Былая палітзняволеная са Швецыі: Следчы думаў, што бабулю расколе адразу, а бабуля як уперлася!
69‑гадовая Галіна Краснянская цяпер жыве спакойным жыццём, стараецца штодзённа праходзіць за дзесяць тысяч крокаў і малюе ў стылі «нейраграфікі». Яе ў 2024 годзе асудзілі за перапіску ў фэйсбуку з украінкай пра збор грошай на беспілотнікі для Украіны, за кратамі жанчына правяла два гады і два месяцы.

Галіна не прызнала віну ні на судзе, ні ў калоніі. Жанчына кажа, што ўвесь час была перакананая, што выйдзе раней за сканчэнне тэрміну. Як згадвае момант, калі асабіста пачула словы Джона Коўла: «Амерыканскі ўрад вызваліў вас», то не можа стрымаць слёз. Па вяртанні ў Швецыю, у аэрапорце Галіну асабіста сустракала міністарка замежных справаў. Былая палітзняволеная распавяла «Вясне» пра жыццё пасля зняволення, умовы ў СІЗА КДБ і ў калоніі, а таксама пра падтрымку жанчын за кратамі.
«Адчуванне разбуранасці майго жыцця»
Галіна дзявяты месяц знаходзіцца на волі, яе вызвалілі 21 чэрвеня 2025 года. Жанчына дзеліцца, што адаптацыя праходзіць паступова: «Цяпер у мяне адчуванне разбуранасці майго жыцця. Але, хоць і вельмі павольна, усё становіцца на свае колы. Час ад часу лаўлю сябе на думцы: «Ой, як добра, што я дома». Гэтая зіма была снежная, а значыць, цяжкая ў калоніі. Дзяўчаты там мусілі чысціць гэты снег, прыбіраць яго, то ў адзін бок, то ў іншы. Гэта жах.
Калі я вярнулася дахаты, то нібы адчувала, што ўсё так, як і было да затрымання. Але раней я магла ў любы момант сабрацца і паехаць у Мінск, каб наведаць сваіх бацькоў. Цяпер у мяне няма бацькоў.
Летась у лістападзе ў мяне памёр тата, і я, на жаль, нават не магла праводзіць яго ў апошні шлях».
Былая палітзняволеная адзначае, што стараецца вяртацца да старых звычак, якія раней яе падтрымлівалі: «Яшчэ ў 2020‑м я пазнаёмілася з тэхнікай, якая называецца «нейраграфіка». Гэта спецыфічнае маляванне. Яна мне дапамагала і ў калоніі, і дома цяпер, калі мне трэба пераключыцца з негатыўных думак».
«Планавала выклікаць таксоўку, як мне пагрукалі ў дзверы»
Галіна пераехала ў Швецыю ў 2003 годзе і пазней атрымала грамадзянства. Перыядычна жанчына ездзіла ў Беларусь, дзе наведвала сваіх сваякоў. Але адзін з такіх прыездаў дадому скончыўся затрыманнем.
Галіну затрымалі ў той дзень, калі яна павінна была вяртацца ў Швецыю.
«Я планавала выклікаць таксоўку, калі мне пагрукалі ў дзверы. Я адразу здзівілася, бо нібыта ўсе замовы, якія я рабіла праз інтэрнэт, я ўжо атрымала. Але калі мне пагрукалі ўжо больш настойліва, то я ўжо зразумела, што гэта не дастаўка.
Мне здаецца, пры затрыманні яны не ведалі, што ў мяне шведскае грамадзянства. На той момант я ўжо 12 гадоў была грамадзянкай Швецыі».
Доўгі час сям'я Галіны не ведала, што здарылася і дзе яна знаходзіцца: «Сваякі вельмі напужаліся, бо ўсё што заўгодна магло са мной здарыцца. Я разглядаю сваё затрыманне як выкрадальніцтва. Толькі на дзявяты дзень майму бацьку паведамілі, дзе я знаходжуся. Да гэтага на ўсе пытанні быў аднолькавы адказ: «У нас такой няма».
