Кіно33

«Як прыручыць цмока»: культавы мульт ператварылі ў кіно 

Не паспелі мы адысці ад «Ліла і Сціча», як у пракат выйшла новая сямейная стужка. Расказваем пра прэм’еру «Як прыручыць цмока» (How to Train Your Dragon).

Астрыд. Фота: кадр з трэйлера

У пачатку нулявых брытанка Крэсіда Коўэл прыдумала гісторыю пра хлопчыка Ікінга (арыгінальнае імя Hiccup). Ён жыве ў свеце, падобным да часоў скандынаўскіх вікінгаў, рыхтуецца ісці ў піраты і марыць пра тое, каб навучыцца перамагаць цмокаў, што тэрарызуюць яго племя.

У 2010-м студыя DreamWorks Animation прадставіла мульт-паўнаметражку па гісторыі Ікінга, пазней было яшчэ два вялікія мультфільмы. І вось на днях «Як прыручыць цмока» вярнуўся ў кіно, але ў новым фармаце.

Гэтае вяртанне па-свойму прадказальнае. Яшчэ ў нулявыя немагчыма было ўявіць сабе, што на экране з’явяцца рэалістычныя цмокі, пачвары ці іншыя мульцяшныя істоты, і таму студыі накшталт DreamWorks ці Disney расказвалі казачныя гісторыі збольшага праз анімацыю.

Але цяпер існуе CGI, то-бок складаная камп’ютарная графіка, якая ператварае пікселі ў амаль жывую істоту. Disney гэтым ужо даўно карыстаецца, і за апошнія гады з дапамогай CGI выпусціў багата рымейкаў сваіх культавых анімацый: згадаем «Аладзіна», «Русалачку» ці тых жа «Ліла і Сціча», што яшчэ ёсць у пракаце. 

Цяпер і DreamWorks уступае ў гэтую гульню.

Іх Ікінг — гэта нязграбны падлетак, сын правадыра племені, які марыць вырасці ў забойцу цмокаў. Ён прыдумляе ўласную прыладу, якая мусіць збіваць лятучага цмока, і нават трапляе ў самага незвычайнага з іх, так званую Начную фурыю. На наступны дзень Ікінг знаходзіць падбітага, але яшчэ жывога цмока ў лесе, не можа рашыцца яго забіць і ў выніку адпускае. 

Ікінг і цмок. Фота: кадр з трэйлера

З таго часу пачынаецца іх сяброўства. Яно, канечне, не спадабаецца старэйшынам племені, якія шмат гадоў жывуць у стане вайны з цмокамі. А яшчэ ў фільме ёсць рамантычная дынаміка — за яе адказваюць Ікінг і яго адважная сяброўка Астрыд, якая нашмат лепш дае рады складаным трэніроўкам.

Стужку здымалі ў маляўнічых месцах, вельмі дарэчных для такой гісторыі. Гэта Ісландыя з яе прыгожай прыродай, такой суворай, што звычайныя шкоднікі накшталт мух у гэтым свеце не прыжыліся — іх месцы занялі цмокі. Яшчэ адна важная пляцоўка — Новая Зеландыя, краіна, дзе яшчэ з часоў «Уладара пярсцёнкаў» ажыўляюць кінаказкі. 

Што да акцёраў, вы можаце пабачыць знаёмыя твары. Перш за ўсё, гэта брытанец Джэрард Батлер, зорка стужак «300 спартанцаў» і «Прывід оперы». У мультфільмах серыі «Як прыручыць цмока» Батлер агучваў бацьку Ікінга, Стоіка Магутнага. 

Ролю Астрыд даручылі Ніка Паркер. У апошнія гады дзяўчыне шанцуе на добрую працу, і гэта не толькі буйная роля у «Як прыручыць цмока»: Ніка знялася ў першым сезоне культавага серыяла «Апошнія з нас» і ў блакбастары «Брыджыт Джонс: У захапленні ад хлапчука».

«Як прыручыць цмока» — гэта перш за ўсё гісторыя пра сталенне. Ікінг шукае свой шлях і вучыцца ісці супраць волі бацькі, які ўжо запланаваў для яго будучыню. У фільме нават ёсць свой абрад ініцыяцыі, калі падлетак мусіць забіць свайго першага цмока. На абрад збіраецца ўсё племя, і гэта яшчэ адзін элемент сталення — навучыцца не глядзець на тое, што пра цябе кажуць іншыя, нават калі іх шмат, а ты стаіш адзіны перад сваім цмокам.

Ікінг. Фота: кадр з трэйлера

Яшчэ, канечне, гэты фільм — прышчэпка ад ксенафобіі ды страху чужых. Барацьба вікінгаў са стракатымі рэптыліямі і напады цмокаў у адказ — нібыта метафара падзелу на сваіх і чужых, калі абодва бакі знаходзяцца ў канфлікце проста праз тое, што не ведаюць адзін аднаго. Гэты падзел бачны і ў адносінах у самім племені, дзе «свой» — гэта толькі той, хто трымаецца ваяўнічых ідэалаў. Але Ікінг пераадольвае гэты разрыў, і шмат у чым гэта атрымліваецца дзякуючы сяброўству — яшчэ адна павучальная дэталь у стужцы.

Дарослым, аднак, фільм пра Ікінга і яго сябра-цмока можа падацца трохі зацягнутым. Экшн тут ёсць, але не самы вынаходлівы, хаця і прыгожы, бо немагчыма сапсаваць палёты над скандынаўскімі горнымі астравамі.

З іншага боку, калі хочацца цёплага, простага і сардэчнага кіно, «Як прыручыць цмока» — выдатны выбар. Цудоўная знаходка для сямейнага паходу ў кіно.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Няважна
    16.06.2025
    "Приручить" - прырахманіць. Годзе ўжо калькаваць
  • .
    16.06.2025
    "Прырахманіць" - толькі дыялектнае з Чэрвеншчыны.
  • Максим Дизайнер
    16.06.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Беларуска за свой кошт арганізавала свята ў роднай вёсцы, якая амаль вымерла. Прыехалі аднавяскоўцы нават з Еўрасаюза

Беларуска за свой кошт арганізавала свята ў роднай вёсцы, якая амаль вымерла. Прыехалі аднавяскоўцы нават з Еўрасаюза

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску купілі дом за 3 мільёны даляраў. Ён у тым раёне, дзе жыве Эйсмант1

Ці можна будаваць Беларусь па-за межамі Беларусі? Дыскутавалі Ягораў, Гарбацкі, Югася Каляда9

Крамы і пастаўшчыкоў будуць штрафаваць за адсутнасць гародніны1

У Беларусі зацвердзілі сакрэтныя будаўнічыя нормы12

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж54

«Дарагія расейскамоўныя беларусы! Вы пакідаеце незамкнёнымі дзверы хаты, за якімі ўжо стаіць кодла бандытаў»208

У Фінляндыі затрымалі былога вагнераўца, які прасіў прытулку. Ён ваяваў у Бахмуце2

Былы форвард зборнай Беларусі Вячаслаў Глеб стаў бацькам1

Ігар Тур патраціў мінімум 30 тысяч на прэміяльную кухню ФОТА43

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска за свой кошт арганізавала свята ў роднай вёсцы, якая амаль вымерла. Прыехалі аднавяскоўцы нават з Еўрасаюза

Беларуска за свой кошт арганізавала свята ў роднай вёсцы, якая амаль вымерла. Прыехалі аднавяскоўцы нават з Еўрасаюза

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць