Навуковец папярэдзіў пра схаваныя рызыкі для здароўя ад бутыляванай вады
Успрыманне бутыляванай вады як вельмі чыстай — галоўны фактар яе папулярнасці. Аднак даследаванні паказваюць, што гэты прадукт нясе ў сабе рызыкі як для здароўя, так і для навакольнага асяроддзя, піша прафесар Мухамад Вакіл Шахзад для The Conversation. І расказвае пра цікавую альтэрнатыву, над якой працуе іх каманда.

Ці бяспечная такая вада для здароўя?
Даследаванне 2025 года выявіла, што вада ў бутэльках можа быць не такой бяспечнай, як прынята лічыць. Тэсты вады, што прадаецца ў шматразовых тарах і пластыкавых бутэльках, паказалі высокі ўзровень бактэрыяльнага забруджвання.
Гэтыя высновы дапаўняюць усё большы аб'ём даследаванняў, якія сведчаць пра тое, што ў многіх рэгіёнах водаправодная вада не толькі больш бяспечная, але часта рэгулюецца больш строга і кантралюецца больш надзейна, чым альтэрнатывы ў бутэльках.
У большасці развітых краін да водаправоднай вады прымяняюцца больш жорсткія юрыдычныя стандарты і патрабаванні да тэставання. Грамадскія сістэмы водазабеспячэння штодзённа правяраюцца на наяўнасць бактэрый, цяжкіх металаў і пестыцыдаў.
У Вялікабрытаніі Інспекцыя пітной вады (Drinking Water Inspectorate) адкрыта публікуе вынікі праверак. У ЗША пастаўшчыкі павінны выконваць Нацыянальныя першасныя нарматывы для пітной вады пад наглядам Агенцтва аховы навакольнага асяроддзя. Па ўсёй Еўропе якасць вады рэгулюецца Дырэктывай ЕС аб пітной вадзе.

Бутыляваная вада, наадварот, рэгулюецца як расфасаваны харчовы прадукт. Яе правяраюць радзей, а вытворцы не абавязаны публікаваць падрабязныя справаздачы аб якасці.
Даследаванні выявілі ў бутыляванай вадзе такія забруджвальнікі, як мікрапластык, рэшткі хімічных рэчываў і бактэрыі. У 2024 годзе ў некаторых узорах знайшлі дзясяткі тысяч часціц пластыку на літр. Іншыя звесткі паказваюць, што ў вадзе з бутэлек канцэнтрацыя мікрапластыку часта вышэйшая, чым у водаправоднай. Гэта патэнцыйна звязана з рызыкай запаленняў, гарманальных парушэнняў і назапашвання часціц у органах чалавека.
Пластыкавыя бутэлькі таксама могуць вылучаць хімічныя рэчывы, такія як сурма, фталаты і аналагі бісфенолу. Сурма — гэта каталізатар вытворчасці ПЭТ-бутэлек, поліэтылен — самы распаўсюджаны пластык для аднаразовага посуду. Фталаты — пластыфікатары, якія надаюць пластыку гнуткасць. Аналагі бісфенолу, такія як BPS ці BPF, блізкія да BPA — рэчыва, якое выкарыстоўваецца для зацвярдзення некаторых відаў пластыку і пакрыцця бляшанак для ежы і напояў. Гэтыя рэчывы могуць трапляць у ваду, асабліва калі бутэлькі знаходзяцца ў цяпле: у машынах, фургонах дастаўкі або пад прамымі сонечнымі прамянямі.

Навукоўцы занепакоеныя тым, што некаторыя з гэтых злучэнняў могуць дзейнічаць як эндакрынныя разбуральнікі, парушаючы працу гарманальнай сістэмы. Высокае ўздзеянне пэўных фталатаў і бісфенолаў звязваюць з праблемамі рэпрадуктыўнага здароўя, метабалізму і развіцця.
Хоць узроўні, знойдзеныя ў бутыляванай вадзе, звычайна нізкія, доўгатэрміновыя рызыкі пакуль да канца не вывучаны. Цяпер даследчыкі вывучаюць наступствы рэгулярнага, хранічнага спажывання, асабліва на фоне росту папулярнасці бутыляванай вады ва ўсім свеце.
Бутыляваная вада не з'яўляецца стэрыльнай. Пасля адкрыцця бутэлькі мікраарганізмы пачынаюць хутка размнажацца. Недапітая бутэлька, пакінутая ў цёплай машыне, становіцца ідэальным асяроддзем для росту мікробаў. Пры паўторным выкарыстанні аднаразовых бутэлек у ваду таксама трапляюць бактэрыі са сліны і навакольнага асяроддзя.
Водаправодная вада, у сваю чаргу, звычайна змяшчае карысныя мінералы, што добра задакументавана ў даследаваннях грамадскага здароўя. У Вялікабрытаніі і іншых краінах у некаторыя сістэмы дадаюць фтор для прафілактыкі карыесу. Мінеральны склад бутыляванай вады моцна адрозніваецца, і даследаванні паказваюць, што дзеці, якія часцей п'юць ваду з бутэлек, маюць вышэйшы ўзровень карыесу.

Наколькі экалагічная ваша бутэлька?
Празмернае спажыванне бутыляванай вады шкодзіць і планеце. Сусветны попыт настолькі высокі, што кожную хвіліну ў свеце набываюць каля мільёна пластыкавых бутэлек.
Дацкая кампанія водных тэхналогій Aquaporin мяркуе, што вытворчасць аднаго літра бутыляванай вады можа патрабаваць у дзве тысячы разоў больш энергіі, чым падача літра водаправоднай вады.
Вугляродны след таксама значна вышэйшы: у сярэднім каля васьмідзесяці грамаў вуглякіслага газу на літр, калі ўлічваць разліў, транспарціроўку і астуджэнне.
Дыскусію вакол бутыляванай вады немагчыма аддзяліць ад больш шырокай праблемы глабальнага водазабеспячэння. Доступ да чыстай пітной вады застаецца вострым пытаннем ва ўсім свеце. Змена клімату, імклівая ўрбанізацыя, прамысловае забруджванне і рост насельніцтва змяншаюць запасы прэснай вады. ЮНЕСКА папярэджвае, што больш за два мільярды чалавек ужо жывуць у рэгіёнах з высокім водным стрэсам.

Каб прапанаваць альтэрнатыву, каманда даследчыкаў працуе над Solar2Water — партатыўнай прыладай на сонечнай энергіі, якая здабывае чыстую пітную ваду непасрэдна з паветра.
Гэта дэцэнтралізаваная сістэма: яна вырабляе ваду ў месцы выкарыстання і не залежыць ад доўгіх трубаправодаў ці буйных ачышчальных збудаванняў. Вытворчасць вады на месцы зніжае залежнасць ад аднаразовага пластыку і памяншае нагрузку на муніцыпальныя сістэмы.
Па меры росту нагрузкі на інфраструктуру такія дэцэнтралізаваныя сістэмы могуць дапаўняць існыя сеткі. Яны павышаюць устойлівасць падчас кліматычных катаклізмаў, зніжаюць патрэбу ў пластыку і дапамагаюць суполкам, дзе давер да водаправоднай вады падарваны.
Бутыляваная вада застаецца неабходнай падчас надзвычайных сітуацый або там, дзе водаправодная вада сапраўды небяспечная. Але ў большасці развітых краін яна не з'яўляецца ні больш бяспечнай, ні больш чыстай за водаправодную. Паколькі змяненне клімату і забруджванне ўплываюць на доступ да рэсурсаў, разуменне рэальнай розніцы паміж вадой у бутэльках і з-пад крана становіцца важнейшым, чым калі-небудзь.
Пра аўтара:
Мухамад Вакіл Шахзад — прафесар і загадчык кафедры перадавой энергетыкі і ўстойлівасці Дэпартамента машынабудавання Універсітэта Нартумбрыі (Ньюкасл, Вялікабрытанія). Ён з'яўляецца заснавальнікам і генеральным дырэктарам каманды EcoTech X, якая стварае генератары Solar 2 Water. Праект атрымаў фінансаванне ад Northern Accelerator.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПадаслаць паперу ці завіснуць над унітазам? Як лепш скарыстацца грамадскім туалетам
«Раней была смярдзючая, розніца каласальная». Цяпер усе мінчукі жывуць з артэзіянскай вадой — якія ўражанні?
Горш толькі курэнне: маштабнае даследаванне паказала, што недахоп сну моцна звязаны са скарачэннем працягласці жыцця
Каментары