Грамадства11

Не пусціць у хату калядоўніка — дрэнная прыкмета. Як і дзеля чаго калядавалі беларусы

Халоднымі зімовымі вечарамі пасля Раства і аж да самага Вадохрышча ў беларускіх вёсках і мястэчках можна было пабачыць цікавае відовішча. Дзецюкі і маладзіцы, пераапранутыя ў разнастайных персанажаў, з вялікай зоркай і без хадзілі ад дома да дома, весяліліся, спявалі песні і атрымлівалі пачастункі ад ветлівых гаспадароў. Гэты народны звычай назвалі калядаваннем. Пройдзе час, і ён увойдзе ва ўсе падручнікі і дапаможнікі як з'ява, уласцівая і адметная беларусам, у якой  наша традыцыя, праява характару і душа. Адкуль узяўся гэты звычай, якія персанажы калядавалі і якія спевы выконвалі  аб гэтым і не толькі Onliner пагаварыў з фалькларыстам доктарам філалагічных навук Таццянай Валодзінай.

Што такое Каляды і калі іх адзначаюць?

Гэтае слова мае некалькі значэнняў: і ежа, і гульбішчы, і нават, на думку некаторых даследчыкаў, асобнае боства, з чым, праўда, не пагаджаецца наш эксперт Таццяна Валодзіна. Але Каляды перадусім  цыкл свят, абрадаў, падчас якіх нашы продкі адзначалі нараджэнне чагосьці новага. Нездарма лацінскае слова «календы», ад якога, паводле адной з версій, паходзяць нашы Каляды, азначае першыя дні чарговага месяца.

— Зіма. Дэпрэсія. Недахоп святла. Ва ўяўленні нашых продкаў такі час і свет былі зношанымі, састарэлымі, не вельмі прыдатнымі для выкарыстання, і з зімовым сонцаваротам, пасля якога дзень робіцца даўжэйшым, ажыццяўлялася ідэя нараджэння чагосьці новага, — кажа Таццяна Валодзіна. — З часам да гэтай з'явы прыгожа далучылася хрысціянскае свята — Божае Нараджэнне.

Калі з пункту гледжання вясковага прагматызму павінен быў нарадзіцца Збаўца? Менавіта ў той час, калі пачынаў аднаўляцца год. Таму ўсё сышлося. А праз тое, што ў Беларусі жывуць як праваслаўныя, так і католікі, традыцыя святкавання расцягнулася з 25 снежня ажно да 19 студзеня — да Вадохрышча.

 Як рыхтаваліся да Калядаў?

У католікаў  адвэнт, чаканне Божага Нараджэння, у праваслаўных  40-дзённы Піліпаўскі пост. У гэты перыяд продкі абмяжоўвалі сябе ў ежы, стараліся прысвяціць час рэлігійным роздумам, развагам, і нават на вячорках, калі ў хаце збіралася вясковая моладзь, многія стараліся чытаць біблійныя аповеды, спяваць пра духоўнае.

Напярэдадні Раства (у католікаў — 24 снежня, у праваслаўных  6 студзеня) прыбіралі хату, клікалі памерлых і запрашалі ў дом Мароз (не блытаць з Дзедам Марозам, гэты герой з'явіўся ў мінулым стагоддзі), улагоджвалі яго, каб не нашкодзіў палям і пасевам. І, безумоўна, гатавалі вячэру. Яна атрымала назву «куцця».

Пад белы абрус, як знак таго, што Хрыстос нарадзіўся ў яслях, побач з жывёлай, клалі сена, а наверх ставілі 12 розных страў. Сярод іх абавязковай была сакральная каша з цэльнага зерня — куцця, якую беларусы спажывалі некалькі разоў на год. Пасля людзі клаліся спаць ці ішлі ў храм, а ўжо ў наступныя дні пачыналася сапраўдная весялосць з багатым застоллем, алкаголем і гульнямі.

Якім чынам беларусы калядавалі?

Сутнасць, па вялікім рахунку, не змянілася. Збіраўся гурт людзей, якія пераапраналіся ў каларытных персанажаў. Як кажа наша суразмоўца, першых калядоўнікаў можна было сустрэць нават напярэдадні Раства. Асабліва гэта тычылася католікаў. Па-простаму апранутыя мужчыны-звездары абыходзілі дамы з зоркай, якая сімвалізавала Віфлеемскую зорку, што прывяла пастушкоў да маленькага Ісуса, і выконвалі пераважна рэлігійныя песні. У наступныя дні ўсё было па-іншаму.

— Важна разумець, што ў кожным куточку Беларусі Каляды маюць сваю святочную адметнасць. Ёсць рэгіёны з яркім калядаваннем, а ёсць мясціны, дзе яно было даволі сціплае, прыглушанае, але пры гэтым існуе агульны стрыжань, — кажа Таццяна Валодзіна. — Асноўнымі персанажамі былі даволі далёкія ў этнічным і сацыяльным статусе для селяніна людзі (яўрэй, цыган, поп, ксёндз, доктар, пісар і, безумоўна, пан), міфічныя істоты (смерць, чорт, анёл) і жывёлы (мядзведзь, казёл, бусел). Падчас Калядаў чалавек атрымліваў магчымасць з імі ўсімі сустрэцца. Гэтыя групы абыходзілі дамы і праз песні і зычэнні надзялялі мясцовых жыхароў дабротамі: каб у хаце радзіла, каб сын ажаніўся, дачка замуж выйшла, а на стале — пірагамі, у хлеве — цялятамі, а на таку — снапамі.

Калі мы зараз ламаем галаву, што падарыць на зімовыя святы, то ў продкаў падобнага пытання не было. Бо традыцыі калядных падарункаў у беларусаў не існавала. Таму гэтыя калядныя песні з пажаданнямі былі для іх самым галоўным прэзентам.

Гаспадары чакалі і гасцінна прымалі каляднікаў, адорваючы іх разнастайнымі прысмакамі. Людзі верылі, што візіт калядоўшчыкаў прынясе сям'і радасць і ўдачу. Калі ж нехта не прымаў гасцей ці каляднікі не заходзілі ў нечы двор, гэта лічылася надта дрэннай прыкметай і вялікай крыўдай.

— Калядоўшчыкі прыходзілі да дома, стукалі ў акно, пыталіся дазволу, ці можна паспяваць. У хату маглі не запрашаць, але найчасцей прымалі. Іх адорвалі пачастункамі, пасля чаго яны рушылі далей. Потым маглі зрабіць перапынак, зноў сабрацца ў гэты ж дзень ці пайсці калядаваць назаўтра.

Яшчэ адной каляднай рысай была варажба. Гэта быў час, калі дзяўчаты спрабавалі акуратна зазірнуць у будучыню і даведацца, ці выйдзе хто з іх сёлета замуж, якім будзе меркаваны жаніх. Сталых цікавілі больш прыземленыя пытанні: які будзе ўраджай і надвор'е.
Варажба была розная. Пра будучых сужэнцаў дзяўчаты меркавалі па тым, каго першым сустрэнуць па дарозе, і нават па абутку, які выстаўлялі ў хаце ад покуці да парога. Чый чаравік першы залезе на парог, таго і чакае вяселле.

А як яшчэ ў Беларусі святкавалі Каляды?

Таццяна Валодзіна падкрэслівае, што ў кожным рэгіёне былі свае адметнасці. Некаторыя з абрадаў, узятыя пад ахову, існуюць да нашых часоў. Напрыклад, у Давыд-Гарадку напярэдадні старога Новага года ладзяць «Конікі» — абрад, падчас якога дамы з песнямі абыходзяць пераапранутыя ў розных персанажаў хлопцы і дзяўчаты. Наперадзе іх заўжды трымаюцца конь і вершнік. Абрад запатрабаваны і збірае сотні ўдзельнікаў і турыстаў. Праўда, традыцыйныя персанажы паступова знікаюць, і па Давыд-Гарадку цяпер ходзяць Чабурашка, Шрэк, Чалавек-павук, Кін-Конг…

— У дыскусіях наконт «Конікаў» прыходзіцца чуць: «О, а што там адбываецца?! Ходзяць нейкія Шрэкі!», а я ў гэтым бачу лагічнае і паслядоўнае развіццё традыцыі. Для сённяшняга чалавека гэтыя персанажы больш блізкія і цікавыя, чым яўрэй, цыган і гэтак далей. Галоўнае — не адкінуць стрыжань. Для «Конікаў» — гэта конь і вершнік. Астатніх персанажаў ужо можна прыдумваць так, як хочацца.

У вёсцы Семежава, што паблізу Капыля, праходзіць абрад «Цары». Пераапранутыя ў афіцэраў, цара Максіміліяна і Мамая, маладзёны дэманструюць жыхарам сцэнкі, б'юцца на мячах, а напрыканцы паказваюць факельнае шэсце.

На тэрыторыі Віцебскай вобласці калядныя абходы былі даволі сціплыя, затое там была запатрабаваная гульня «Жаніцьба Цярэшкі» — інсцэніроўка вяселля дзедам і бабай, якія ўсіх прысутных маладзёнаў аб'ядноўваюць па парах. «І гэта не жарт. У гэтым палягае вялікі сэнс тасавання вясковага соцыуму з ідэяй аб тым, што ўсе мусяць жыць у шлюбе. Бо праз шлюб нараджаюцца дзеці, а яны працягваюць жыццё сям'і», — дадае эксперт. У Пастаўскім раёне была запатрабаваная гульня «Яшчар», падчас якой міфічны цмок пільнуе, каб кожны знайшоў сабе другую палову.

Развітваліся з Калядамі таксама праз абрад. Напрыклад, у Бярэзінскім і Клічаўскім раёнах дагэтуль праводзяць гульню «Цягнуць каляду на дуба». Падчас яе на дрэва зацягваюць пудзіла Каляды, каб сядзела высока і спрыяла добраму ўраджаю.

Усе калядныя абходы традыцыйна завяршаліся напярэдадні ці праз некалькі дзён пасля Вадохрышча, але ўвесну на Вялікдзень традыцыю пераймалі валачобнікі — гурты, што хадзілі па вёсках на Пасху, славілі гаспадароў і таксама збіралі ў мех падарункі.

Каментары1

  • фіона
    12.01.2025
    — У дыскусіях наконт «Конікаў» прыходзіцца чуць: «О, а што там адбываецца?! Ходзяць нейкія Шрэкі!», а я ў гэтым бачу лагічнае і паслядоўнае развіццё традыцыі. Для сённяшняга чалавека гэтыя персанажы больш блізкія і цікавыя, чым яўрэй, цыган і гэтак далей. Галоўнае — не адкінуць стрыжань. Для «Конікаў» — гэта конь і вершнік. Астатніх персанажаў ужо можна прыдумваць так, як хочацца.
    ...
    а што прыдумваць... замест чарцей амапаўцы - "героі" новага часу, і іх не хвалюе - збіраешся -не збіраешся іх пускаць
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

Беларуская гандбалістка будзе гуляць за зборную Румыніі

Для беларускага фестывалю вырабілі трохметровы хот-дог ФОТАФАКТ9

Мясаедская дыета — у якіх выпадках яна дапамагае3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Асуджаны брат Ігара Лосіка выехаў з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць