Грамадства33

Акцёр і рэжысёр Ігар Забара: А яшчэ ў нас ёсць казёл. Яго завуць «Шайгу»

Акцёр і рэжысёр Ігар Забара, які жыве ва Украіне, распавёў «Салідарнасці», чаму яго не ўзялі ва УСУ, што раіць беларусам і як ратуюць «шалёныя перцы», калі над галовамі ляцяць бомбы

Шмат хто памятае і любіць Ігара Забару яшчэ з тых часоў, калі ён граў Чорта ў «Камедыі», а ў культавым спектаклі «АРТ» Мікалая Пінігіна ззяў на сцэне разам з Віктарам Манаевым і Сяргеем Жураўлём (ужо нябожчыкам).

Потым Забара быццам знік, а насамрэч ужо 15 год як шчасліва жанаты на яскравай украінцы Хрысціне, з якой вырошчвае шалёныя перцы, робячы вострыя джэмы-соусы ды іншыя прысмакі, сабе і на продаж. Ва ўкраінскім сяле на мяжы з Беларуссю. 

— Ігар, як вы выжываеце сёння?

 — Мы аптымісты, да таго ж людзі прызвычайваюцца да ўсяго. Спачатку было дужа страшна, у 2022-м, калі хаваліся ў склепе.

А зараз бомбы лётаюць наўпрост ужо над намі. Шахеды ляцяць з боку Беларусі праз нас на Кіеў. І амаль над намі збіваюць усю гэтую херню.

Але ж мы так прызвычаіліся, што ўжо не хаваемся. Бо тут няма бомбасховішчаў. І амаль кожную ноч у нас такі «феерверк», што мама дарагая. 

 — Дакладна з боку Беларусі?

 — Ракеты і «шахеды» ляцяць жа не па адной траекторыі. Яны наўмысна мяняюць кірунак, каб абысці нашу супрацьпаветраную абарону. Таму і кружацца з усіх бакоў.

А наша сяло бліжэй да Беларусі і, каб даляцець да Кіева з поўначы, ім трэба ляцець менавіта з боку Беларусі. Некаторыя збіваюцца з курсу і ляцяць праз мяжу да Лукашэнкі.

Вось і ўчора над нашай хатай з боку Беларусі неслася 5 беспілотнікаў. А мы ўжо вяртаем іх назад, і яны зноў ляцяць на Беларусь. І гэтак амаль кожную ноч.

Таму па факце РБ па нам нічога не запускае, але часцяком ляціць да нас менавіта з боку Беларусі.

Але зараз мы адчуваем сябе спакайней, чым калі б жылі ў Кіеве, дзе былі да вайны. Бо кватэра на 9-м паверсе, і кожную ноч трэба было б бегчы ў бомбасховішча.

Зараз жывем на сяле, у нас тут ферма, вырошчваем свае ўлюбёныя «шалёныя перцы», і праца нас неяк ратуе. Мы ўвесь час працуем, таму зямля нас лекуе.

«Яны выехалі і выратавалі сваё жыццё, але не выратавалі беларусаў, якія засталіся ў краіне»

 — Заўсёды чамусьці лічыла вас беларусам, а вы з Палтавы. Ці былі негатыўныя водгукі ў ваш бок ва Украіне пасля пачатку вайны?

 — Былі нюансы, ёсць і дагэтуль. Скажу, што я першы рэжысёр ва Украіне, які даў мажлівасць беларусам, сваім таварышам, працаваць у маіх праектах. Гэта і Алег Гарбуз, і Толік Кот, Міша Есьман.

Ва Украіне я шмат каго пераконваў, што гэта самыя файныя акторы. І многія з іх даволі яскрава спрацавалі ў маіх серыялах ужо тут. Гэта было да вайны.

Але з той пары мы не маем зносін, бо маё стаўленне да беларусаў змянілася. На жаль. І нават да маіх сяброў. Бо ведаеце, мо гэта жорстка, але думаю, што быць апазіцыянерам за кардонам — гэта нядобра. Трэба рабіць сваю справу ў сваёй краіне. Яны выехалі і выратавалі сваё жыццё, але не выратавалі жыцця беларусаў, якія засталіся ў краіне.

Калі ў вас у Беларусі ў 2020-м быў бунт, мне здавалася, што трэба яго давесці да канца. Чаго ж вы, беларусы, супыніліся, знялі тапкі і сталі на лавачкі? Чаму вы не ішлі да рэзідэнцыі, не дарабілі справу?

А вы ведаеце, што зараз у Беларусі робіцца? Кожны дзень затрыманніператрусы, арышты…

— Што вы кажаце! Не можа быць, ай-яй-яй… Гэта вы зараз мне і маім аднавяскоўцам, на каго кожны дзень ляцяць бомбы?

«Як быў бы адзін Гарбуз — яго б пасадзілі, а каб такіх было 100 тысяч — то не»

Вы ўзгадалі свайго колішняга сябра Алега Гарбуза, які зараз жыве ў Варшаве, а з 94-га быў супраць Лукашэнкі і лічыць, што Расея не мае права існаваць у цяперашнім выглядзе. Яго мара каб Беларусь стала свабоднай, а Расея распалася….

— Чакайце, ён марыць пра гэта за мяжой? Ну дык за мяжой шмат хто пра гэта марыць. А што ён робіць дзеля гэтага?

Вам было б лягчэй, калі б Гарбуз зараз сядзеў у беларускай турме?

— Як быў бы адзін Гарбуз — яго б пасадзілі, а каб такіх было 100 тысяч — то не. Вы былі на адзін крок да перамогі. Калі б беларусы тады, у 2020-м, пайшлі далей… Калі б вы Лукашэнку даціснулі — ужо б амаль пяць год было б усё добра. А так што казаць, бесхрыбетнасць.

І што раіце беларусам у сённяшніх умовах?

— Адстойваць сваю незалежнасць, як гэта рабілі ўкраінцы. Выходзіць на свой Майдан. Так, будуць загінулыя, але ўсё ж такі раней ці пазней, але ж будзе і незалежнасць.

Я не абвінавачваю беларусаў, але ж зараз вы расхлёбваеце тое, што самі ж не даціснулі. Вашы свядомыя хлопцы пайшлі і зрабілі полк Каліноўскага ва Украіне. І зараз змагаюцца на баку Украіны, б’юць м***ў. І гэта выйсце. А калі Украіна пераможа — то мы і вас таксама падцягнем.

— Дык вось Алег Гарбуз і казаў, што калі ў Польшчы зробяць украінскае падраздзяленне — ён гатовы ўзяць у рукі зброю і змагацца за Украіну. Бо яму таксама надакучыла, калі пра беларусаў кажуць, што мы можам толькі «ныць».

— Ну дык Алег можа прыехаць да нас, ва Украіну, не чакаючы мабілізацыі ў Польшчы. Хай прыязджае, будзе жыць у мяне, завяду яго ў ваенкамат, дадуць зброю і пойдзе ваяваць.

Алег Гарбуз і Ігар Забара

— Хтосьці заўважыць, што вы вось жа не ўзялі зброю, даруйце.

— Мне 62 гады. Але ў 2022-м я хадзіў у ваенкамат запісвацца ў ЗСУ. Мне выдалі позву. Пайшлі з жонкай на базар і набылі мне здаравенны ваенны заплечнік.

Жонка сказала: «Дай мне тэлефоны ўсіх сваіх камандзіраў, каб я ведала, дзе і з кім ты будзеш жыць (смяецца)». Збірала валізу і ўвесь час плакала.

Але ў ваенкамаце сімпатычная дзяўчына сказала мне: «Ігар Уладзіміравіч, вам праз тры месяцы 60 гадоў. Таму бярыце вуду і ідзіце лавіць рыбу».

На медкамісіі я набрахаў, што ў мяне спіна не баліць, і вочы гарна бачаць. Але мяне ўсё ж рассакрэцілі. Зрабілі аналізы і адправілі дахаты. Я дужа засмуціўся, а жонка моцна ўзрадавалася.

А, і яшчэ, гэта, канешне, не лепшым чынам гаворыць пра луцкіх украінскіх хлопцаў, але ж. Калі я стаяў на медкамісіі, было яшчэ чалавек 15, з якіх мо 13 «касілі». Маладыя, але ж «там баліць і вось там». Я быў адзіны дзядок, у якога нічога не балела.

Разумею, што ніхто не хоча паміраць, але ж сваю краіну мы павінны бараніць ад злодзеяў.

«У нашым мястэчку здарылася акупацыя, у якой мы жылі 45 дзён»

Якая зараз самая вялікая для вас складанасць?

— (жонка падказвае) Правільна сабраць трывожную валізу (усміхаецца). На выпадак Трэцяй сусветнай. І трэба ж кожны дзень нешта рабіць.

А, і калі вы мне казалі, што я не пайшоў на вайну, то гэта не так. Я абараняў Кіеўскую вобласць, быў у тэрытарыяльнай абароне. Бо ў нашым мястэчку здарылася акупацыя, у якой мы жылі 45 дзён.

— Якія былі вашыя абавязкі ў тэрабароне?

— У мяне ёсць службовая аўчарка Дэ Ніра. Мне выдалі зброю, і мы стаялі тут з хлопцамі, на мяжы, і вылоўлівалі дээргэшнікаў (дыверсійна-разведвальная група расейцаў — С.). Двух нашых хлопцаў забілі.

Мы першыя, хто апынуўся перад м***і, бо яны ўваходзілі ва Украіну якраз праз наша сяло. На другі дзень пасля пачатку вайны.

Пра што тады думалі?

— Тады быў такі пад’ём, здавалася, што гэта скончыцца праз тры дні. Тады я такі дурны быў, нічога не баяўся. Здавалася, што вось зараз усіх м****ў пераб’ем.

Нам дужа пашанцавала, што ў нас былі не бураты. Камандзір расейцаў быў больш-менш нармалёвы. Мала па нас пастралялі. А ў суседніх вёсках адбываўся жах, яны ж нават сабак у вальерах расстрэльвалі…

«Я збіраю іх у «супрацьгазе». Бо іх адразу можна ў газавы балончык»

Ігар, па фэйсбуку здаецца, што вас выцягвае з тугі фірма «Шалёныя перцы» і файныя прысмакі, якія вы з іх робіце.

— У нас невялікае прадпрыемства, цяплічка, і так, мы робім усялякія соусы. Дужа багата данатуем на ЗСУ, хлопцам адпраўляем, трошкі валанцёрым, збіраем грошы на прыборы начнога бачання. У нас не такі бізнэс, каб есці чорную ікру, але на жыццё хапае.

Самае паганае, што нашы перцы трэба вырошчваць і ўзімку, а для гэтага патрэбна электрычнасць, якую часта адключаюць. Гэта найбольшая праблема.

А вы і ўзімку перцы вырошчваеце?

— Каб яны былі сапраўдныя перцы, якія можна збіраць у ліпені, іх трэба саджаць яшчэ да новага году. І галоўнае, каб ім было цёпленька. Гэта ж не балгарскія перцы, а такія гатункі — што «хімічна зброя»!

Я збіраю іх у масцы, у «супрацьгазе». Бо іх адразу можна ў газавы балончык (смяецца). Самае страшнае, калі ты забыўся што іх збіраў — і пакалупаўся ў носе…

Але ж я яшчэ і трошкі кліпы здымаю, ролікі, падпрацоўваю па прафесіі. Акторам не працую, бо жыву досыць далёка ад Кіева. А тэатраў у нас тут няма, ёсць толькі клуб на сяле. Там апошнім часам толькі пахаванні. Хлопцаў прывозяць. Заўтра ў 12 мы зноўку ідзём праводзіць у апошні шлях.

«Гэта мая маладосць і самыя лепшыя гады жыцця»

— Ігар, шмат беларусаў памятаюць вас у нашых улюбёных спектаклях: і «АРТ», і «Камедыя». Ці згадваеце вы калісьці гэтыя часы?

— Як я магу не згадваць, калі гэта мая маладосць і найлепшыя гады жыцця? Нядаўна быў дзень народзінаў у Светы Нікіфаравай, якая грала са мной у «Камедыі» Маланку. Я яе павіншаваў, паразмаўлялі. І Шуляка ўзгадваю.

Але ж самае страшнае, што мой найлепшы сябра Яўген Жураўкін, з якім разам працавалі ў Менску, зараз у Севастопалі. На баку м****ў. Я бачыў, як ён вітаў Машкова, падносіў яму паслужліва мікрафон.

— Як такое з ім адбылося?

— Пасля таго, як напачатку вайны ён сказаў мне, што «не всё так однозначно», у нас няма зносін. Ён даўно ў Севастопалі, мы да яго ездзілі да вайны, усё было класна. Тады.

Забара з Жураўкіным

Скажу больш, мне ў 2014-м, пасля Майдану, прапанавалі стаць галоўным рэжысёрам Севастопальскага драмтэатра.

— І што вы на гэта адказалі?

— Ну тады ўжо Крым быў «м****скі», і я іх паслаў. Яны ж думалі, што гэта ўсё законна, што «Крым іх».

— Якія тады былі пачуцці?

— Па-першае, мы пасварыліся з жонкай, калі я сказаў ёй пра прапанову, і што «я падумаю». Яна ў мяне такая, «зацята бандэрівка». Тры дні не размаўлялі. А яшчэ я тады набухаўся.

— А вы насамрэч думалі над гэтай прапановай?

— Ну так, бо «Севастопольский театр имени Луначарского… Ордена какого-то там хренова Ленина»… Калі шчыра, я разважаў. Там мой сябра Жураўкін, я там усіх ведаў, нават калісьці прызы атрымліваў. І «Камедыю» мы там гралі. Для мяне Севастопальскі тэатр да 2014-га быў дужа цёплы.

— Што вам жонка казала на гэткую прапанову?

— Ну гэта ў эфір нельга пускаць…

Ведаеце, Жураўкін, калі служыў у арміі, быў танкістам. А я — ракетчык. Было б цікава сустрэцца, калі б ён да нас прыехаў на расейскім танку. Нармалёвы такі сюжэт для фільму: сустрэча лепшых сяброў. Але адзін з украінскага боку, а другі — з расейскага. Вось так жыццё разводзіць нават самых блізкіх.

«Калі на душы было пагана, я ехаў у Раўбічы і шмат там гуляў»

— Ці не было ў вас думак з’ехаць з Украіны? Страшна ж.

— Мае дзве дачкі жывуць у Амерыцы. І абрываюць тэлефоны, кажучы: «Тата, не хвалюйся, грошы е, прыязджай!»

Мікалай Пінігін і Ігар Забара

Але я нікуды не паеду. Тут могілкі бацькоў, гаспадарка, тры каты, тры сабакі. Нашы перцы. Куды я паеду?

А яшчэ ў нас ёсць казёл. Ведаеце як яго клічуць? «Шайгу».

А ведаеце чаму? Каб не страшна было забіваць. Пазаўчора забілі свінню «Скабееву»…Трэба ж сябе неяк весяліць і выцягваць з гэтага ўсяго. Немажліва жыць увесь час у стрэсе.

Калі б была магчымасць прыехаць у свабодную Беларусь, што б найперш зрабілі пасля абдымкаў з блізкімі? Мо засталіся ў Менску любімыя куточкі?

— Канешне, Філармонія, Траецкае, Камароўка. Мо там яшчэ гандлюе бабуля, у якой я любіў набываць квашаную капусту? Яна яшчэ заўсёды злівала мне расол, бясплатна. Дужа смачна было!

Калі ж на душы было пагана, я ехаў у Раўбічы і шмат там гуляў.

А яшчэ з вялікім задавальненнем зайшоў бы ў стары акцёрскі буфет Купалаўскага тэатра. Пры адной умове: каб галоўным там зноў стаў Мікалай Пінігін.

З Беларуссю звязаны 15 гадоў маёй маладосці: з Менскам, з тэатрам, з сябрамі. Там і дачка нарадзілася.

Я дужа люблю Беларусь і з задавальненнем паехаў б, калі б там не было Лукашэнкі і той улады. 

Больш за ўсё б хацелася, каб сённяшняе жыццё аказалася проста страшным сном. Каб заўтра прачнуцца — і Жураўкін побач, нармалёвы, як раней. Каб Шуляк, Нікіфарава, усе нашыя акцёры, Косця Мамацюк, грымёр наш. Каб зноў гралі «Камедыю». Жураўля ўжо, на жаль, не вернеш.

Уладзімір Цэслер і Ігар Забара

Каб побач зноў былі Віця Манаеў, Зоя Белахвосцік, Коля Пінігін, Вова Цэслер, Гурыновіч і Рымашэўскі. Усе мае сябры. І каб сесьці з імі, наліць чарачку, чокнуцца и сказаць: «Хай ці кляты м***лі са зброяй у руках усе здохнуць»…

Каментары3

  • Вадзім
    29.11.2024
    Круты актор))
  • :/
    29.11.2024
    пры ўсёй павазе, што да сітуацыі ў Беларусі, то ён не ў тэме. і ніякага спачування
  • Кукуляшка
    30.11.2024
    Помним «Комедию» - семьями ходили. Это был полный восторг!

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы2

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы

Усе навіны →
Усе навіны

Гродзенскі блогер і былы палітвязень Вадзім Ермашук (Vadimati) пакінуў Беларусь

Марыі Захаравай перад вылетам на мерапрыемства АБСЕ анулявалі мальтыйскую візу7

У Клімавічах мясцовы лікёра-гарэлачны завод рэкламаваў сваю вытворчасць у школе9

Вітамін В3 можа нашкодзіць здароўю — вучоныя

Уладальніца крам у Брэсце і Гродне выпусціла адвэнт-каляндар з вельмі дзіўным напаўненнем4

Акадэмія навук: Мы можам спраектаваць электрарухавік не горшы чым «Тэсла», але гэта бессэнсоўна15

У ЗША застрэлілі кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі2

Беларускую выцінанку ўключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Палітвязня Данііла Гарасіма асудзілі на 10 гадоў калоніі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы2

Паўстанцы ў Сірыі занялі пяты па велічыні горад краіны і вызвалілі палітзняволеных з гарадской турмы

Галоўнае
Усе навіны →