Дуліна — Калеснікавай: Ратаваць трэба ўвесь народ ад тыраніі, а не толькі палітвязняў
Марыя Калеснікава заклікала Еўропу да прагматычных кантактаў з рэжымам Лукашэнкі. Былая палітзняволеная, экс-дацэнтка МДЛУ Наталля Дуліна ў фэйсбуку адказала ёй.

Крутая дылема — весці перамовы з Лукашэнкам ці адразаць яго ад цывілізаванага свету — не страчвае сваёй актуальнасці.
Прыхільнікі першага варыянту працягваюць адстойваць сваё меркаванне, яго ключавы аргумент — «выратаваць людзей». Іх апаненты — палітычныя, этычныя, стратэгічныя, называйце як заўгодна — па-ранейшаму не стамляюцца тлумачыць, наколькі ў гэтым выпадку абманлівы і шкодны лозунг «галоўнае — жыццё чалавека» — як бы гэта ні было парадаксальна.
Ну, і я вырашыла чарговым разам праліць некалькі кропляў Алка-Зэльцэра — ці што там цяпер прымаюць ад моцнага ап'янення і пахмелля — на адкрытыя раны шаноўных мной чалавекалюбных прыхільнікаў дыпламатыі.
Увогуле я таксама за тое, каб ратаваць людзей. Але ж ратаваць трэба не толькі тых, хто ў калоніях. Ратаваць трэба ўсіх, хто сядзіць у турме, імя якой — Беларусь. А тое, што гэта таксама турма, толькі з больш шырокай тэрыторыяй, даўно ўжо стала відавочным.
У гэтай турме начальства ігнаруе і парушае законы. Пастаянна, будзённа — гэта ўжо стала нормай. Але і гэтага недастаткова. У краіне цынічна прыдумляюць новыя законы, якія легалізуюць тое, што раней здзяйснялася насуперак заканадаўству.
Напрыклад, калі я падала скаргу ў суд на тое, што калонія і Дэпартамент выканання пакаранняў не адказалі ўвогуле на мой запыт пра даведку аб вызваленні, суд адказаў, што не можа адрэагаваць — гэта непадсудна. Ну, дык не хвалюйцеся! Цяпер абмяркоўваецца новы закон, згодна з якім дзяржаўныя ўстановы маюць права… проста не адказваць на запыты грамадзян. Нібыта ў выпадках «злоўжывання правам на зварот».
Пойдзем далей.
Нядаўна Лукашэнка прамовіў поўную гнеўных эмоцый тыраду: маўляў, хто дрэнна працуе ў сельскай гаспадарцы, паедзе на мяжу з Украінай у войска. Гэта чарговая істэрыка прыцягнула ўвагу дэмсіл тым, што зноў нагадала пра гатоўнасць Лукашэнкі ўступіць фізічна ў вайну. Але ніхто не абурыўся, як ён зухавата распараджаецца чалавечымі лёсамі.
Калі пачынаў ён як старшыня саўгаса, цяпер ён паводзіць сябе як памешчык, у якога дзевяць мільёнаў прыгонных. Праўда, і гэта ўжо не навіна, з беларусамі ён абыходзіцца як з халопамі ўжо даўно: то ў яго выпускнікі-медыкі абавязаныя адпрацоўваць па размеркаванні столькі, колькі ён пажадае, і дзе пажадае. То чужым бізнэсам круціць, як хоча, то культурай. Пра адукацыю я ўвогуле маўчу, страшна згадваць.
Яшчэ дадам пра выратаванне людзей. На волю выходзяць палітвязні. Хтосьці цалкам адседзеўшы тэрмін, хтосьці па памілаванні, хтосьці з гвалтоўным выштурхоўваннем з краіны. Так вось.
Многія з тых, хто застаўся ў Беларусі, не могуць знайсці працу (афіцыйна гэта вельмі нялёгка), многія не могуць ні рахунак у банку адкрыць, ні тэлефон падключыць на сваё імя. Да таго ж ім дзяржава пагражае, што за любую правіну яны могуць маланкава вярнуцца назад у калонію. Ва ўсіх тых, каго выкінулі за мяжу, ануляваныя пашпарты. Гэта азначае як мінімум, што вярнуцца ў Беларусь яны не змогуць — іх пашпарт несапраўдны, проста не пусцяць. Я не здзіўлюся, калі ў нас цішком і грамадзянства адбяруць, калі ўжо не адабралі.
Памятаеце казку пра залатую рыбку? Вось ужо ўявім, што Лукашэнка — залатая рыбка. У яго амерыканцы спачатку папрасілі вызваліць каго-небудзь з палітвязняў, намякнуўшы, што выпусцяць у адкрытае мора, пардон, пачнуць наладжваць адносіны. Ён вызваліў. Праўда, стаў красці ў вызваленых пашпарты.
Потым у яго папрасілі дазволіць палітвязням выбіраць, ці застацца ў Беларусі, ці быць выпхнутымі за мяжу. Ён зрабіў — пры гэтым стварыўшы тым, хто застаўся ў Беларусі, яшчэ тыя ўмовы (глядзі вышэй напісанае).
Цяпер у яго папрасілі спыніць рэпрэсіі… Ну ўсё, пагулялі і хопіць. Залатая рыбка махнула хвастом і залягла на дно.
Скажыце, шаноўныя ратавальнікі людзей, на якую крайнасць вы гатовыя пайсці, каб выцягнуць людзей з калоній? Дзе праходзіць тая мяжа, якую вы не пераступіце? Што вы можаце прапанаваць Лукашэнку, каб ён спыніў мучыць людзей — у маленькіх турмах і ў вялікай? На якія ахвяры вы гатовыя пайсці?
А давайце памяняем ракурс і зірнём на вашу прынцыповую пазіцыю трохі па-іншаму. Вам не здаецца, што ідучы на саступкі — а па-іншаму вы не дамовіцеся з Лукашэнкам, каб ён адпусціў людзей, — вы абясцэньваеце іх учынкі, іх выбар, іх ахвяру? То бок яны ўвесь гэты час прасядзелі ў турмах, каб вярнуцца цяпер да зыходнай кропкі — таго, супраць чаго мы пратэставалі ў 2020 годзе. Вы не думалі пра гэта?
У сацсетках недаўмяваюць: як так самі былыя палітвязні выступаюць за ціск на рэжым, не рвуцца вызваляць астатніх. Дзіўна, так? Хтосьці абураецца: вось, самі на волі, а на іншых напляваць. Задумайцеся: Алесь Бяляцкі, які мае велізарны вопыт рэпрэсій з боку рэжыму, выступае за непрымірымае ўзмацненне санкцый. Напэўна, гэта не проста так.
P.S. Марыя Калеснікава выступіла сёння на афіцыйным адкрыцці сусветна вядомага музычнага фестывалю ў Зальцбургу. Яна выступіла з вельмі прыгожай прамовай пра тое, што неабходна размаўляць адзін з адным, і асабліва ўмець слухаць, разумець адзін аднаго, «будаваць масты, а не ўзводзіць новыя сцены», што «дыялог — гэта не прыкмета слабасці, а выказванне сілы».
Марыя казала і пра тое, што культура дапамагае нам захаваць унутраную свабоду. Гэта цудоўныя словы, і я таксама ў гэта веру. Таму ў мяне просьба: калі з нейкай прычыны мяне зноў пасадзяць у турму (ну, на свеце чаго толькі не бывае!), калі ласка, не трэба мяне выцягваць адтуль, ідучы на здзелку з рэжымам. Я таксама хачу захаваць сваю ўнутраную свабоду, і гэта стане маім выбарам.
-
Статкевіч змадэляваў падзеі, што могуць разгарнуцца ў Беларусі ўвосень
-
Літоўскі блогер паскардзіўся, што «Наша Ніва» няправільна пераказала яго дыялог са Спарышам. Камісія па этыцы стала на бок «НН»
-
Статкевіч: У 1917 годзе прынцып «Война до победного канца» ўжо прывёў Расію да нацыянальнай катастрофы
Цяпер чытаюць
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
«Паставілі палаткі, развялі вогнішчы». МУС пацвердзіла затрыманне 350 чалавек пад Расонамі. Знайшлі і аргумент: «Многія ў голым выглядзе перад малалетнімі»
У Шэймана знайшлі яшчэ адну магчымую каханку і сына. Сакратарка без вышэйшай адукацыі за лічаныя гады стала ўласніцай раскошных дамоў і гандлёвага цэнтра
Каментары
[Зрэдагавана]