Грамадства1111

Уласнік «Мясной губерні» прасоўвае на эстраду васьмігадовую дачку. Яна ўжо паспела засвяціцца ў акцыі ў падтрымку Лукашэнкі

Васьмігадовую мінчанку Лізу Вярцінскую прадстаўляюць як блогерку-мільённіцу — праўда, вы можаце не быць з тых мільёнаў, якія пра яе чулі. «Люстэрка» расказвае, хто стаіць за школьніцай, якая актыўна выступае на праўладных мерапрыемствах і прыватных вечарынках.

Ліза Вярцінская ў кліпе на песню «Школа Бай Бай». Скрыншот: Ліза Вярцінская, YouTube

Раптоўная папулярнасць

Ліза Вярцінская пачала з’яўляцца ў эфіры ТБ яшчэ ў 2023 годзе — на той момант ёй было пяць гадоў. У тэлестудыю яе прывёў Іван Зданюк — аўтар песень і пастаянны ўдзельнік шматлікіх канцэртаў, арганізаваных уладамі. Ён прадставіўся педагогам дзяўчынкі, а пасля стаў аўтарам некалькіх яе песень.

Вясной 2024 года Лізе завялі YouTube-канал і, падобна, пачалі актыўна яе раскручваць. У адным з першых яе ролікаў з’явіўся папулярны блогер Дзмітрый Сіўчык (Дзім Дзімыч) і паабяцаў, што яго каманда «зробіць усё магчымае», каб у дзяўчынкі было шмат падпісчыкаў. Наступныя некалькі месяцаў на яе відэа мільгалі твары лэйбла Flagman Music.

У нейкі момант Лізу наогул пачалі называць дачкой Сіўчыка і Ангеліны Міхайлавай (Анжылішы). У топ папулярных таксама ўвайшло відэа «Подпишись, и выскочит мультик про Влада А4» (ці варта казаць, што гэта не было праўдай).

За некалькі месяцаў такой раскруткі YouTube-акаўнт Лізы Вярцінскай набраў 1,1 мільёна падпісчыкаў — і на гэтай адзнацы рост спыніўся, вынікае са звестак сэрвісу аналітыкі Social Blade. Сэрвіс LUP ацаніў узровень уцягнутасці яе падпісчыкаў як вельмі нізкі — 0,03%. То-бок толькі малая доля аўдыторыі рэагуе на самі відэа.

На «Яндэкс Музыцы» ў выканаўцы каля шасці тысяч слухачоў за месяц, на Spotify — 160, а самую папулярную песню — «Пати у бати на хате» — там паслухалі 17 тысяч разоў.

«Марафон адзінства» і мара сустрэцца з Лукашэнкам

Затое Лізу пачалі прадстаўляць у публікацыях дзяржСМІ як «зорачку, што гучна заявіла пра сябе» і мае «звыш двух мільёнаў падпісчыкаў у Instagram, YouTube і іншых сацсетках».

Перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года «зорачку» ўзялі ў абарот: яна выступала на канцэртах «Марафону адзінства» ў Мінску і Гродне, а таксама разам з іншымі блогерамі хадзіла па беларускіх прадпрыемствах.

Сям’я Вярцінскіх бярэ ўдзел у датэрміновым галасаванні. Мінск, студзень 2025. Фота: minsknews.by

Дзяржагенцтва «Мінск-Навіны» падрабязна асвятліла візіт сям'і Вярцінскіх на датэрміновае галасаванне. Аўтары апублікавалі такую цытату дзяўчынкі: «Планую стаць папулярнай артысткай. А яшчэ хачу, каб усе ў нас у краіне былі шчаслівыя. У мяне ёсць яшчэ адна вялікая мара: вельмі хочацца асабіста сустрэцца з нашым прэзідэнтам. Думаю, нам будзе пра што пагаварыць».

У канцы года Лізу запрасілі выступаць на «Славянскім базары» на канцэрце «Зоркі ціктока» разам з іншымі блогерамі, якія да гэтага ўдзельнічалі ў перадвыбарчай агітацыі за Лукашэнку.

Ліза Вярцінская на адборачным туры «Славянскага базару». Віцебск, красавік 2025 года. Фота: liza_vertik / Instagram

«Кожны дзень я спяваю, танцую»

Цяпер Ліза вучыцца ў другім класе і вельмі актыўна выступае. У адным з інтэрв'ю яна прызнавалася, што часам даводзіцца ўставаць, а пятай раніцы, каб усё паспець.

