Грамадства55

«У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў». У АПК з’явіўся адказны за легалізацыю беларусаў за мяжой

Аб’яднаны пераходны кабінет 25 лістапада прызначыў Віталя Маўчанава намеснікам прадстаўніцы Кабінета ў сацыяльнай палітыцы. Адносна праблем, якія яму давядзецца развязваць, з Маўчанавым пагаварыў «Белсат».

Віталь Маўчанаў родам з Мінска, да 2020 года займаўся бізнэсам. У 2020-м заснаваў механізм перадачы інфармацыі пра хапуны падчас адключэння інтэрнэту, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пазней выступіў сузаснавальнікам Беларускага дома ў Талліне і Народнай амбасады ў Эстоніі. У 2022 годзе стаў прадстаўніком Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі, а з 2023-га рэпрэзентуе Офіс і ў Латвіі. 

Маўчанаў расказаў «Белсату», што зрабіўся намеснікам прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы, але застаўся таксама прадстаўніком Офіса Ціханоўскай у Латвіі і Эстоніі, працягвае займацца праблематыкай гэтага рэгіёну.

Што да сацыяльнай палітыкі, то Маўчанаву паставілі задачу скаардынаваць працу грамадскіх і праваабарончых арганізацыяў, якія дапамагаюць беларусам з легалізацыяй у розных краінах. 

«Я другі дзень на пасадзе, ужо паступаюць пытанні ад беларусаў, якія нелегальна застаюцца дзесьці ў Еўропе і хочуць легалізавацца, яшчэ нейкія ёсць пытанні, — расказвае Маўчанаў. — Асноўная задача — гэта дасылаць гэтыя пытанні да праваабарончых арганізацый».

Нават не першая, а «нулявая» задача — гэта пытанні экстрадыцыі і дэпартацыі, працягвае ён. Для тых, каго высылаюць у Беларусь, сур’ёзна стаіць пагроза зняволенняў і катаванняў. Пытанне паўстала яшчэ да экстрадыцыі з В’етнама ў Беларусь былога ваяра Палка Каліноўскага і сябра Каардынацыйнай рады Васіля Верамейчыка. Паводле слоў Малчанава, прызначэнне кагосьці на працу з гэтай тэмай абмяркоўвалася яшчэ на трэцяй канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні.

Што рабіць чалавеку, якому пагражае дэпартацыя ці экстрадыцыя? Малчанаў прызнае, што гэта складанае пытанне. У выпадку з тым жа Верамейчыкам дэпартацыя адбылася вельмі хутка, часу абараніць Верамейчыка не было.

Малчанаў найперш заклікае не ездзіць у краіны, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі. Асабліва гэта тычыцца ветэранаў Палка Каліноўскага і іншых ваяроў, якія баранілі Украіну, бо яны для рэжыму Лукашэнкі — найпершая цэль. Ён таксама заклікае пытаць пра пагрозы і паездкі нават у краіны кшталту Турцыі (пазначаныя не чырвоным, а жоўтым на сайце Pashpart.org) у Кабінета, Офіса, праваабарончых ініцыятыў.

Грузію, працягвае ён, дэмакратычныя сілы не лічаць абсалютна бяспечнай для беларусаў: хоць з Грузіі ў Беларусь пакуль не выдаюць людзей, якім пагражае палітычны пераслед, але там цяпер «свае палітычныя рэчы адбываюцца». Грузія застаецца «самай праблемнай» у пытаннях легалізацыі беларусаў.

У Еўрасаюзе пытанні легалізацыі наладжаныя лепш, але і там бываюць праблемы, адзначае Малчанаў. Гэтыя пытанні, падкрэслівае ён, разглядаюць не Офіс ці Кабінет, а ўлады адпаведнай краіны. Праблемы застаюцца і з пашпартамі, і падарожнымі дакументамі («замяняльнікамі пашпартоў» для тых, у каго скончыўся пашпарт і ў каго няма магчымасці з’ездзіць у Беларусь для замены пашпарту праз пагрозу палітычнага пераследу).

Ва Украіне беларусы таксама маюць праблемы з легалізацыяй, бо на беларусаў глядзяць як на грамадзян краіны-суагрэсара. На нядаўнім форуме Астрожскіх у Кіеве амбасадар па асаблівых даручэннях Украіны ў Беларусі Ігар Кізім казаў, што пытанні легалізацыі беларусаў не можа вырашыць ніхто акрамя саміх беларусаў. Малчанаў расказаў, што трымае добры кантакт з кіраўніком місіі дэмакратычных сілаў у Кіеве Генадзем Маньком, займаецца гэтымі пытаннямі. 

Але Кізім мае рацыю, працягвае Малчанаў: 

«У кожнай краіне толькі ад беларусаў залежыць іхняя легалізацыя».

Ён прыводзіць прыклад. Да яго прыходзяць і кажуць, што ў пэўнай краіне беларусам не выдаюць пашпарты замежніка. Глядзіць — а ў гэтай краіне наогул не выдаюць такія пашпарты, няма такога тыпу дакументаў. Каб з’явіўся, трэба ісці ў парламент. Першае, што можна зрабіць, гэта пісаць лісты ў парламент ад дыяспары, якая раскажа пра свае праблемы. Пасля такіх лістоў парламент можа пачаць разгляд праблемы.

У мностве парламентаў ёсць групы «сяброў дэмакратычнай Беларусі». Напрыклад, такая група ёсць у парламенце Латвіі. Але для вырашэння праблемы з машынамі на беларускіх нумарах у Латвіі трэба было, каб «дыяспара прыйшла і сказала, што нам трэба так» — самой наяўнасці прабеларускай групы, як і дзейнасці дэмакратычных сілаў, было недастаткова.

«Дэпутаты чуюць тых, хто жыве ў іхняй краіне, больш, чым тых, хто не жыве, бо гэта патэнцыйныя выбаршчыкі, — тлумачыць Малчанаў. — Мы не можам прыйсці ў нейкую краіну і сказаць: «Зрабіце, калі ласка, закон, каб у беларусаў былі пашпарты замежніка». Так не працуе. Першы запыт павінен быць ад беларусаў, якія жывуць у краіне».

Малчанаў дадае, што не толькі Украіна, але і іншыя краіны могуць успрымаць беларусаў як грамадзян краіны-суагрэсара. Менавіта таму ў беларусаў могуць быць і іншыя пытанні, як то з атрыманнем візаў.

Каментары5

  • Квас
    27.11.2024
    Дай Бог ему удачи в этом нелёгком деле.
  • Быўшая бабарыканка
    27.11.2024
    «У кожнай краіне ўсё залежыць толькі ад беларусаў» - а для чаго тады ты?
    "У выпадку з тым жа Верамейчыкам дэпартацыя адбылася вельмі хутка, часу абараніць Верамейчыка не было"- дэпартацыя заўсёды хутка, а да таго чаго соплі жувалі "дэмакратычныя сілы"? Ведалі пра праблему даўно. Хіба дэпартацыі і чакалі?
  • Безответчик за Легализацию
    27.11.2024
    Я для грантов. Ещё вопросы?

Цяпер чытаюць

На сустрэчы Лукашэнкі з бізнэсменамі нікому з іх не далі сказаць ні слова? А цэнтральнай задачай было запалохаць Кім

На сустрэчы Лукашэнкі з бізнэсменамі нікому з іх не далі сказаць ні слова? А цэнтральнай задачай было запалохаць Кім

Усе навіны →
Усе навіны

Літва спыніла транзіт беларускага алею, вырабленага з украінскага рапсу

Сацыёлагі пасля заявы Трампа расказалі пра рэйтынг Зяленскага11

Вяртанне беларускіх біятланістаў на міжнародныя спаборніцтвы зараз нават не разглядаецца

На будоўлі ў Мінску знайшлі парэшткі 40 чалавек2

«Мінсктранс» пракаментаваў абвесткі ў грамадскім транспарце на рускай мове29

«Камусьці будуюць фантаны, а ў нас няма дарог!» Абураныя жыхары Фаніпаля звярнуліся да Турчына7

«Беларусы гавораць» — новы трэд, які ўзварушыў Threads6

Польшча плануе ўкараніць біяметрыю пры запісе на візу1

У жыхароў «Мінск-Света» дыягнаставалі ліфтафобію. У адным з дамоў творацца вельмі дзіўныя рэчы11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На сустрэчы Лукашэнкі з бізнэсменамі нікому з іх не далі сказаць ні слова? А цэнтральнай задачай было запалохаць Кім

На сустрэчы Лукашэнкі з бізнэсменамі нікому з іх не далі сказаць ні слова? А цэнтральнай задачай было запалохаць Кім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць