Грамадства77

Шэрыя схемы, стрымы казіно і адпачынак у Дубаі. Вось як жыве і на чым зарабляе тыктокер Улад Белавусаў

Улад Белавусаў (Belousov10) — тыктокер-мільённік. У 2023‑м ГУБАЗіК затрымліваў яго разам з братам і ставіў на калені за ўдзел у пратэстах у 2020-м. Цяпер жа хлопец транслюе заможнае жыццё, бясконцыя падарожжы і адпачынак. Але зарабляе ён сумнеўнымі спосабамі — расказваем, якімі менавіта.

Улад Белавусаў. Фота з ягонага інстаграма, апрацаванае нейрасеткай

Уладу Белавусаву 29 гадоў. Ён родам з Оршы. З дзяцінства хлопец займаўся лёгкай атлетыкай, але пасля пачаў гуляць у хакей на траве. І гэтае хобі стала прафесіяй.

Спачатку ён два гады гуляў за клуб «Гомель», а пасля — за «Мінск». Цяпер ужо скончыў спартовую кар'еру.

Фота: інстаграм Белавусава

Улад з сям'і спартоўцаў — яго пачынала трэніраваць маці, прафесійная трэнерка па хакеі на траве. Ягоны брат Андрэй Белавусаў — таксама папулярны тыктокер і гулец.

Харызматычны спартовец пачаў весці тыкток пяць гадоў таму. Па прызнанні хлопца, гэта яшчэ і дапамагае папулярызаваць улюблёны спорт — на матчы ХК «Мінск» пачалі прыходзіць яго падпісчыкі. 

Падчас гульні. Белавусаў — крайні злева. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Улад здымае звычайны тыктокавы кантэнт, у яго цяпер больш за 2,5 мільёна падпісчыкаў у тыктоку і яшчэ амаль 900 тысяч чалавек у інстаграме.

А ў 2022‑м хлопца затрымалі губазікаўцы. Улад удзельнічаў у пратэстах у Мінску разам з братам Андрэем, якога таксама затрымалі. Яны абышліся суткамі.

Але вялікіх грошаў на тыктоку не заробіш — а Уладу, відаць, вельмі хацелася. Спакуса лёгкіх грошаў закруціла хлопцу галаву, і ён палез у шэрыя спосабы заробку.

Ад мутных схем да адкрытага скаму

У ліпені 2021 года Белавусаў адкрыў праект Belousov Crypto. Там ён распавядае, як спрабуе зарабіць на крыптавалютах. Тады хлопец зарабляў сам і даваў рэферальныя спасылкі на платформы, на якіх актыўнічаў.

Яго папракалі ў тым, што ён «пампіў» крыптаманеты, якія пасля прадаваў з выгадай для сябе, а ягоныя падпісчыкі заставаліся ні з чым. Праверыць гэта цяжка, але такая схема існуе — папулярны блогер заклікае купляць крыптавалюту, тая падымаецца ў цане, і ён прадае яе на піку. Астатнія прадаюць яе па меншым кошце, а некаторыя застаюцца ні з чым.

Адзін з негатыўных водгукаў на праект Белавусава

Мутны праект, у які ўлез Белавусаў — рэклама анлайн-гульні Ракетка, якую ён піярыў на пачатку 2023 года. Гэта махлярская гульня кшталту казіно. Блогеры кажуць, што нібыта ведаюць, як яе падмануць і дзеляцца нейкімі стратэгіямі, хоць насамрэч гульня працуе цалкам на баку сэрвіса і створаная так, каб там прайгравалі грошы.

Белавусаў хваліўся, што зарабляе там грошы і запрашаў туды людзей па рэферальнай спасылцы. Насамрэч грошы яму, хутчэй за ўсё, ішлі ад таго, што прайгравалі ягоныя падпісчыкі.

Рэклама Ракеткі на канале ў Белавусава пад назвай Belousov Rocket

Арбітраж трафіка і падзенне на дно

У маі 2023 ён заняўся арбітражам трафіка і прыцягваў шмат людзей на свой новы тэлеграм-канал. Спачатку ён зарабляў на тым, што гнаў трафік сам. Пасля ён запусціў курс па арбітражы.

Паралельна Белавусаў пачаў паказваць сваё прыгожае жыццё. Цэлымі днямі — тусоўкі, вандроўкі ў Дубай і Еўрасаюз, дарагія машыны і прыгожыя жанчыны. Паралельна паказваў, што купіў маці кватэру, а брату машыну.

Белавусаў у Маскве. Фота з ягонага тэлеграм-канала

Белавусаў даваў меседж падпісчыкам — маўляў, ідзіце да нас вучыцца і будзеце жыць так жа, выцягнеце сям'ю з галечы. У арбітражы трафіку сапраўды можна добра зарабіць. Але ёсць нюансы.

Увогуле, у арбітражы трафіка нічога дрэннага няма. Гэта проста прыцягненне трафіка на рэсурс з дапамогай рэкламы. Шмат тут не заробіш, калі ты не круты эксперт.

Курсы Белавусава, калі меркаваць па ягоным канале, вучаць у асноўным таму, як зарабляць на так званым шэрым арбітражы. Ідэя ў тым, каб падмануць рэкламныя платформы (Google Ads, Facebook, TikTok, кантэкст, push‑сеткі) і змусіць іх рэкламаваць тое, што там рэкламаваць забаронена.

Улад Белавусаў паказвае прыгожае жыццё для сваіх падпісчыкаў

У акаўнце, які ўказаны як кантактны, нам расказалі пра кірункі, па якіх працуе праект Белавусава:

  • Гэмблінг. Гэта казіно і іншыя азартныя гульні.
  • Нутра. Гэта біядабаўкі і касметыка, якія часта прадаюцца па завышаных цэнах, а іхнія якасці выдуманыя.
  • Дэйтынг. Звычайна ў такіх выпадках гэта значыць — сэрвісы для сэкс-знаёмстваў, частка з якіх скамерскія.
  • Бэтынг. Стаўкі на спорт, у тым ліку ў нелегальных букмекерскіх канторах.
  • e‑commerce. Пад гэтай абстракцыяй можа хавацца што заўгодна.
  • Трафік на мабільныя праграмы. Часта — таксама казіно і іншыя азартныя гульні.
Адказ ад службы падтрымкі курса Белавусава

З гэтых кірункаў цалкам белы — толькі e‑commerce. Праўда, у сваім канале Белавусаў не публікуе скрыншотаў з рэкламы нічога, акрамя казіно. У курсе ён прапануе тым, хто купіць курс, загатоўкі так званых крэатываў — гатовых банэраў пад рэкламу азартных гульняў.

Прапанова ад Белавусава ў ягоным канале

Шэрыя арбітражнікі пазбягаюць адказнасці тым, што амаль ніколі не жывуць у тых краінах, па якіх працуюць. Жывучы ў Беларусі, Расіі ці Эміратах яны «заліваюць» трафік на ЗША, Лацінскую Амерыку ці Еўрасаюз. Схапіць такіх арбітражнікаў даволі цяжка — яны выкарыстоўваюць складаную сістэму пазбягання ідэнтыфікацыі, карыстаюцца крыптавалютамі, сеткамі проксі і рэгіструюць шмат якія акаўнты на падстаўных асобаў («дропаў»).

Адзін з шэрых арбітражнікаў, які працуе з Грузіі, расказаў «Нашай Ніве», што на шэрым арбітражы, калі працаваць на сябе і не пераходзіць у зусім крымінал кшталту крамаў наркотыкаў, можна зарабляць ад $5 тысяч на месяц, калі пашчасціць і калі надзяляць гэтаму паўнавартасныя восем гадзін на дзень.

Прыбытак выводзіцца ў крыптавалюты, а пасля — у наяўныя. Пры патрэбе «адбяліць» даход гэта робіцца праз ІП у Грузіі ці ў іншых краінах, у якіх падатковыя мала цікавяцца рэальнай крыніцай даходаў.

Сам Улад рэкламуе анлайн-казіно. У гэтым выпадку ён зарабляе на тым, што чалавек рэгіструецца і ўносіць дэпазіт.

На ўсіх скрыншотах у ягоным канале — скрыншоты Рулеткі на іспанскай, англійскай і іншай мовах

Каштуюць курсы ад $620 за тарыф «Усё сам» да $1110 за тарыф VIP. Курсы робяцца праз беларускае ІП Белавусава. Складу трэнераў на сайце няма, як няма і доказаў рэальнай эфектыўнасці курса.

Расцэнкі на курсы Белавусава на ягоным сайце ў расійскіх рублях

Пытанні ёсць да загадкавага крыптабота K2 Invest, якога рэкламаваў Белавусаў. Схема такая — рэгіструешся на біржы, падключаеш за грошы таямнічага бота і ён расказвае табе, як гандляваць.

Ніякіх незалежных водгукаў на гэты бот і праект няма. Невядомыя і аўтары праекта, якія прадстаўляюцца топавымі трэйдэрамі, а бот не выпускае абяцаныя справаздачы пра прыбытковасць. Агулам гэта выглядае як падман.

Белавусаў піярыў яго з кастрычніка 2024 года і да красавіка 2025‑га. 

Адно з паведамленняў Белавусава пра крыптабот

Адкрыты скам — рэклама казіно на стрымах Kick

У верасні 2025‑га Белавусаў пачаў адкрыта зарабляць на стрымах на платформе Kick. Гэта стрымінгавы сервіс кшталту Twitch, але афіляваны з анлайн-казіно і іншымі незаконнымі гэмблінгавымі платформамі. На ёй стрыміць і скандальны блогер Mellstroy.

Анонс свежага стрыма Белавусава на платформе Kick

Белавусаў на стрымах нешта глядзіць, а паралельна рэкламуе нелегальныя анлайн-казіно. Ён расказвае пра казіно як забаву і як спосаб зарабіць, расказвае пра свае неймаверныя выйгрышы.

У рэчаіснасці блогеры атрымліваюць працэнт ад прайграных падпісчыкамі грошай, і гэта самы выгадны шлях партнёрства з анлайн-казіно. Блогеру можа даставацца да 50-70% прайграных грошай.

Такая рэклама накіраваная на залежных ад гэмблінгу і ўразлівых людзей, якія прайграюць там велізарныя грошы, часта залазячы ў крэдыты і прадаючы сямейныя рэчы. У Беларусі такая рэклама цалкам забароненая.

Спачатку Белавусаў рэкламаваў казіно Arcada. Вось анонс і рэферальная спасылка Белавусава ў ягоным канале.

Рэклама казіно Arcada у канале Белавусава

А вось адзін з тыповых водгукаў на гэтае казіно.

Водгук на казіно Arcada

Далей ён перайшоў на рэкламу казіно Martin. Гэта яшчэ адно нелегальнае казіно з сумнеўным рэйтынгам.

Рэклама казіно Martin у канале 

У Беларусі азартныя анлайн‑гульні легалізаваныя, але вельмі строга рэгулююцца. У 2025 годзе быў прыняты Дэкрэт №226, які яшчэ больш узмацніў ідэнтыфікацыю гульцоў і забараніў прыёмы плацяжоў на карысць замежных аператараў, банкі ўвогуле не павінны праводзіць такія транзакцыі. Рэклама павінна быць звязаныя з ліцэнзаванымі ў Беларусі аператарамі, і да яе ёсць строгія патрабаванні. З казіно, якія рэкламуе Белавусаў, афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі толькі «Бетэра».

Нелегальныя анлайн-казіно ў сваю чаргу прыдумляюць абыходныя шляхі, як абыходзіць забарону на плацяжы і забіраць грошы беларусаў.

Белавусаў у сваім канале паказвае грошы. «Адкуль у мяне грошы? Я ведаю, што казік зло, але як мяркуеце, ці маю я шанцы падняць?:)», — каментуе ён.

Пакуль публічна невядомыя выпадкі, каб беларусаў праследавалі за такую рэкламу, акрамя Mellstroy, які хаваецца за мяжой.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары7

  • Грыцко Фантамас
    30.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Parasiter
    30.11.2025
    [Рэд. выдалена]
  • Лідар Новай Беларусі
    30.11.2025
    Кожны робіць што можа.

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка зняла канфлікт паміж падлеткамі, пасля чаго іх выклікалі ў міліцыю8

Таццяну з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»6

У «ДНР» збаёдалі мошчы Аляксандра Неўскага. Іх везлі на малебен аб пераадоленні паліўнага крызісу34

Японія развітваецца з гальштукамі2

Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ16

Больш за 100 тысяч нарвежцаў зладзілі фірмовае веславанне проста ў цэнтры Осла

ЗША зноў некалькі гадзін білі па Іране1

Спад нараджальнасці можа стымуляваць эканамічны рост3

Іспанія стала першым фіналістам чэмпіянату свету. Францыя зрынутая28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць