Грамадства11

Пра што Святлана Ціханоўская гаварыла ў Нью-Ёрку з Білам Клінтанам

Больш за трыццаць гадоў таму Біл Клінтан прыехаў у Мінск у момант, калі перад Беларуссю яшчэ была адкрытая магчымасць дэмакратычнай будучыні. Цяпер былы прэзідэнт ЗША сустрэўся ў Нью-Ёрку са Святланай Ціханоўскай і зноў гаварыў пра надзею на свабодную Беларусь.

Біл Клінтан сустрэўся са Святланай Ціханоўскай і Дзянісам Кучынскім падчас Clinton Global Initiative. Фота тут і далей: прэс-служба Офіса Святланы Ціханоўскай

Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі прысутнічаў пры размове і расказаў «Нашай Ніве», чым цікавіўся Клінтан і якія ўспаміны яго расчулілі.

Больш змястоўная размова пасля кароткага знаёмства

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Білам Клінтанам адбылася ў Нью-Ёрку падчас Clinton Global Initiative — на спецыяльным прэзідэнцкім прыёме, які сабраў цяперашніх і былых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міжнародных лідараў, прадстаўнікоў бізнэсу і грамадзянскай супольнасці. Сёлета сустрэча CGI праходзіла 22‑23 верасня. 

«Clinton Global Initiative — гэта заснаваная прэзідэнтам Клінтанам міжнародная платформа, якая аб’ядноўвае палітычных, грамадскіх і бізнэс-лідараў вакол глабальных выклікаў і канкрэтных ініцыятываў для іх вырашэння. Падчас Генеральнай Асамблеі ААН гэта адна з важных і прыкметных пляцовак у Нью-Ёрку, дзе адбываюцца дыскусіі і нефармальныя кантакты сусветных лідараў і грамадзянскай супольнасці», — распавядае Дзяніс Кучынскі.

Святлана Ціханоўская ўжо не першы год з’яўляецца спецыяльнай госцяй Clinton Global Initiative. Яна атрымлівае запрашэнні ад сям’і Клінтанаў далучацца да працы гэтай пляцоўкі і выступаць на ёй. Сёлета Святлана Ціханоўская таксама прыняла ўдзел у праграме CGI і выступіла перад яе ўдзельнікамі.

З Білам Клінтанам яна была знаёмая і раней. Упершыню яны сустрэліся ў Вашынгтоне ў 2022 годзе на пахаванні былой дзяржсакратаркі ЗША Мадлен Олбрайт. Тады ўсё абмежавалася кароткім знаёмствам. У Нью-Ёрку яны змаглі больш падрабязна і змястоўна пагаварыць пра Беларусь.

«Я прысутнічаў пры гэтай размове і бачыў, наколькі шчыра прэзідэнту Клінтану было цікава пачуць, што адбываецца сёння ў Беларусі, як змяніліся наша краіна і беларускае грамадства, чым займаецца Святлана Ціханоўская і як беларусы працягваюць змаганне за свабоду», — расказаў Дзяніс Кучынскі.

Клінтан распытваў Ціханоўскую пра яе працу, сітуацыю ўнутры краіны і беларусаў, а таксама пра тое, як пасля масавых рэпрэсій працягвае існаваць беларускі дэмакратычны рух.

Адзіны амерыканскі прэзідэнт, які наведваў незалежную Беларусь

Асаблівай часткай размовы сталі ўспаміны пра 15 студзеня 1994 года. Тады Біл Клінтан на некалькі гадзін прыляцеў у Мінск. Ён застаецца першым і пакуль адзіным дзейным прэзідэнтам ЗША, які наведаў незалежную Беларусь. Падчас візіту ён сустракаўся са старшынёй Вярхоўнага Савета Станіславам Шушкевічам. 

Праграма была насычанай. Клінтан таксама размаўляў з кіраўніком урада Вячаславам Кебічам і лідарам апазіцыі БНФ Зянонам Пазняком, выступіў перад моладдзю ў Акадэміі навук і наведаў Курапаты. Там ён ушанаваў памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій і пакінуў памятную лаву з надпісам: «Беларускаму народу ад народа Злучаных Штатаў Амерыкі».

Візіту папярэднічала сустрэча Клінтана і Шушкевіча ў Белым доме ў ліпені 1993 года. Амерыканскі прэзідэнт тады вітаў рашэнне Беларусі далучыцца да Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. ЗША абвясцілі пра тры пагадненні, якія прадугледжвалі выдачу Беларусі $59 мільёнаў на пераадоленне наступстваў размяшчэння ядзернай зброі. 

Тая Беларусь успрымалася ў Вашынгтоне як маладая незалежная дзяржава, якая адмаўляецца ад ядзернага арсенала і мае шанец пабудаваць дэмакратычную сістэму. Праз некалькі месяцаў пасля мінскага візіту Клінтана на першых прэзідэнцкіх выбарах перамог Аляксандр Лукашэнка.

«Было бачна, што ўспаміны яго расчулілі»

Калі Святлана Ціханоўская нагадала пра паездку ў Мінск, Клінтан адразу ажывіўся, расказвае Дзяніс Кучынскі:

«Было бачна, што для яго гэта не проста эпізод з пратакольнага календара трыццацігадовай даўніны, ён згадваў значнасць таго візіту. Ён адразу згадаў Беларусь і вельмі цёпла і эмацыйна гаварыў пра той час. Было відаць, што гэтыя ўспаміны яго сапраўды расчулілі».

Паводле дарадцы, Клінтан прыгадаў надзею пачатку 1990‑х на тое, што пасля распаду Савецкага Саюза Беларусь здолее пабудаваць свабодную, незалежную і дэмакратычную будучыню. Таму для яго было асабліва важна пачуць пра Беларусь сёння, пасля больш чым трох дзесяцігоддзяў кіравання Лукашэнкі і што змянілася пасля 2020 года, калі беларускае грамадства вельмі выразна прадэманстравала сваё імкненне да перамен.

«Прэзідэнт Клінтан выказаў Святлане Ціханоўскай і беларускаму народу сваю падтрымку і перадаў беларусам вельмі цёплыя словы. Ён казаў пра свае добрыя ўспаміны пра Беларусь і беларусаў і пра падтрымку імкнення беларускага народа да свабоды і дэмакратычнай будучыні. Галоўны пасыл быў вельмі чалавечы: беларусы не павінны страчваць надзею, час свабоды і дэмакратыі для Беларусі абавязкова прыйдзе», — перадае Дзяніс Кучынскі.

«Вельмі цёплая і чалавечая размова»

Паводле яго слоў, сустрэча мела мала пратакольнай сухасці:

«Увогуле гэта была вельмі цёплая і чалавечая размова. Прэзідэнт Клінтан быў надзвычай адкрыты, тактыльны і відавочна з асабістай цеплынёй успрымаў усё, што датычылася Беларусі».

Цікава, што гэта працяг ужо пэўнай асабістай беларускай гісторыі сям’і Клінтанаў:

«Падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Хілары Клінтан у Мюнхене два гады таму мы паказвалі ёй гістарычныя кадры іхняга візіту ў Беларусь: Мінск, месцы, якія яны тады наведвалі, сустрэчы з беларусамі. Для спадарыні Клінтан гэта таксама стала вельмі асабістым і кранальным сюрпрызам, — успамінае дарадца і дадае: — Таму мы вельмі ўдзячныя і прэзідэнту Клінтану, і Хілары Клінтан, і ўсёй Clinton Global Initiative за тое, што яны працягваюць даваць Беларусі голас і міжнародную пляцоўку. Ва ўмовах, калі Беларусь спрабуюць схаваць за вайной, рэпрэсіямі і геапалітыкай, асабліва важна, каб на такіх міжнародных форумах Беларусь гучала як асобная еўрапейская нацыя са сваім правам на свабодную будучыню».

Дзяніс Кучынскі бачыць у цяперашняй сустрэчы гістарычны сімвалізм. У 1994 годзе Біл Клінтан прыехаў у Беларусь у момант, калі перад нашай краінай адкрывалася магчымасць дэмакратычнай будучыні, аднак пасля прыйшоў да ўлады Лукашэнка. 

«Больш чым праз трыццаць гадоў Клінтан сустракаецца з лідарам дэмакратычнай Беларусі і зноў гаворыць пра надзею на свабодную Беларусь. Для нас гэта вельмі цёплы і важны знак. Гэтым разам, будзем спадзявацца, сапраўды атрымаецца», — рэзюмаваў Дзяніс Кучынскі.

Каментары1

  • 1
    24.09.2026
    Страшная рэч час. