая: тыя людзі, якія трапілі ў поле зроку Бондаравай, ужо ў нейкіх спісах. Такое сакрэтнае правіла: як толькі яна пра кагосьці піша, да гэтых людзей адразу цікавасць.

А паколькі мой бізнэс і так закрылі, яе апошнія пасты паставілі ва ўсім тлустую кропку».

Пасля апошніх публікацый прапагандысткі Святланай сталі цікавіцца сілавікі. У яе знаёмых і былых калег даведваліся, як яе знайсці і дзе яна.

«Добрыя людзі папярэдзілі, што трэба тэрмінова прыбраць лайкі, пачысціць каментары, — успамінае яна. — У свой апошні прыезд я ўжо разумела, што рызыкую (нават была без тэлефона). Але калі сілавікі сталі пытацца пра мяне, сабрала рэчы і з'ехала літаральна за гадзіну».

«Узнікаюць думкі наогул змяніць сферу дзейнасці»

Пасля закрыцця бізнэсу ў маі гэтага года Святлана ўзяла сабе невялікі перапынак. Цэлае лета адпачывала, аднаўлялася і думала, як быць далей. Нарэшце наважылася адкрыць івэнт-агенцтва ўжо ў Польшчы.

«Цяпер усё толькі пачынаецца. Няпроста ўсё рабіць з нуля. Але калі я стартавала ў Беларусі, у мяне не было досведу, ніякіх напрацовак, партфоліа, сувязяў. А цяпер ужо ўсё больш зразумела, — канстатуе яна. — Да таго ж тут табе ніхто не забараняе рэгістраваць любую дзейнасць, заключаць дамовы.

Хоць, калі казаць шчыра, івэнт-сфера ў Беларусі нашмат мацнейшая. У нас сапраўды вельмі моцныя спецыялісты, максімальная кліентаарынтаванасць. Тут, груба кажучы, табе гатовыя плаціць больш, а ўзровень паслуг ніжэйшы. Таму крыўдна, вядома, што Беларусь зараз губляе свае лепшыя кадры і мы развіваем гэтую сферу тут».

Пачаць новую справу пасля закрыцця бізнэсу, які будаваўся гадамі, Святлане было няпроста. Успамінае, як першы час была ледзь не «ломка», хацелася заняцца чымсьці іншым.

«Напэўна, ёсць свайго роду псіхалагічная траўма. Пасля ўсяго, што я прайшла ў Беларусі, узнікаюць думкі наогул змяніць сферу дзейнасці. Таму што знішчэнне бізнэсу, якое адбываецца на тваіх вачах, накладае адбітак, — дзеліцца яна. —

Але разумею, што ўжо пара адпусціць. Раз мы выбралі гэты шлях, прыехалі ў Польшчу, то трэба гадок раскачацца і выходзіць на польскі рынак. Размаўляць, вучыць мову, прывыкаць да новага жыцця.

Тут на самай справе вельмі шмат магчымасцяў. Напрыклад, купіў квіток за 20 еўра — і праз пару гадзін ты ў Барселоне. Проста трэба быць адкрытымі. Цяжка, складана, але трэба рухацца наперад і захоўваць пазітыў».

Каментары5

  • Влад
    30.10.2024
    Типичная хатаскрайница. Только деньги - ничего личного. А сколько таких режим выкармливают своими налогами!
  • віно да сыру
    30.10.2024
    Па першае, неяк няёмка чытаць па-беларуску тое, што яна там гаварыла па-расейску. Па другое - якія выпускныя? Ў гэтым годзе ўжо забароненыя наемныя вядучыя.
  • Беларус
    30.10.2024
    "Я проста веру, што гэта калі-небудзь скончыцца і можна будзе ва ўсім разбірацца..."

    Не. Само, нажаль, не скончыцца. Трэба мэтанакіравана сканчаць. А гэтай мэты, падобна, няма. Ані ў таго, хто распавядае гісторыю, ані ў тых, хто яе публікуе ды рэпосьціць.

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

З кавай, цукеркамі і касметыкай: выбіраем адвэнт-календары, зробленыя ў Беларусі6

Жыхара Брэста, які хадзіў на палітычныя працэсы, асудзілі на сем гадоў5

Зяленскі пазбавіў звання заслужанай артысткі спявачку, з якой спяваў Лукашэнка10

Жонка Верамейчыка: Паспеў напісаць дачцэ адно слова — дэпартацыя1

У Беларусі забаранілі маркіза дэ Сада і гісторыю Беларусі19

Расія з сакавіка паставіла Паўночнай Карэі мільён барэляў нафты — гэта ў 10 разоў больш, чым афіцыйна летась1

«Белавія» праводзіць распродаж квіткоў. Што можна ўзяць па акцыі?

Лукашэнка прапанаваў вярнуць Лінгвістычнаму ўніверсітэту ранейшую назву32

Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»17

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →