Народныя Geely і Belgee недакупіцца. Па новыя аўто трэба месяцамі чакаць у чарзе
Попыт на аўто айчыннай вытворчасці працягвае расці.

Попыт перавышае магутнасці вытворчасці?
Па выніках дзесяці месяцаў 2026 года сукупныя продажы Geely і Belgee перавысілі 45 тысяч аўто. Для параўнання, за ўвесь 2025 год было прададзена амаль 32 тысячы Geely/Belgee.
Агулам на долю Geely і Belgee прыпадае больш за 60% рынку новых аўто ў Беларусі.
Аднак аб'ёмы продажаў маглі б быць яшчэ большымі. Рэч у тым, што праз высокі попыт на большасць мадэлей Geely/Belgee захоўваецца чарга на 2‑3 месяцы.
Проста прыйсці ў салон і адразу набыць машыну не атрымліваецца.
Напрыклад, папулярны электрамабіль Geely EX 2 у залежнасці ад аўтацэнтра абяцаюць паставіць не раней за студзень‑люты 2027 года.
У адным з аўтацэнтраў паабяцалі, што калі замовіць машыну проста цяпер (у 20‑х чыслах лістапада), то яе можна будзе атрымаць у сярэдзіне студзеня.
Менеджар запэўніў, што нібыта толькі ў іх чакаецца пастаўка на сярэдзіну студзеня, у той час як у іншых чакаць давядзецца тэрмінам да трох месяцаў.

Народныя аўто толькі па чарзе
Падобная сітуацыя і з іншымі папулярнымі мадэлямі, такімі як бензінавыя Belgee X50 / X50+. Седан S50 таксама давядзецца чакаць.
У наяўнасці ў дылераў звычайна ёсць толькі больш дарагія мадэлі. У адным з цэнтраў сказалі, што з найтаннейшага ў наяўнасці ў іх ёсць Geely Cityray, які каштуе ад 74 900 рублёў за аўто ў базавай камплектацыі. У іншым — што маюць у наяўнасці электрычныя Geely EX5 Pro, цэны на якія стартуюць з 73 тысяч рублёў.
Таксама можна знайсці Okavango (ад 89 900 рублёў) і іншыя больш дарагія ўседарожнікі.
Якія мадэлі купляюць часцей за ўсё
Найбольшым попытам у беларусаў карыстаюцца бензінавыя красоверы Belgee X50 / X50+, электрамабіль Geely EX 2 і седан Belgee S50. Летась у топ-3 уваходзіў Belgee X70, але сёлета яго выціснула з топу электрычка EX2.
Як трапіць у чаргу?
Каб набыць Geely або Belgee з ліку народных мадэляў, трэба прыехаць да дылера, скласці папярэднюю дамову тэрмінам на тры месяцы і аплаціць тысячу рублёў, якая пасля будзе залічана ў кошт аўто. Калі вы раптам перадумаеце, то грошы вяртаюць.
Каментары