Грамадства1515

Ціханоўская: Дзеці хутка вернуцца да мяне ў Варшаву. Вельмі чакаю

Пачынаючы са снежня мінулага года былы палітзняволены Сяргей Ціханоўскі практычна не з’яўляецца ў беларускай медыяпрасторы: не робіць заяў, амаль не дае інтэрв'ю журналістам, а на ягоным канале зрэдку выходзяць дзяжурныя відэа. Што здарылася з Сяргеем і ці ўсё ў яго добра? Пра гэта, а таксама пра дзяцей і жыццё ў Варшаве, выданне «Люстэрка» распытала лідарку дэмакратычных сіл Святлану Ціханоўскую.

Святлана і Сяргей Ціханоўскія з дзецьмі Карнеем і Агніяй. Жнівень 2025 года. Фота: Instagram-акаўнт Святланы Ціханоўскай
Святлана і Сяргей Ціханоўскія з дзецьмі Карнеем і Агніяй. Жнівень 2025 года. Фота: Instagram-акаўнт Святланы Ціханоўскай

— У яго ўсё добра. Цяпер вывучае англійскую мову [у ЗША], — растлумачыла Ціханоўская. — Ён, вядома, у нейкі момант вернецца. Можа, у палітыку, можа, у блогерства. Гэта ўжо ён сам для сябе абярэ. Я вельмі радая, што яму ўдаецца даволі шмат часу бавіць з дзецьмі. Ён нібы наганяе той час, што быў без іх. Ім, вядома, цяжкавата, бо два падлеткі ў сям'і — гэта няпроста. Але ён дае рады, ён вялікі малайчына. Мы кожны дзень з імі на сувязі. І, вядома, я хацела б падтрымаць усе яго намаганні. Цяпер ён вырашыў трохі выдыхнуць, скажам так, заняцца сабой, а потым ужо абярэ, чым будзе займацца далей.

— То-бок пакуль планаў у яго няма?

— Давайце пра яго планы будзеце пытаць у яго.

— А дзеці дагэтуль з ім, не ў Польшчы?

— Яны хутка вернуцца.

— Чакаеце іх ужо, відаць?

— Ой, вельмі чакаю.

— Як яны ўсё гэта ўспрымаюць? Зноў новая краіна, новыя ўмовы…

— Ой, слухайце, усім нашым беларускім дзецям выпаў такі лёс, калі незразумела, дзе яны будуць заўтра. Разарваныя сем'і і страчаныя сябры ў Беларусі — гэта ўсё, вядома, цяжкасці. Але, гледзячы на сваіх родных, на бацькоў, бачачы, што яны спраўляюцца, падтрымліваюць адно аднаго, дзеці лепш прывыкаюць да новых абставін. Я бачу, колькі іх пайшло ў польскія ці літоўскія школы. Усе адаптуюцца, вучацца, знаходзяць новых сяброў.

Вядома, мы, беларусы, стараемся, каб дзеці сябравалі з беларусамі, але гэта не абмяжоўвае іх. І таму я думаю, што знойдуцца і новыя сябры, і новыя перспектывы. І наогул… Ведаеце, у нас ёсць такое разуменне: дзе дрэва пасадзілі, там яго і трэба вырошчваць. З пункту гледжання радзімы так і ёсць. Але [эміграцыя] — гэта таксама шанец для дзяцей убачыць іншы свет з розных бакоў.

— Як Сяргей спраўляецца? Ці пытае ў вас парады, ці тэлефануе паскардзіцца на іх?

— Надзіва добра спраўляецца. Мы ж разумеем, што яго пяць гадоў не было, так? Ды і раней ён вельмі шмат працаваў, то-бок дзеці былі ў асноўным на мне. Цяпер яны ўжо падраслі, самастойна могуць сабе і паесці прыгатаваць. Але і дзёрзкія становяцца.

У таты там свае метады выхавання. У мяне была дысцыпліна. Бо мама сказала — трэба рабіць, не саскочыш, хоць я і вельмі добрая мама. А тата… Ён так доўга быў без іх, ён хоча іх любоўю ахінуць. Таму такі нястрогі бацька аказаўся. Але ўсё роўна ён вельмі добра спраўляецца. У мяне нават няма ні каліва хвалявання, што нешта можа пайсці не так. І ўсё, што трэба, і купіць, і прыгатуе, і ўрокі павучыць, сядзіць там з імі, «змагаецца». Вядома, калі мы стэлефаноўваемся, можа паскардзіцца: «Цяжка, дзеці не слухаюцца, пабіліся», — ці яшчэ нешта. Але гэта абсалютна па-добраму. Я кажу: «Ты там больш цвёрды будзь з імі».

— Гэта вы яму кажаце быць «больш цвёрдым»?

— Так! А ён: «Ну я не магу, гэта ж дзеці».

— Як вы падтрымліваеце адносіны? Вы ж у розных гадзінных паясах. Вы ноччу з імі стэлефаноўваліся?

— У мяне ёсць перыяд часу ўвечары. Прыходзіш з працы стомленая, але ведаеш, што там дзеці. Я часта ўрокі вучу з імі. Але мы — беларускія жанчыны, мы спраўляемся.

Святлана Ціханоўская і міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс (справа) падчас адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільнюсе. Літва, 12 траўня 2026 года. Фота: прэс-служба Офіса Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская і міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс (справа) падчас адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільні. Літва, 12 траўня 2026 года. Фота: прэс-служба Офіса Ціханоўскай

— Падчас цырымоніі адкрыцця інфармацыйнага пункта Рады Еўропы ў Вільні журналісты абмяркоўвалі, што пасля пераезду ў Варшаву вы пачалі лепш выглядаць. Сакрэт у тым, што дзеці з бацькам?

— (смяецца) Я не ведаю, наколькі лепш цяпер выглядаю, чым калі-небудзь. Але ведаеце, я пачала больш уважліва ставіцца да здароўя. Я ж таксама як жанчына бачу, што папраўляюся, хоць перыядычна і рэгулярна займаюся спортам. І калі ўжо разумееш, што вось-вось на мяжы, лічба на вагах цябе не задавальняе, пачынаеш худнець. Хоць у Варшаве я неяк яшчэ не асела, не знайшла пакуль сваёй спартзалы. Пакуль у мяне ёсць анлайн-трэнер, з якім я займаюся.

Але ведаеце што? Калі пачаліся першыя масавыя вызваленні людзей, нават не пасля першай групы і не пасля таго, як Сяргея вызвалілі, а, відаць, пасля трэцяй ці чацвёртай, я ўпершыню змагла ўздыхнуць. Бо ўсе гэтыя гады (і гэта не для краснага слоўца кажу) я жыла з пастаянным каменем на душы. А тут нібыта пайшла дынаміка — і я выдыхнула. Нават магу часам радавацца. Напрыклад, пабывала ў Варшаве ўжо на двух канцэртах. Людзі клічуць, нешта арганізоўваецца. Я тут (гаворка пра Вільню. — Заўв. рэд.) была адна і адна. Праца-дзеці, праца-дзеці.

Ну і яшчэ, відаць, таму, што спяшацца дадому не трэба. Так, і гэта таксама дапамагло. Ты можаш больш часу надаць грамадскім справам, некуды выйсці, недзе з кімсьці пасядзець, пагаварыць. У кавярні спакойна кавы выпіць. У Вільні не магла такога дазволіць, бо адразу бегла да дзяцей, урокі вучыць… Таму я вельмі ўдзячная Сяргею, што ён цяпер дапамог мне трошкі. Бо быў такі перыяд цяжкаваты

— Як вам у Варшаве? Не сумуеце па Вільні?

— Па Вільні я заўсёды буду сумаваць, бо гэта мой другі дом — так атрымалася. Заўсёды буду з вялікай удзячнасцю ўспамінаць гэтыя пяць гадоў, якія тут пражыла. Але, вядома, у больш агульным сэнсе — гэта ўдзячнасць пазіцыі Літвы, што яна прымае беларусаў, палітвязняў. Гэтая ўдзячнасць ужо ніколі і нікуды не знікне.

Што да Варшавы, то там іншая, большая, прысутнасць беларусаў, больш арганізацый, ініцыятыў. Не хачу пакрыўдзіць беларускую супольнасць у Літве, але ў Варшаве больш жыцця за кошт гэтага. Таму я там больш занятая беларусамі, чым была ў Вільні.

Пакуль у нас яшчэ няма свайго памяшкання, мы над гэтым працуем. У Вільні мы, вядома, запрашалі ініцыятывы, праводзілі розныя сустрэчы. Але Офіс у Літве быў больш такім адасобленым. У Варшаве я хачу, каб частка памяшкання Офіса стала хабам для ўсіх беларусаў. Каб кожны мог прыйсці, калі трэба папрацаваць, правесці нейкае мерапрыемства.

Хоць там ужо вельмі шмат цудоўных беларускіх месцаў: і ЦБС (Цэнтр беларускай салідарнасці), і Беларускі дом, і Музей вольнай Беларусі, напрыклад, які заўсёды прымае беларусаў. Але з’явіцца яшчэ адно такое месца.

— Можа, літоўскія ўлады ўжо спрабуюць клікаць вас назад?

— Няма такога намеру. Не хачу нікога пакрыўдзіць — мы ўсе разумеем абставіны. Офіс у Вільні застаецца дыпламатычным цэнтрам Офіса Святланы Ціханоўскай. І ён мае дыпламатычную акрэдытацыю. Я вельмі ўдзячная Літве, што, нягледзячы на мой пераезд, Офіс жыве, праводзіць шмат сустрэч і вельмі актыўна працуе з уладамі на розных узроўнях. Офіс — гэта не толькі пра Святлану Ціханоўскую, гэта інстытуцыя, якая павінная працаваць.

— А калі б запрасілі, вы б вярнуліся ці ўжо не?

— Палітычна я не разумею, як такое наогул можа адбыцца.

Каментары15

  • хм..
    14.05.2026
    калі тата больш добры, чым мама, то можа і не так хутка вернуцца... калі яшчэ вернуцца...
    тым больш, што там Амерыка і ўсё такое... а нейкая тут Польшча
  • Еду я ў Амерыку
    14.05.2026
    На зялёным веліку
  • Неверагодныя
    14.05.2026
    Якая таленавітая сям'я! Спачатку вывучылі літоўскую мову, зараз польскую вывучаць. Лукаботам на зайздрасць!

Цяпер чытаюць

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу11

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу

Усе навіны →
Усе навіны

У Маскве пахавалі генерал-маёра Плахатнюка, які загінуў на дні нараджэння генерала Чайко9

«Забойца Вікіпедыі» ад Ілана Маска ўсё? Grokipedia перастала абнаўляцца7

Вялікая партыя абутку «Белвест» згарэла пры пажарах на складах Wildberries9

Наста Рагатко расказала, колькі зарабіла на сваёй кнізе19

«Многія людзі стануць непатрэбнымі». Сузаснавальнік EPAM пра сяброўства з Добкіным, багацце і няроўнасць, жыццё ў Латвіі і настальгію22

«Белавія» купіла тры «Боінгі». Яны прыляцелі з самай малой краіны Афрыкі9

Прафесійны догляд без візіту ў салон: легендарны брэнд WAHL выпусціў лінейку для стрыжкі дома2

«Белавія» назвала топ-5 самых загружаных маршрутаў

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі56

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу11

«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць