Кіно11

Ідэальны фінал. Паглядзелі трэці сезон «Гульні ў кальмара»

27 чэрвеня выйшаў апошні сезон карэйскага суперхіта «Гульня ў кальмара» (Squid Game). Культавая гісторыя не скончылася класічным хэпі-эндам, але ўсё роўна не расчаруе — і вось чаму.

Фота: кадр з трэйлера

Закінуты востраў у Паўднёвай Карэі і 456 незнаёмцаў, збольшага з шалёнымі даўгамі. Яны прыехалі туды, каб паўдзельнічаць у таямнічых гульнях і зарабіць сабе на вырашэнне ўсіх праблем, але аказаліся ў сістэме, адкуль жывым выйдзе не кожны.

Трэці сезон «Гульні ў кальмара» ў апошні раз вяртае нас у гэты свет. Як і раней, наш галоўны правадыр — Сон Кі Хун, пераможца аднаго з сезонаў гульні, які ў другім сезоне вырашыў зламаць сістэму знутры і для гэтага вярнуўся на востраў. Ён зноў атрымлівае апошні нумар у гульні і вяртаецца ў яе як гулец 456, апошняе звяно ў харчовым ланцужку капіталізму. Менавіта гэтую сістэму ўвасабляе гульня ў кальмара, дзе даведзеныя да адчаю людзі гатовыя на ўсё.

Другі сезон выйшаў у снежні 2024-га. Шмат каму ён падаўся абарваным. Кі Хун нарэшце натхняе калег па гульні на спробу паўстання, і ў канцы другога сезона мы пакідаем гульцоў у той напружаны момант. 

Фота: кадр з трэйлера

Хэпі-энда не здарылася, і Кі Хун вяртаецца ў гульню. Цяпер ён — толькі цень сябе мінулага, апантанага надзеяй ваяра, які жадае парушыць сістэму. На месца надзеі прыйшла віна за жыцці людзей, якія пайшлі за ім, і шмат сумневаў: ці мае ён права зноў натхняць на супраціў, калі гэта выклікае толькі новы боль?

Пакуль гулец 456 шукае новыя апоры, нам раскрываюць іншых гульцоў. Напрыклад, гэта гульцы 149 і 007, то-бок пажылая карэянка Чан Гым Джа і яе сын Пак Ён Сік. Жанчына ўдзельнічае ў гульні, каб пакрыць даўгі свайго сына-гульнямана, і сустракае ў гульнявых памяшканнях самога Ён Сіка — хлопец таксама прыйшоў туды, каб зарабіць і вырашыць свае праблемы. Вобраз Гым Джа вельмі моцны, яна атачае клопатам не толькі сына-небараку, але і іншых гульцоў, і, адна з нешматлікіх, трымаецца дабра ў любой сітуацыі. 

У праект вярнулі VIP-гасцей — багатых замежнікаў, якія прыязджаюць на востраў, каб назіраць за гульнёй, рабіць стаўкі і дзе-нідзе прымаць у ёй удзел. І калі сама «Гульня ў кальмара» — гэта жорсткая сатыра на капіталізм, то VIP-госці — напамін, што ёсць тыя, каму выгадная ўся гэтая сістэма. Праз тое, што яны з'явіліся, у трэцім сезоне трохі менш фізічнага гвалту. Яго замяняюць развагі VIP-гасцей, якія не разумеюць прынцыпы «адкідаў грамадства», як яны называюць удзельнікаў гульні, і высмейваюць іх.

Фота: кадр з трэйлера
Фота: кадр з трэйлера

Серыял і ў дэталях не згубіў сваёй смелай іроніі — напрыклад, там смяюцца з ідэі справядлівага і дэмакратычнага галасавання, якое быццам бы дае героям магчымасць выйсці з гульні. Тут і пра палітыку ды свабодную волю, і пра тое, ці можа чалавек па сваёй волі сысці з сістэмы капіталізму. Стваральнікі серыяла адказваюць на гэтае пытанне адмоўна.

Іншая новая ідэя — тое, што цяпер у гульні — а значыць, і ў сістэме — можна ўдзельнічаць з першых хвілін жыцця, калі аніякі свядомы выбар зрабіць немагчыма. Так «Гульня ў кальмара» знішчае апошнія ілюзіі пра свабоду выбару.

Як і раней, серыял умела балансуе паміж сацыяльнай праблематыкай, жорсткасцю і драмай, і з аптэкарскай дакладнасцю вымярае, колькі і чаго патрэбна для эфектыўнага выніку. Трэці сезон не пашырае сусвет «Гульні ў кальмара», а толькі ставіць кропку пад усёй гісторыяй.

І гэта не тое заканчэнне, на якое спадзяваліся фанаты. Але яно не расчароўвае, і водгукі гэта пацвярджаюць: напрыклад, на платформе Rotten Tomatoes трэці сезон мае прыстойны рэйтынг 90%, пры тым што другі сезон атрымаў на той жа платформе рэйтынг 85%.

Стваральнік серыяла Хван Дон Хёк абяцаў, што хэпі-энда не будзе, але з ім можна паспрачацца. «Гульня ў кальмара» даводзіць да заканчэння лініі ўсіх персанажаў, і ў канцы разумееш — інакш і быць не магло, і наўрад ці героі, калі б ім далі выбар, абралі б іншы шлях.

І нават нечаканы госць у апошнія хвіліны серыяла, здаецца, тут да месца. Сага атрымала ідэальнае заканчэнне — хаця ці канец гэта?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • ўсёж такі капіталізм тут прыцягнуты за вушы
    03.07.2025
    У карэі капіталізм, таму дэкарацыі і праблематыка адпаведныя.
    Але мадэль уяўлена "агульначалавечая"
    Соцыюм ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і змагання за жыццё.

    У азіяцкім кіно гэта вядомая тэма
    (Каралеўская бітва прыкладам)

Цяпер чытаюць

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі18

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Плаціць за праезд у наземным транспарце Мінска можна будзе карткай любога банка

Беларусаў запрасілі рабіць пусканаладку на першай турэцкай АЭС5

У Беларусі адчувальна падаражэлі аўтазапчасткі — вось чаму4

Беларусам сталі радзей выдаваць ДНЖ у ЕС. Хто, куды і навошта з'язджаў у 2025 годзе5

Пінскі суднабудаўнічы завод упершыню за доўгі час пабудаваў новае судна ВІДЭА5

Пасля перамогі АдГ скандальны кубак «Армія Расіі» выставілі на аўкцыён10

Эйфелева вежа прыпыніла працу пасля просьбы прыбраць жанчын-супрацоўніц падчас візіту рэлігійнай арганізацыі4

Некаторыя забудоўшчыкі рэзка паднялі цэны пасля запуску нашумелага крэдыту Беларусбанка1

«Не разумею, навошта гэта раблю». Беларусу ў Кітаі прыйшлося надзімаць заколатую свінню ручной помпай7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі18

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць