Грамадства1111

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх

Унясенне тэлеграм-канала «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі» ў спіс экстрэмісцкіх выклікала шырокае ўхваленне сярод адных прыхільнікаў Лукашэнкі і гнеўную рэакцыю сярод іншых. Праўладныя праціўнікі Бондаравай узбадзёрыліся.

Зоя Серада, Сяргей Шыптэнка і Вольга Бондарава. Калаж «Наша Ніва»

Рашэнне аб прызнанні матэрыялаў тэлеграм-канала экстрэмісцкімі прыняў суд Мядзельскага раёна Мінскай вобласці 9 кастрычніка. Яно падкрэсліла наяўнасць супярэчнасцяў у бачанні будучыні паміж рознымі крыламі лукашыстаў. 

Тутэйшыя імперцы

Сяргей Шыптэнка, былы карэспандэнт Regnum і аўтар прызнанага экстрэмісцкім канала «Тутэйшыя», які пасля стаў «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі»

Канал, які раней называўся «Тутэйшыя», меў выразную антыбеларускую скіраванасць. Ён даводзіў ідэю зліцця Беларусі з Расіяй, адмаўляў асобнасць беларускага народу і існаванне беларускай мовы.

Як калісьці Regnum, канал Шыптэнкі цалкам адмаўляе беларусам у існаванні

Яго аўтарам, як выявілася, быў прыхільнік «рускага свету» публіцыст Сяргей Шыптэнка. У свой час ён быў карэспандэнтам расійскага імперскага партала Regnum, дзе друкаваўся пад псеўданімам Артур Грыгор'еў. У снежні 2016 года ён быў арыштаваны разам з іншымі аўтарамі партала — Юрыем Паўлаўцом і Дзмітрыем Алімкіным — па абвінавачванні ў распальванні нацыянальнай варожасці. 

У лютым 2018 года Мінскі гарадскі суд прызнаў Шыптэнку вінаватым і асудзіў яго на 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на тры гады.

Каналы, якія актыўна рэпосцілі «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі» (злева), і каналы, якія актыўна рэпосціў сам Шыптэнка. Даныя з tgstat.com

Але сваёй справы ён не кінуў. Яшчэ ў ліпені 2021 года завёў свой уласны канал, у якім стаў прасоўваць знаёмы парадак дня. У канале ён часта рэпосціў роднасныя праекты: канал «Літоўская Русь», які прадстаўляў Вялікае Княства Літоўскае як заходнерускую дзяржаву, «Заходнеруская Атлантыда» і канал расійскага гісторыка Аляксандр Дзюкава, кіраўніка расійскага фонда «Гістарычная памяць».

Антыбеларускія погляды Шыптэнкі распаўсюджвалі не толькі каналы з такімі прамовістымі назвамі як «Русь Державная. Мы Zа Объединение: России, Украины, Белоруссии», але і вядомыя беларускія ябацькі — Эльвіра Мірсалімава і Вольга Бондарава. Калі ў віцебскай прарасійскай актывісткі толькі 82 рэпосты з канала Шыптэнкі, то ў гродзенскай даносчыцы — аж 226. 

Зоя Серада, аўтарка культурнага канала «Верашчака», дазваляе сабе публічна высмейваць антыбеларускую пазіцыю «бондараўцаў». «Бабе Зоі» прыпісваюць прызнанне тэлеграм-канала «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі» экстрэмісцкім. Фота з сацсетак

Прарасійскія актывісты абвінавацілі ў забароне канала Зою Сераду, аўтарку культурнага канала «Верашчака». Серада жыве ў аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна, працуе ў дзіцячым садзе і захапляецца лялечным мастацтвам. У сваім канале яна нярэдка высмейвае Бондараву і яе памагатых, якія не толькі заклікаюць знішчаць усё беларускае, але і нярэдка выказваюць з гэтай нагоды і крамольныя думкі наконт беларускіх уладаў.

У прарасійскіх колах Беларусі сёлета намецілася чорная паласа: у маі спыніў сваю дзейнасць тэлеграм-канал «Заходнеруская Атлантыда», у сакавіку за незаконнае пікетаванне БЧБ-сцягам асудзілі Эльвіру Мірсалімаву, а ў жніўні затрымалі яе ідэйнага паслядоўніка Арцёма Агафонава. 

Непатапляльнай застаецца толькі Вольга Бондарава, якая працягвае агрэсіўныя нападкі на беларускую культуру і гісторыю. Праўда, на парламенцкіх выбарах у пачатку года яе паказальна пракацілі міма дэпутацкага крэсла і выключылі з Камуністычнай партыі.

Цяпер выбрыкі Бондаравай ябацькамі ўспрымаюцца ўжо не як загад да неадкладнай расправы над тымі, хто ёй не падабаецца, а толькі як чарговыя дзівацтвы.

Новыя абліччы «рускага свету»

Зрэшты, колькасць падпісчыкаў на канале Бондаравай расце, а таксама з'яўляюцца новыя паплечнікі ў барацьбе супраць усяго беларускага. Такім стаў Міхаіл Юспа, які стварыў на розных сэрвісах цэлую сетку сваіх каналаў. 

Міхаіл Юспа ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1». Скрыншот відэа

Мяркуючы па колькасці рэпостаў на канале Бондаравай, Юспа заняў месца галоўнага фаварыта даносчыцы, падціснуўшы яе сябровак Таццяну Сідаровіч і Святлану Жыгімонт. 

Міхаіл Міхайлавіч Юспа сёння працуе навуковым супрацоўнікам кафедры філасофіі і метадалогіі ўніверсітэцкай адукацыі Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы. Сябе ён называе палітолагам і міжнароднікам, відаць, на той падставе, што скончыў у 2007 годзе факультэт міжнародных адносін БДУ.

Ніякіх навуковых публікацый аж да апошняга часу не меў, бо быў заняты іншым. Раней, як уся ягоная сям'я, ён займаўся спартыўным функцыянерствам. Ягоны бацька Міхаіл Барысавіч Юспа сёння займае пасаду дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДУФК, Таццяна Юспа, якая, відаць, даводзіцца яму маці, працуе старшай выкладчыцай кафедры аздараўленчай фізічнай культуры БДУФК, а брат Антон Юспа з'яўляецца членам Выканкама НАК Беларусі і дырэктарам Беларускай тэніснай федэрацыі.

Нешта спрабаваў стварыць і малодшы Міхаіл Юспа. У лютым 2019 годзе ён зарэгістраваў адразу тры маладзёжныя арганізацыі — Федэрацыя сёрфінга і кайтспорту, Федэрацыю вулічнага спорту і Федэрацыю камп'ютарнага і роба спорту. Дзейнасць першых дзвюх была прыпынена ў 2024 годзе.

«Пра ролю дзярждэпа ЗША ў беларусізацыі і дэрусіфікацыі». Міхаіл Юспа актыўна змагаецца з усім беларускім у Беларусі, у чым яго горача падтрымлівае і Бондарава, і Мірсалімава. Скрыншот канала 

У 2022 годзе Юспа працаваў намеснікам начальніка цэнтра прасоўвання адукацыйных паслуг БДУІР, тады ж ён завёў уласны тэлеграм-канал, каб прасоўваць свае антыбеларускія наратывы. У 2023 годзе стаў аспірантам РІВШ і выйшаў з тымі ж маргінальнымі тэзісамі ў беларускую навуку.

На Гусеўскіх чытаннях ёй выступаў з тэмай «Выклікі новага часу для калектыўнага сімвалічнага капіталу арміі Расіі», на сімпозіуме ў маскоўскім МДЛУ — з дакладам «Фактар ​​мовы ў калектыўным сімвалічным капітале цывілізацыі», дзе распавядаў, што беларуская мова сфарміравалася першапачаткова як руская, але за кошт запазычанняў стала відазмяняцца, а значыць яна прадукт цывілізацыйнага сутыкнення і замяшчэння светапоглядаў.

Супрацьстаянне «рускага свету» і «літвінскай ініцыятывы» Міхаіл Юспа бачыць на паліцах віна-гарэлачных аддзелаў. Скрыншот канала 

Як і Бондарава, Юспа ў сваім канале старанна вышуквае «шляхецкую крамолу» на паліцах віна-гарэлачных аддзелаў у крамах, у адзенні пасажыраў метро, на вывесках і ў публікацыях умераных лукашыстаў. Ворагамі і памагатымі прыхільнікаў перамен у барацьбе з іхнім «рускім светам» абвешчаны Пятроўскі, Шпакоўскі, Дзермант, Марзалюк, Тур, Вараніца, Серада і многія іншыя.

Зрэшты, вялікай папулярнасці ягоны канал пакуль не займеў. 

Трунары Бондаравай

Пасля блакавання канала «За Саюзную дзяржаву Беларусі і Расіі» праціўнікі Бондаравай з ліку ябацек пагражаюць пераследам ёй і яе прыхільнікам («вамбатам»), якія актыўна рэпосцілі гэты канал 

Насупраць, у піку ім сталі ўзнікаць каналы, дзейнасць якіх скіравана калі не на падтрымку беларушчыны і ідэі незалежнасці, то прынамсі супраць антыбеларускай кодлы. 

Такія каналы як Paganus, «Борщ с капустой, но не красный» і асабліва «Для служебного пользования» падрабязна фіксуюць усе антыбеларускія і антыдзяржаўныя выказванні, якія з'яўляюцца ў каналах і чатах «бондараўцаў».

Метады барацьбы супраць Бондаравай дакладна паўтараюць тыя, што яна сама выкарыстоўвала супраць іншых. Чыя зброя акажацца мацнейшай? 

Прызнанне экстрэмісцкім канала «За Саюзную Дзяржаву Беларусі і Расіі» стала для іх сапраўдным падарункам.

Калі Бондарава дыстанцыянавалася ад «экстрэмісткі» Мірсалімавай (незразумела чаму, але ў допісах сваіх апанентаў яна часта фігуруе як «свіння-капілка») і абвінавачвала яе ў розных грахах, то канал Шыптэнкі — гэта тое, што аб'ядноўвала іхнія лагеры. Усе яны масава рэпосцілі і цытавалі яго допісы, а цяпер над кожным з іх павіс дамоклаў меч.

На канале «Белоруска «топит» Таццяна Сідаровіч заяўляе, што прынцыпова не будзе чысціць экстрэмісцкія допісы і гатовая за гэта адседзець 

Па сваёй наіўнасці яны мяркуюць, што каб не трапіць пад палітычныя рэпрэсіі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў дастаткова таго, што канал Шыптэнкі перайменавалі ў «Мядзельскі суд» і перанеслі пад іншы нікнэйм. Практыка палітычнага пераследу кажа, што гэтага недастаткова. 

Частка прыхільнікаў Бондаравай упэўненыя ў сваёй недатыкальнасці і адмаўляюцца выконваць рашэнні суда. Таццяна Сідаровіч, якая вядзе канал «Белоруска «топит», заявіла, што прынцыпова не будзе чысціць свой канал ад забароненых допісаў: «Можаце судзіць, садзіць. Значыць, будзе прэцэдэнт. Дажылі». 

Прабеларускія каналы гэта ўсё фіксуюць і пагражаюць, як калісьці пагражалі ўсім «бондараўцы», пераследам за парушэнне беларускага закона. 

Рыгор Азаронак пагражае абодвум лагерам адразу

Рыгор Азаронак, які і сам па натуры бліжэйшы да ідэяў «рускага свету», вымушаны адной рукой пісаць з'едлівыя кпіны з прыхільнікаў забароненага Шыптэнкі, а іншай пагражаць прабеларускім лукашыстам.

Але ўжо і яго запатрабаванасць не падаецца настолькі гарантаванай.

Агрэсіўныя нападкі на ўсё беларускае спарадзілі рэакцыю нават там, дзе ужо не чакалі яе пабачыць — у лагеры лукашыстаў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Сяржук
    13.10.2024
    Я за прабеларускіх лукашыстаў. Калі жабы ды гадзюкі, то я лепш на баку жаб буду
  • Вальтэр
    13.10.2024
    Жарстокі ня толькі перасьлед ў гэтым жыцьці такіх, хто думае іначай ад нас, але ня пэўны, ці ня дзёрзка нават казаць пра іхі вечны праклён.
  • Эва Хол
    13.10.2024
    Ня згодная ні з адным вашым словам, аж біцьмуся сьмяротным боем за вашае права выказацца

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх11

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх

Усе навіны →
Усе навіны

Як можа змяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы

Стане яшчэ халадней3

Лукашэнка прапанаваў вырошчваць у Гомельскай вобласці персікі9

«Субстанцыя»: новы хорар з Дэмі Мур не шкадуе нікога5

Версія пра кантакты Гуцэрыева і амерыканцаў: яго паслаў Лукашэнка13

Легенда амерыканскага спорту парваў на кавалкі фатаграфію Дональда Трампа8

Хурма, баравікі, памідоры і нават гранаты. Што можна ўхапіць на Камароўцы ў сярэдзіне восені

Беларускі гурт Intelligency выпусціў першы за два гады альбом. Раней хіт August прынёс ім сусветную вядомасць2

У Магілёве пасажырскі аўтобус урэзаўся ў слуп ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх11

Прабеларускія лукашысты яднаюцца супраць прарасійскіх

Галоўнае
Усе навіны →