Людзі пры затрыманні проста знікаюць — сваякі вымушаны іх шукаць. Тут можна ўзгадаць гісторыю Міколы Статкевіча, жонцы якога не казалі, дзе ён, хаця ён быў у глыбоцкай калоніі».
Жанчына распавядае, што ў 2020 годзе часта ездзіла ў Беларусь, нават прагаласавала, бо мае беларускае грамадзянства, чытала навіны, але ніколі не магла дапусціць, што сама можа стаць палітзняволенай:
«У мяне ніколі думкі такой не было. Мне нават дзіўна, што гэта адбылося. Калі я апынулася ў СІЗА, то з размоваў з сукамерніцамі я зразумела, што занадта раздуты штат сілавікоў прыводзіць да таго, што людзей хапаюць за найменшую правіннасць. Яны ж мусяць адпрацоўваць тое, што іх так шмат, бо інакш яны страцяць сваю працу».
«Там жа сядзяць прыстойныя людзі!»
Жанчына да апошняга спадзявалася, што яе вызваляць, і планавала нават паспець на самалёт у Швецыю, але яе змясцілі пад варту.
«Калі я зразумела, што мяне павязуць у СІЗА КДБ, то ў мяне адразу праслізнула думка: «Там жа сядзяць прыстойныя людзі!» Тады я стала ўпэўненая ў тым, што ўсё будзе нармальна. Так яно і аказалася. Са мной сядзела псіхалагіня, студэнтка біяфака, загадчыца кулінарнага тэхнікума, юрыстка, а таксама грамадзянка Літвы Алена Раманаўскене. Мы з ёй былі разам у СІЗА КДБ нейкі час, а потым трапілі ў адзін атрад у калоніі. Яна мне кажа: «Галя, мы з табой ужо два гады ведаем адна адну!» Хоць мы па некалькі месяцаў разам былі ў СІЗА і ў калоніі, але сувязь ужо ёсць. Ведаеш, што чалавек надзейны і яму можна давяраць.
У СІЗА КДБ мы таксама былі тры месяцы разам з культуролагам. І, калі яна ўбачыла, што мы разам едзем этапам ў калонію, то яна нават расплакалася. Дзяўчаты, з якімі я была ў СІЗА КДБ і хлеб дзяліла, бліжэй за ўсіх да мяне. Некаторыя з іх мне не тое што ў дочкі, а ва ўнучкі. Тым не менш, мы з імі знаходзілі агульную мову. Адна адну ўвесь час падтрымліваюць».
Як адзначае былая палітзняволеная, зняволенне пераносілася лягчэй дзякуючы падтрымцы сукамерніц. У СІЗА КДБ жанчыну пратрымалі сем месяцаў.
«У СІЗА КДБ толькі 4‑6 камераў «з выгодамі», так бы мовіць. Там, акрамя крана, ёсць унітаз. Астатнія камеры абсталяваны «біятуалетамі», а менавіта вёдрамі з накрыўкамі. Іх трэба было выносіць два разы на суткі. Дзяжурных з 12 камер выводзілі два разы на дзень, каб выліць гэтую «парашу». Гэта вылівалі, мылі і залівалі спецыяльны раствор ад непрыемных пахаў, але яго не заўсёды хапала на ўсіх. Летам 2023 года было вельмі спякотна, таму гэтыя пахі ад вёдраў усё роўна прысутнічалі. Часам мы прасілі дазволу дадаткова вынесці гэтае вядро. Адказ залежаў ад асобы афіцэра, яго настрою. Былі такія, у якіх не было сэнсу прасіць.
Адразу я была ў камеры № 10 — у маленькай камеры з унітазам, дзе нас было пяць чалавек. Потым за «дрэнныя паводзіны» мяне перыядычна змяшчалі на 32 дні ў карцар. Пасля спрэчкі з начальнікам СІЗА наконт майго шведскага грамадзянства і лекаў мне прызначылі такое пакаранне. У любы момант мяне маглі адправіць у пакой, які цалкам абабіты мяккай штучнай скурай». Там я магла знаходзіцца ад чатырох да 11 гадзін. Там нічога рабіць нельга, нават пачытаць. Там толькі можна хадзіць з кута ў кут — і ўсё. Я спала заўсёды ў сваёй камеры».
У характарыстыцы з СІЗА КДБ былую палітзняволеную апісалі як «пагардлівую», узгадвае жанчына:
«Можа, я сябе сапраўды так паводзіла, бо яны не бачылі гэтага свету, нічога не ведаюць пра навакольнае асяроддзе. Яны ўвесь час блыталі Швецыю і Швейцарыю. А я ў сваім жыцці з дзяцінства пастаянна кудысьці ездзіла і шмат бачыла. Мяне бацькі шмат вазілі па Савецкім Саюзе. А гэтыя людзі з КДБ — абмежаваныя ў сваім светапоглядзе».
«То віну не прызнаю, то паказанні не даю»
Першапачаткова Галіне ставілі ў віну ўдзел у пратэстах 2020 года (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), але потым у фэйсбуку жанчыны знайшлі перапіску з украінкай, якая казала ёй, што ідзе збор грошай на беспілотнікі для Украіны. Артыкул перакваліфікавалі на больш цяжкі — «удзел або падрыхтоўку да ўдзелу грамадзяніна на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы» (арт. 361‑3 КК). Пры гэтым ніякіх банкаўскіх выпісак ці іншых дакументаў у справе не было.
«Следчы Дзмітрый Іванавіч Алейчык быў вельмі раз'юшаны тым, што я не прызнала віну. Ён думаў, што бабулю расколе адразу, а бабуля як уперлася: то віну не прызнаю, то паказанні не даю.
Памятаю, як толькі я азнаёмілася са справай, то ён не паленаваўся і ў пятніцу ўвечары адразу павёз гэтую справу ў пракуратуру. А праз пару дзён мяне адправілі ў жодзінскую турму. Нават не ў Валадарку, якая побач знаходзіцца. Гэта спецыяльна, каб я цягалася з гэтымі рэчамі. Праз месяц мяне вярнулі на Валадарку, бо пачаліся суды ў Мінску».
У СІЗА-1, якое раней месцілася на вуліцы Валадарскай у Мінску, Галіну пратрымалі тры месяцы — пакуль ішлі суды і яна чакала апеляцыю.
«Умовы там былі дрэнныя, бо ў невялікай камеры было змешчана 10 чалавек. У жодзінскай камеры на тыя 10 чалавек была прасторная камера. У СІЗА-1 таксама усё было старое. Ежа на Валадарцы была жахлівая, яе немагчыма было есці.
Але, ведаеце, утрыманне не з'яўляецца цяжкай з'явай, бо чалавек адаптуецца да ўсяго, да розных правіл. Але там увесь час псіхалагічна ціснуць. Самае цяжкае было, калі сілавікі дэманстравалі сваю ўладу над вамі. Гэта было вельмі непрыемна.
«Самае непрыемнае ўражанне за ўвесь час зняволення зрабіў суд. Мяне судзілі выключна на перапісцы. Ні з Украіны, ні са Швецыі падцвярджанняў ніякіх яны атрымаць не маглі. Па сутнасці, судзілі невінаватага чалавека, які не здзейсніў ніякага злачынства.
Паколькі я не прызнала сваёй віны, на суды мяне вазілі ў кайданках з рукамі за спінай, хоць я не малады чалавек ужо. Мяне адну вязуць, а суправаджаюць сем маладых людзей, якія ўзброеныя да зубоў.
Вось гэта зрабіла на мяне прыгнятальнае ўражанне. Яны паставілі ў адно становішча рэальных злачынцаў — забойцаў, разбойнікаў — і такіх, як я, палітычных зняволеных, якія ў сваёй масе адукаваныя інтэлігентныя людзі. Гэта было для мяне самае цяжкае. А неспрыяльныя ўмовы — часовыя складанасці, так бы мовіць».
«Мне дазволілі лекі, але рапарт я ўсё ж атрымала
Як толькі Галіна прыехала ў калонію, ёй прысвоілі статус «злоснай парушальніцы рэжыму».
«У траўні я прыехала, а ў чэрвені я ўжо «злосніца». У першы свой дзень я атрымала першы рапарт. Яны хацелі забраць мае лекі, і я пачала абараняцца. Мне прынеслі акт на знішчэнне, у якім было напісана, што я магу абгрунтаваць, чаму я магу пакінуць сабе гэтыя лекі. Без нейкіх прэтэнзій я растлумачыла, чаму мне неабходныя гэтыя лекі. У гомельскім СІЗА мне не толькі не выдалі частку лекаў, але яшчэ і не далі даведку. На Валадарцы выдалі ўсім шмат даведак, а тут па нейкай прычыне нікому нічога не далі. Такім чынам яны самі парушылі свае правілы.
Калі я напісала, што мне жыццёва неабходныя гэтыя лекі, мяне адразу павялі да дзяжурнага аператыўніка. Але ў іх пачынаецца ўсё з лекаў, а заканчваецца артыкулам. У выніку мне дазволілі мае лекі, але я ўсё ж атрымала. Мяне выклікалі на камісію. Калі я зайшла ў пакой на камісію, начальнік калоніі Дзяніс Талсцянкоў [ужо былы начальнік] паставіў мне ў віну, што я не павіталася. Іншыя два супрацоўнікі сказалі, што не звярнулі на гэта ўвагі. Але і я не памятала, бо была вельмі засяроджаная на той прамове. Такім чынам, я атрымала другі рапарт.
Чарговае парушэнне я атрымала за спазненне на праверку. Але ў гэты час быў прагляд тэлеперадачы «Вектар». То-бок два ўзаемавыключальныя мерапрыемствы. Я ж нічога не парушаю — таксама сяджу на рэжымным мерапрыемстве. За мной прыбегла дзяўчынка, але было ўжо позна — рапарт на мяне ўжо склалі.
Я спакойна папрасіла не выпісваць мне парушэнне, але яны там заточаныя так, што палітычным трэба рабіць паскудства. Вы думаеце, у той сітуацыі хтосьці глядзеў на маё спазненне — яны адразу пераключыліся на мой артыкул і пачалі вучыць мяне жыццю». Пасля трэцяга рапарта палітзняволенай скарацілі памер сумы ў краме, а таксама пазбавілі пасылак. Але неяк спраўлялася — тры разы на дзень жа кармілі. Але я вельмі баялася патрапіць у штрафны ізалятар, таму што думала, што я там проста не вытрымаю, бо там вельмі холадна. Але, дзякуй богу, абышлося. І ўсё ж такі, думаю, што маё замежнае грамадзянства абараняла мяне — яны мяне пакусвалі, але па-буйному асцерагаліся».
«Пабачыла, у якой насамрэч паліцэйскай дзяржаве мы знаходзімся»
Татальны кантроль і адчуванне, што калонія — гэта паменшаная копія ўсёй краіны. Былая палітзняволеная распавядае, як турэмны досвед прымусіў яе зразумець, у якой сістэме жывуць беларусы.
«Палітычным трэба было прагаворваць, што ты «схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці» — ды якія яны экстрэмісты, якія тэрарысты, я вас прашу! Гэта проста таталітарная сістэма, што тут яшчэ сказаць?
Мяне вельмі здзівіла, што ў бібліятэках жодзінскай турмы і гомельскай калоніі ёсць кніга «Архіпелаг ГУЛАГ». У ёй апісвалася ўсё гэтае жыццё, якое мы ўбачылі пазней на свае вочы. Усё, вядома, у меншай ступені, але сутнасць застаецца тая ж самая.
У калоніі я ўбачыла, што яна з'яўляецца праекцыяй нашай беларускай дзяржавы. Гэта было жахліва. Пісьменніца Людміла Уліцкая прыйшла да высновы, што калонія адлюстроўвае сутнасць дзяржавы. Я таксама прыйшла да гэтай думкі і ўбачыла, у якой насамрэч паліцэйскай дзяржаве мы знаходзімся.
Мяне не часта выклікалі да начальніка атрада ці аператыўнікаў — я з імі асабліва не кантактавала. Але, калі мяне аднойчы выклікалі, я ім наўпрост сказала, што знаходжуся ў іх у палоне. Я ім казала гэта адкрытым тэкстам. Таксама заявіла, што пісаць хадайніцтва аб памілаванні я не буду. Па-першае, гэта не працуе, я ў гэтым перакананая, а па-другое, можа, напішу, калі прыедуць людзі з Мінска. Я радая, што ў выніку мне не прыйшлося пісаць гэтае памілаванне. А што мне пісаць? Бо я віну не прызнала ні ў судзе, ні ў калоніі».
«Мяне вязуць у кайданках — побач медык і дзве ахоўніцы»
Жанчына распавядае, як зняволенне адбілася на здароўе:
«Па-першае, ты ўвесь час знаходзішся ў стрэсе, бо табе нельга дапусціць аніякіх промахаў, каб іншыя зняволеныя не данеслі пра цябе і не атрымаць чарговы рапарт. Там не трэба вылучацца. Камусьці штосьці даказваць там — бессэнсоўна. Але ж гэта ўсё марнаванне тваіх высілкаў. А трэба ўвесь час дбаць пра сваё здароўе. Трэба захоўваць самапавагу, самазахаванне і самаразвіццё. Ціск увесь час ідзе — расслабіцца там не даюць, і гэта моцна ўплывае на здароўе.
Усім «жоўценькім» у капцёрцы калоніі прапанавана толькі верхняя паліца. Нейкі час у мяне была ніжняя паліца. Але зноў мне прызначылі верхнюю. Я прасіла ў начальніка прызначыць паліцу на маім узроўні, але безвынікова. І вось гэта лажанне з цяжкай скрыняй адбілася на спіне. Боль у мяне не праходзіць да гэтага часу — ніколі такога не было. Таму я думаю, што менавіта ў няволі маё здароўе пахіснулася. У калоніі ж нічога не прыстасавана, каб тваё здароўе не пагаршалася.
Памятаю, у калоніі я хадзіла 10 дзён, і аказалася, што ў мяне запаленне лёгкіх пачалося. Потым мяне паклалі ў шпіталь.
Але справа ў тым, што я ў калонію патрапіла з хваробай лёгкіх. На ўлік мяне ўзяў супрацьсухотны доктар. Я да яе прыходзіла ўвесь час, а яна мае даныя накіроўвала ў Інстытут пульманалогіі, які знаходзіцца ў Навінках. Раз на паўгода мяне вывозілі на рэнтген у Гомель. Але гэта прыніжальна. Мяне вязуць у кайданках — побач медык і дзве ахоўніцы, а ззаду яшчэ машына з дадатковай аховай. Вось на што яны трацяць дзяржаўныя сродкі?»
«Увесь час здавалася, што палітычных усё роўна выпусцяць»
Галіна дзеліцца, што ўвесь час у яе была надзея на датэрміновае вызваленне:
«Я ні на хвіліну не страчвала гэтай надзеі. Увесь час мне здавалася, што палітычных усё роўна выпусцяць. Палітычныя — гэта асобная катэгорыя. Столькі невінаватых людзей апынулася ў турмах. Яны вінаватыя толькі ў тым, што думаюць інакш. Дзяржава хоча накласці вета нават на думкі людзей. Нягледзячы на тое, што міжнародная супольнасць не вельмі настойлівая, праца ўсё роўна вядзецца. Навогул я лічу, што міжнародная ўвага да пытанняў палітвязняў вельмі важная і дапамагае. І тое, што робіць Святлана Ціханоўская — каб Беларусь не сыходзіла з міжнароднага парадку — гэта вельмі важна».
Жанчыну прывезлі ў калонію ў траўні, а ўжо ў ліпені вызвалілі першую групу палітычных зняволеных:
«Таму, вядома, я ведала, што аднойчы апынуся ў адной з гэтых груп. У мяне не было ніякіх сумневаў на гэты конт».
Пра магчымае вызваленне палітзняволеных Галіна даведалася ад былой генеральнай дырэктаркі TUT.BY Людмілы Чэкінай, якая ёй паведаміла: «Добрая навіна ў тым, што прыехалі амерыканцы!» На наступны дзень Галіну вызвалілі.
«У калоніі ўсё адбылося так хутка, што я нават не ўцяміла, што з сабой забраць. Я схадзіла ў сталовую, потым у мяне было дзяжурства па стале. Пасля гэтага прыйшоў да мяне афіцэр і незразумела чаму папрасіў паказаць сваю тумбачку. Пасля гэтага ён сказаў збіраць рэчы. Я мусіла цягам 10‑15 хвілін сабраць усе свае рэчы. Нашыя рэчы забралі ў адзін пакой, а трымалі нас зачыненымі ў другім пакоі. Забралі ўсе нататкі, што рабіла за гэты час у няволі — свае думкі, апісанне кніг, якія прачытала».
Да мяжы Галіну вязлі з мяхом на галаве і ў кайданках.
«Са мной вывезлі Наташу Дуліну — яна вельмі незадаволеная была гэтым, казала, што адседзела б тыя паўгады і засталася б ў Беларусі. А я ўвесь час думала, калі мяне вызваляць, як мне выехаць з той Беларусі дадому…»
«Сыны такія малайцы — яны вельмі змагаліся за мяне»
Былая палітзняволеная перакананая, што шведскае грамадзянства дапамагло ёй выйсці на волю хутчэй. Яна са слязьмі ўзгадвае, як яе сыны змагаліся за яе вызваленне:
«Яны былі ўвесь час у кантакце з Міністэрствам замежных справаў Швецыі. Мне потым сказалі, што ў мяне сыны такія малайцы — яны вельмі змагаліся за мяне. Пасля суда мяне наведалі прадстаўнікі Амбсады. Гэта было вельмі прыемна. Дзяўчаты ў камеры ачмурэлі ад гэтага. З Аленай Раманаўскене было ўсё па-іншаму, бо яна не была грамадзянкай Беларусі. А мне гэта беларускае грамадзянства замінала».
Галіна распавядае, што сваё вызваленне яна ўспрыняла дастаткова спакойна. Але, калі ўзгадвае момант, як Джон Коўл сказаў палітвязням: «Амерыканскі ўрад вызваліў вас», пачынае плакаць:
«Гэта вельмі адчувальны момант цяпер. Але тады сваё вызваленне я ўспрыняла як нешта належнае. Фантана эмоцый не было. Першую ноч да самалёта ў Швецыю я была ў Вільні. І мне было самой цікава, як я буду рэагаваць на горад, ці не буду пужацца. Нібыта крыху ёсць дыскамфорт, але насамрэч да цябе няма нікому ніякіх справаў у гэтым свеце, апроч Беларусі, канешне. Але я спакойна дайшла да нейкага сквера з ружамі, пашпацыравала, а потым вярнулася ў свой гатэль. Я зразумела, што не адчуваю вялікага страху. А праз тыдзень я ўжо паляцела ў Гішпанію».
Па вяртанні ў Швецыю ў аэрапорце Галіну асабіста сустракалі міністарка замежных справаў Швецыі Марыя Мальмер Стэнэргард і былая амбасадарка Швецыі Крысціна Юханэсан, якая цяпер займае пасаду надзвычайнай і паўнамоцнай амбасадаркі ў Расіі.
Каментары
лука ар акбар.
амінь!