У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна
Амаль тры дзясяткі маскоўскіх гандлёвых аб'ектаў і бізнес-цэнтраў, звязаных з былым уладальнікам банка «Югра» Аляксеем Хоціным, былі канфіскаваны судом на карысць дзяржавы. Як піша «Коммерсант», агульная плошча канфіскаванай нерухомасці перавышае 1,5 млн кв. м.

Эксперты рынку нерухомасці адзначаюць, што многія з гэтых аб'ектаў даволі старыя і патрабуюць рэнавацыі. Але амаль усе яны размешчаны ў месцах з добрай праходнасцю і транспартнай даступнасцю.
Асноўная каштоўнасць гэтых аб'ектаў — гэта іх размяшчэнне. Нягледзячы на тое, што многія з іх ужо маюць свой век, тым не менш там ёсць пул арандатараў, яны працуюць, і гэтыя месцы, скажам так, намоленыя, туды ходзяць людзі», — пракаментаваў віцэ-прэзідэнт маскоўскага Саюза гандлёвых цэнтраў Павел Люлін.
Спецыялісты кажуць, што сярод канфіскаваных аб'ектаў ёсць шмат цікавых. А самым «ласым кавалкам» з іх называюць знакаміты «Гарбушкін двор» плошчай 60 тыс. кв. м у прэстыжным раёне на захадзе Масквы.
Магчыма, некаторыя з менш удалывых праектаў закрыюць або знясуць. А на іх месцы пабудуюць нешта новае. Дарэчы, нядаўна ў Маскве былі нацыяналізаваныя такія важныя аб'екты з партфеля Аляксея Хоціна, як гатэль Four Seasons, размешчаны насупраць Крамля.
***
Аляксей Хоцін і яго бацька Юрый доўгі час лічыліся аднымі з найбольшых уладальнікаў камерцыйнай нерухомасці ў Расіі. У 2012 годзе Аляксей Хоцін таксама стаў асноўным уладальнікам банка «Югра».
У дачыненні да Аляксея Хоціна было заведзена некалькі крымінальных спраў аб растраце на дзясяткі мільярдаў расійскіх рублёў. У сакавіку 2024 года па адной з гэтых спраў Хоціна прысудзілі да дзевяці гадоў калоніі. У лістападзе ён аб'явіў аб намеры адправіцца ваяваць ва Украіну.
Каментары