— Кожны дзень я спяваю, танцую, здымаю блог і вучуся ў дзвюх школах: мінскай гімназіі № 30 імя Героя Савецкага Саюза Б. С. Акрэсціна і музычнай. Часам бацькам даводзіцца крыху раней забіраць мяне з урокаў, каб паспець на здымкі або канцэрт.

За апошнія паўгода яе можна было паслухаць на мерапрыемстве «Блогер Пати» ў мінскім Палацы спорту, навагоднім канцэрце на Нямізе, конкурсе БРСМ на найлепшую першасную арганізацыю, дзіцячым паказе праекта Fashion Fabrique, маскоўскім сямейным свяце, некалькіх дабрачынных канцэртах. А яшчэ — на самых розных спартыўных спаборніцтвах Прэзідэнцкага спартыўнага клуба: «Залатая ракетка», «Снежны снайпер», «Першы ровар».

Дзяўчынка з’яўляецца і на прыватных дзіцячых святах. У публікацыі пра гэта адзначаецца, што свабодных дат засталося няшмат. «Люстэрка» пад выглядам патэнцыйнага кліента звязалася з прадстаўніком артысткі. Той паведаміў, што яе выступ на дні нараджэння каштуе 1800 рублёў: у кошт уваходзяць віншаванне імянінніка і музычная праграма.

Ліза Вярцінская ў эфіры тэлеканала СТБ. Фота: ctv.by

Школьніца таксама мільгае на ТБ: яна знялася ў навагоднім шоу тэлеканала Europa Plus TV, стала амбасадаркай беларускага тэлепраекта «ФАКТОР BY дети». А яшчэ дала інтэрв'ю ў шоу «Наше утро» на ОНТ, «Добрай ранiцы, Беларусь» на «Беларусь 1», «Новое утро» на РТР.

Да таго ж яна выпускае песні і кліпы. Цяпер у афіцыйным пераліку НЦІУ 12 кампазіцый, у якіх яна пазначаная выканаўцай. Яны выходзілі на розных лэйблах, з 2025 года іх выпускае «Ура! Музыка», які ўваходзіць у структуру «Газпрам-Медыя Холдынг».

Спявае Ліза ў асноўным пра бацькоў, свае поспехі і любоў да Беларусі. Праўда, у канцы 2025 года выйшла песня «Мой бой», дзе ёсць радкі «О-о-о, ты такой красивый. О-о-о, очень-очень стильный. О-о-о, тянет к тебе сильно». Тэлевядоўцы аднаго з ранішніх шоу пацікавіліся ў васьмігадовай Лізы, пра якога хлопца ідзе гаворка. Дзяўчынка адказала, што праз узрост ёй нельга спяваць пра хлопчыкаў, а песня прысвечаная герою гульні Roblox.

Хто бацькі дзяўчынкі?

Мама Лізы — Наталля Вярцінская. Яна пазначаная яе прадстаўніцай і з’яўляецца праваўладальніцай часткі яе песень. У дадатак да музычнай кар’еры дачкі Наталля кіруе студыяй перманентнага макіяжу ў Мінску. У 2025 годзе яна атрымала ўзнагароду ад Беларускага саюза жанчын на конкурсе «Жанчына года» ў намінацыі «Сталічная бізнэс‑лэдзі».

Тата школьніцы — Аляксандр Вярцінскі — часта з’яўляецца на відэа юнай блогеркі. Ён зняўся ў кліпе на песню «Папа может», якая, відаць, прысвечаная яму самому.

Скрыншот: Ліза Вярцінская, YouTube

Аляксандр таксама займаецца бізнэсам. Ён уладальнік і кіраўнік кампаніі «Мясная губерня», якая вырабляе мясныя паўфабрыкаты. У адным з інтэрв'ю яго прадстаўлялі як «мяснога барона».

Прадукцыя гэтай кампаніі паступае і ў гандлёвыя сеткі, і ў дзяржарганізацыі. Напрыклад, у 2026 годзе прадпрыемства стала пастаўшчыком свініны для некалькіх бюджэтных устаноў у Віцебску — радзільні, онкадыспансэра, абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, аграрна-тэхнічнага каледжа і каледжа лёгкай прамысловасці.

Што не так з ідэяй школьніцы на сцэне?

У апошнія гады можна сустрэць гісторыі «юных зорак», якія пасталелі і сутыкнуліся з цяжкасцямі. Да прыкладу, Кэм Барэт была дзіцём-інфлюэнсерам, мама паказвала яе жыццё ў найдрабнейшых дэталях. Дзяўчына расказала The Washington Post, што публікацыі прыводзілі да цкавання і астракізму ў школе. Пасталеўшы, Барэт стала грамадскай абаронцай прыватнасці дзяцей у інтэрнэце.

— Дзіцячая праца ў індустрыі анлайн-інфлюэнсераў прыводзіць да праблем, — заявіў The Washington Post сенатар Рычард Блюменталь. — Уцягванне дзяцей у інфлюэнсінг стварае сур’ёзную рызыку эксплуатацыі: патэнцыйная адсутнасць прыватнасці, празмерныя працоўныя гадзіны і адсутнасць справядлівай кампенсацыі. Яны могуць ствараць анлайн-кантэнт без адэкватнай або наогул без ніякай абароны і нагляду.

Амерыканка Элісан Стоўнер з шасці гадоў удзельнічала ў мадэльных конкурсах і конкурсах прыгажосці, пасля пачала здымацца ў тэлешоу і кліпах. У інтэрв'ю The Guardian яна расказала, што праз пастаянныя кастынгі сутыкнулася з праблемамі ў прыняцці свайго цела і разладам харчовых паводзін. Да таго ж на здымках яна сутыкнулася з дарослымі тэмамі, да якіх на той момант не была гатовая.

— Думаю, было шмат дарослых з добрымі намерамі, якія проста хацелі падтрымаць тую, што здавалася здольным дзіцем. Калі б я магла вярнуцца ў мінулае, я б настойліва рэкамендавала некамерцыйныя, неіндустрыялізаваныя формы творчасці. У сваёй аснове артыстызм — гэта цудоўнае, глыбока чалавечае самавыяўленне. Карпарацыя ж, якая валодае тваім імем і вобразам, — гэта менш натуральна.

Дзіцячы псіхааналітык Ванда Харэл у артыкуле для Psychology Today піша пра актораў, якія пачалі кар’еру ў юным узросце. На яе думку, такія дзеці могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі ў навучанні паўсядзённым задачам, а таксама адчуваць сябе няёмка падчас зносін са «звычайнымі» аднагодкамі.

Яна прыводзіць у прыклад цытату вядомай былой акторкі Мэры-Кейт Олсэн з інтэрв'ю часопісу Marie Claire, якая, кажучы пра сваё дзяцінства перад камерамі, параўнала сябе і сваю сястру з «маленькімі дрэсіраванымі малпачкамі»: «Я гляджу на свае старыя фатаграфіі і зусім не адчуваю сувязі з імі… Я б ніколі не пажадала нікому свайго выхавання… Але я б не адмовілася ад яго нізашто на свеце».

Каментары11

  • Indrid Cold
    13.05.2026
    Шкада дзяўчынку. Бацькі запэцкалі яе ў чырвона-зялёным багне, не атрымаецца пабудаваць жыццё ў нармальнай краіне - зашквар на ўсё жыццё. А бацькі хыба зусім дурныя.
  • venlo
    13.05.2026
    У дачкі мяснога хубернатара, макіяж як у 30гадовай..
    Навошта, я прачытаў пра гэты пыл чалавечы???
  • Паці ў баці на ХАЦЕ(!)
    13.05.2026
    Хто ведае сэнс слова ХАТА, той будзе рагатаць да ранку.
    Хутчэй бы. У хату яго, нумар 28

Цяпер чытаюць

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка7

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Усе навіны →
Усе навіны

У Гродне жанчыну затрымалі за крадзеж туй з могілак1

У Мінску адбылася сур'ёзная аварыя з удзелам электробуса

У ДАІ не згодныя, што «табло ганьбы» на дарогах парушае законы аб персанальных даных3

Індыя збіраецца пашырыць супрацоўніцтва з Расіяй у яшчэ адной стратэгічнай сферы1

Беларуска кажа, што яе мужа-небараку ў Лёзне скралі армяне і прадалі ў штурмавікі ў расійскую армію. Той, напэўна, ужо труп12

Беларускія цыгарэты для кантрабанды закапалі ў бураковы жом

На Камароўцы моцна патаннела чарэшня. Цэны ў 3—4 разы ніжэйшыя, чым былі 3 дні таму2

Бел-чырвона-белы сцяг — з сабой. Каліноўцы выпусцілі працяг фільма-дзённіка1

У Расіі заявілі пра паспяховы пуск ракеты «Сармат»5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка7

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць