«— Скажите, вы верылі ў тое, што Вавілаў — шпіён?» Піша Віталь Тарас.
Днямі ў Запарожжы, каля будынка мясцовага абкама Кампартыі Украіны адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка Сталіну. Ведаючы, што будуць пратэсты, ініцыятары мерапрыемства загадзя паклапаціліся, каб яго ўдзельнікаў ахоўваў кардон міліцыі.
Дарэчы, суд забараніў правядзенне любых палітычных акцый каля абкама КПУ, фармальна там праходзіла сустрэча выбарцаў з дэпутатамі Вярхоўнай рады. Сутычак не адбылося. Толькі вось з‑за спёкі некалькі ветэранаў вайны страцілі прытомнасць. Адна пенсіянерка сканала ў шпіталі. Так Сталін — дакладней, ягоны прывід у выглядзе каменнага істукана, як бы жартам забраў яшчэ адно жыццё. Да мільёнаў бязвінна закатаваных дадалася яшчэ адна ахвяра.
Яны вяртаюцца?
Магчыма, гэты эпізод не заслугоўваў бы вялікай увагі. Але ўразіла адна дэталь. Помнік правадыру ўзводзіўся на прыватныя ахвяраванні камуністаў і ветэранаў вайны. І самы вялікі ўнёсак ў 50 тысяч грыўнаў — палову ўсіх грошай на будаўніцтва — зрабіў 84‑гадовы жыхар Харкава Іван Шахаўцоў. Той самы Шахаўцоў, які больш за дваццаць гадоў таму праславіўся на ўвесь Савецкі Саюз. Але не тым, што ваяваў на фронце і стаў кавалерам ордэна Славы.
У 1988 годзе ён падаў у суд на газету «Советская культура» і на Алеся Адамовіча.
Беларускі пісьменнік і публіцыст (таксама ўдзельнік вайны) надрукаваў нататку пра следчага дзяржбяспекі па прозвішчы Хват, які катаваў на допытах акадэміка Мікалая Вавілава. У газетнай нататцы згадваўся нейкі «харкаўскі ваенны пракурор», які рассылаў паўсюль лісты ў абарону Хвата. Шахаўцоў пазнаў у гэтым персанажы сябе і падаў пазоў — у абарону гонару і годнасці… Іосіфа Сталіна.
Але да таго судовага працэсу вярнуся крыху ніжэй.
Прывід Сталіна бадзяецца па краінах СНД. У дзень, калі адкрывалі помнік у Запарожжы, у Данецку запэцкалі фарбай білборд з выявай Сталіна (на адной фатаграфіі з Рузвельтам і Чэрчылем). У Санкт‑Пецярбургу хітрамудрыя камуністы выкупілі месца пад рэкламу на гарадскім аўтобусе і змясцілі на ім фотапартрэт правадыра. Нехта яго замазаў фарбай, але партрэт пачысцілі і тралейбус з ветэранамі‑актывістамі ў якасці пасажыраў зноў пачаў курсіраваць па Неўскім праспекце. У Магадане — адным з цэнтраў былога сталінскага ГУЛАГа, 9 мая таксама плануецца адкрыць помнік Сталіну.
У Маскве, праўда, ад размяшчэння білбордаў з партрэтамі генералісімуса на вуліцах адмовіліся. Ветэраны‑сталінсты змогуць там маліцца на свайго ідала толькі ў зачыненых памяшканнях.
Нядаўна прэм'ер‑міністр Расіі Пуцін заявіў, што сталінскім злачынствам не можа быць апраўдання. Тое ж не аднойчы казаў і прэзідэнт Мядзведзеў. У сваім інтэрв’ю «Известиям» з нагоды Дня Перамогі Мядзведзеў падкрэсліў, што ў вайне перамог не Сталін, але народ.
Нядаўна на афіцыйным сайце дзяржаўнага Расійскага архіва былі апублікаваны фотадакументы па гісторыі злачынства ў Катыні — у тым ліку, рашэнне аб расстрэле польскіх зняволеных, за подпісамі Сталіна, іншых членаў сталінскага палітбюро. Гэтыя дакументы былі вядомыя і раней, але выстаўляючы іх у сувязі з 70‑й гадавінай катынскіх расстрэлаў, дзяржава тым самым, па‑сутнасці, прызнае факт злачынства. Гэта не перашкаджае шматлікім аўтарам «патрыятычных» каментаў у рунэце сцвярджаць, што гэта ўсё падробкі (мабыць, зробленыя на загад кіраўніцтва расійскай дзяржавы?!)
Нішто, ніякія дакументы ў інтэрнэце альбо сведчанні людзей не могуць пераканаць прыхільнікаў аднаго з галоўных людажэрцаў ХХ стагоддзя ў тым, што ён быў такі людажэрцам і злачынцам. Для іх ён — пераможца Гітлера, а значыць, бязгрэшны і вялікі.
А значыць, і ўсе яго памагатыя былі бязгрэшныя.
Шкоднік Вавілаў і герой Хват
У 1988 годзе журналістка Яўгенія Альбац узяла інтэрв'ю ў следчага Аляксандра Хвата.
«— Скажите, вы верылі ў тое, што Вавілаў — шпіён? — У шпіянаж я, канечне, не верыў — звестак не было. То бок было заключэнне агентурнага аддзела — існаваў такі ў Галоўным эканамічным упраўленні НКВД : Яны і пастанову на арышт па такіх справах пісалі. Ну, а што тычыцца шкодніцтва — штосьці ён не так у сваёй сельскагаспадарчай навуцы рабіў. Тут я сабраў экспертызу — акадэмік яе ўзначальваў, да Трафіма Лысенкі ездзіў. Яны, то бок акадэмікі і прафесары, пацвердзілі: так, шкодзіў».
І гэта — пра аднаго з самых выдатных генетыкаў, дасягненні якога ўжо тады прызнаваў увесь навуковы свет. Вавілаў быў арыштаваны ў жніўні 1939 года. Спачатку яго абвінавачвалі ў тым, што ён «вядзе барацьбу супраць тэорый Лысенкі, Цыцына і Мічурына». Потым дадаліся абвінавачанні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» і шпіянажы.
Дапытвалі акадэміка 11 месяцаў. Па сведчаннях самога Вавілава, агульная працягласць допытаў склала больш за 1700 гадзін.
9 ліпеня 1941 года яму прысудзілі расстрэл. У сувязі з набліжэннем немецкіх войск да Масквы Вавілава этапіравалі ў турму НКВД у Саратаў. Там ён і памёр ад голаду і хваробы сэрца 23 ліпеня 1942 года, падчас бітвы за Сталінград.
Абаронца Шахаўцова ў судзе казаў: «Нідзе не даказана, што следчы Хват катаваў Вавілава. Ніякі суд гэта не ўстанавіў. Значыць, ніхто не мае права называць яго катам». А значыць, і падабароннага Шахаўцова ніхто не можа называць «абаронцам ката».
У 1955 годзе ваенны пракурор маёр юстыцыі Калеснікаў у сваёй справаздачы пісаў, што «матэрыялы справы супраць Вавілава былі сфальшаваныя». Следчы Хват у справаздачы характарызаваўся як вядомы «фальсіфікатар следчага матэрыялу». Гэтыя высновы прыводзіць у сваёй кнізе «Забойства Мікалая Вавілава» амерыканскі журналіст Пітэр Прынгл (Peter Pringle. The murder of Nikolai Vavilov. The story of Stalin’s persecution of one of the twentieth century’s greatest scientists, 2009, p. 300; цыт паводле Wikipedia — В.Т.;).
Але Хват (не кажучы пра «шкодніка» Вавілава) для Шахаўцова не быў галоўным. На судовым працэсе ў Маскве ў верасні 1988 года (яго апісаў тады ў часопісе «Огонёк» журналіст Аляксандр Мінкін) ён казаў: «
«— У цяперашні момант адбываецца распальванне антысталінскай істэрыі і іншых негатыўных з’яваў нашага грамадства… Васіль Быкаў паклёпнічае на Іосіфа Вісарыёнавіча… Пісьменнікі‑паклёпнікі горш за Бі‑бі‑сі і «Голас Амерыкі» ганяць асобу Сталіна, прыпісваючы яму грахі, выдумляючы ачарняльныя матэрыялы пра чалавека, які 30 гадоў быў кіраўніком нашай нацыі… Я дыхаю паветрам 1930‑х, жыву энтузіязмам 30‑х, а мяне не друкуюць, як іншадумца… Я патрабую графалагічнай экспертызы рэзалюцый «біць! біць!біць!», што прыпісваюцца Іосіфу Вісарыёнавічу… У адзін шэраг са мной і абылганым Хватам пастаўлены Сталін і яго паплечнікі — члены Палітбюро, камуністы Молатаў, Кагановіч і іншыя… трэба абвергнуць усе дакументы, якімі спрабуюць зганьбаваць добрае імя геніяльнага правадыра».
Апошняя ахвяра
Суд пазоў Шахаўцова адхіліў. Той судовы працэс быў адлюстраваны ў дакументальным фільме беларускіх кінематаграфістаў Аркадзя Рудэрмана і Юрыя Хашчавацкага «Сустрэчны пазоў». Акурат дваццаць гадоў таму гэты фільм атрымаў Гран‑пры міжнароднага кінафестываля «Пасланне да чалавека» у Санкт‑Пецярбургу. Тады словы Шахаўцова ўспрымаліся як самавыкрыванне, здавалася, што ўся сталінска‑савецкая эпоха назаўсёды скончыцца, адыйдзе ў нябыт разам з шахаўцовымі.
Савецкага Саюза сапраўды вельмі хутка не стала. Але працэса над злачынствамі камунізма, падобнага нюрнбергскаму, так і не адбылося. Прэцэдэнт быў створаны толькі нядаўна. Летась Кіеўскі гарадскі суд прызнаў тых самых людзей, якіх згадваў некалі харкаўскі пракурор, а таксама Касіёра, Постышава і іншых бальшавіцкіх правадыроў вінаватымі ў арганізацыі Галадамора 30‑х гадоў. І хаця справа была спынена ў сувязі са смерцю абвінавачаных, фактычна суд наўпрост назваў іх злачынцамі. І адмяніць гэты прысуд ніхто не ў стане.
Хай новыя ўлады Украіны пасля перамогі Януковіча на прэзідэнцкіх выбарах скасоўваюць указы аб прысваенні Бандэру і Шухевічу звання Герояў, хай спрабуюць прынізіць значэнне нацыянальна‑вызвольнай барацьбы ўкраінцаў за незалежнасць, хай гавораць на «обшчапанятнай» мове — усё адно «рэгіяналам» і іх саюзнікам‑камуністам не ўдасца вярнуць назад савецкую гісторыю, рэабілітаваць Сталіна і яго паплечнікаў. Некалі ў дзяцінстве мяне і маіх аднагодкаў палохалі ў школе словам «рэваншысты». Разумелі пад гэтым словам міністра абароны ФРГ Штраўса, іншых нямецкіх палітыкаў, малявалі карыкатуры на іх у выглядзе пачвараў з бомбамі ў руках, па локаць у крыві. Сёння канцлерка Германіі, лідэрка ХДС‑ХСС едзе на святкаванне 9 мая ў Маскву.
А сапраўднымі рэваншыстамі ёсць Шахаўцоў і яму падобныя. Яны прагнуць рэваншу — за за праўду аб ГУЛАГу і вайне, за распад савецкай імперыі, прагнуць вяртання правадыра.
І як заўсёды раней, гатовы ісці да «светлай мэты», пераступаючы праз трупы — хоць бы той пенсіянеркі, што памёрла пры адкрыцці помніка правадыру.
Дай Бог, каб гэта была апошняя ахвяра.
Каментары