Напярэдадні галасавання па імпічменце прэзідэнт Паўднёвай Карэі выбачыўся за ўвядзенне ваеннага становішча ў краіне
У першым публічным выступе пасля фіяска з увядзеннем ваеннага становішча ў краіне прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль заявіў, што прыняў гэтае рашэнне «ад адчаю», піша Бі-бі-сі.
Ён паведаміў, што пакідае «пытанне аб сваім знаходжанні на пасадзе «на меркаванне сваёй партыі «Сіла народа». Адразу пасля гэтага яе лідар Хан Дон Хун заявіў, што датэрміновая адстаўка лідара Паўднёвай Карэі непазбежная.
Зварот прэзідэнта Паўднёвай Карэі да нацыі прагучаў усяго за некалькі гадзін да галасавання ў парламенце, якое можа прывесці да яго адстаўкі.
У сваім тэлевізійным выступе, які доўжыўся каля 2 хвілін, ён папрасіў прабачэння за сваё рашэнне ўвесці ваеннае становішча ў пачатку гэтага тыдня і пакланіўся.
«Гэта рашэнне было прынята ад адчаю, — сказаў ён. — Яно прынесла людзям неспакой і нязручнасці. Я вельмі шкадую і прыношу вам свае прабачэнні». Прэзідэнт дадаў, што не будзе аб'яўляць ваеннае становішча другі раз, як гэтага асцерагаліся некаторыя яго апаненты.
Юн Сок Ёль заявіў, што пакідае «пытанне аб сваім знаходжанні на пасадзе» на меркаванне сваёй партыі. Ён не патлумачыў, што канкрэтна гэта азначае. Ён таксама не заявіў пра гатоўнасць сысці ў адстаўку і не згадаў аб маючым адбыцца ў парламенце галасаванні па імпічменце.
Гэты зварот да нацыі стаў першым публічным выступам Юн з таго часу, як ён спачатку абвясціў, а праз усяго шэсць гадзін адмяніў ваеннае становішча ў краіне, бо парламент прагаласаваў супраць яго ўказа. Пасля гэтага дэпутаты ад апазіцыі, у якіх у парламенце краіны большасць, унеслі законапраект аб імпічменце прэзідэнту, а паліцыя Паўднёвай Карэі пачала расследаванне супраць яго па падазрэнні ў арганізацыі дзяржаўнага перавароту.
Адразу пасля звароту Юн Сока да нацыі лідар прэзідэнцкай партыі «Сіла народа» Хан Дон Хун заявіў, што датэрміновая адстаўка лідара Паўднёвай Карэі непазбежная, паколькі ён больш не ў стане выконваць дзяржаўныя абавязкі.
Лідар апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі Лі Чжэ Мен назваў прамову прэзідэнта Юна «вельмі расчаравальнай». Паводле яго слоў, выступ прэзідэнта «не адпавядаў чаканням грамадскасці і толькі яшчэ больш падмануў іх».
«Самая вялікая рызыка для Паўднёвай Карэі цяпер — гэта знаходжанне прэзідэнта ва ўладзе. Няма іншага шляху, акрамя хутчэйшага спынення праўлення Юна праз адстаўку ці імпічмент», — сказаў Лі.
Сёння раніцай у парламенце Паўднёвай Карэі пройдзе галасаванне па законапраекце аб імпічменце прэзідэнту. Аднак для таго, каб законапраект аб адстаўцы прэзідэнта быў прыняты, апазіцыі неабходна як мінімум 8 галасоў дэпутатаў ад партыі прэзідэнта.
Напярэдадні Хан Дон Хун заявіў, што прэзідэнт уяўляе небяспеку для краіны і павінен быць адхілены ад улады, хоць члены партыі пазней пацвердзілі сваю афіцыйную нязгоду з імпічментам Юн Сок Ёлю.
Паўднёвакарэйскае агенцтва «Рэнхап» паведаміла, што перад гэтым парламент прагаласуе па пытанні аб расследаванні ў дачыненні да першай лэдзі.
Карэспандэнты Бі-бі-сі ў Сеуле называюць прабачэнні Юна ў тэлезвароце «другой авантурай прэзідэнта за тыдзень»: «папрасіць прабачэння, зрабіць выгляд, што раскайваецца, але не сыходзіць у адстаўку, і спадзявацца, што яго партыя будзе перажываць за магчымы пройгрыш на прэзідэнцкіх выбарах, і таму не прагаласуе за імпічмент».
Юн спрабуе захаваць уладу, якая ў яго засталася як у прэзідэнта, і перажыць, магчыма, цяжкія апошнія два гады ў надзеі, што краіна даруе і забудзе.
Але, па іх словах, пратэсты па ўсім Сеуле становяцца ўсё гучней і гучней.
Каментары