«Пакуль мы будзем дамаўляцца, Пуцін апынецца ў Ратэрдаме». Генсак НАТА выказаўся супраць стварэння адзінай еўрапейскай арміі
Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ выступіў супраць стварэння асобнай еўрапейскай арміі ў дадатак да нацыянальных узброеных сіл і войскаў альянсу. Паводле яго слоў, з’яўленне яшчэ адной вайсковай структуры можа запаволіць прыняцце рашэнняў і рэакцыю на магчымы напад Расіі. Пра гэта Рутэ заявіў 23 лістапада ў Берліне падчас пасяджэння Парламенцкай асамблеі НАТА.

Марк Рутэ падкрэсліў, што не выступае супраць ідэі адзінай еўрапейскай арміі ў прынцыпе, але лічыць небяспечным стварэнне дадатковай структуры паралельна з ужо наяўнымі нацыянальнымі арміямі і сістэмай НАТА.
«Калі Пуцін нападзе, нам спатрэбіцца два-тры тыдні толькі на тое, каб дамовіцца, хто за што адказвае, і цалкам магчыма, што за гэты час ён ужо апынецца ў Ратэрдаме», — папярэдзіў генеральны сакратар альянсу.
Па словах Рутэ, НАТА ўжо мае інтэграваную сістэму камандавання і кіравання, якая дазваляе ўзброеным сілам краін-саюзніц дзейнічаць як адзінае цэлае ў выпадку задзейнічання пятага артыкула Паўночнаатлантычнай дамовы.
Акрамя таго, кіраўнік альянсу заклікаў адмовіцца ад падзелу еўрапейскіх краін на тыя, што знаходзяцца на ўсходнім флангу НАТА, і ўсе астатнія. Ён адзначыў, што сучасныя расійскія ракеты здольныя дасягаць вельмі аддаленых ад Расіі тэрыторый.
«Хачу яшчэ раз сказаць усім, хто тут не з усходняга флангу: у мяне для вас навіна. Вы таксама знаходзіцеся на ўсходнім флангу. Гэтым найноўшым расійскім ракетам трэба ўсяго на пяць хвілін больш, каб даляцець да Лісабона, Рыма ці Гаагі, чым да Таліна, Варшавы ці Хельсінкі», — заявіў Рутэ.
Таму, падкрэсліў ён, усе краіны альянсу варта разглядаць як частку ўсходняга флангу, а дыскусіі пра тое, хто да яго належыць, а хто не, трэба спыніць.
«Сядзець на вяршыні гары ў Швейцарыі і піць да страты прытомнасці». Рутэ расказаў пра іх з Зяленскім планы на пасля вайны
Марк Рутэ: У Расіі няма шанцаў нас перамагчы
Краіны Балтыі папрасілі ў Еўракамісіі 500 мільёнаў еўра на абарону ад дронаў
Польшча не будзе фінансаваць закупку зброі ЗША для Украіны праз выдаткі на ўласную абарону
Каментары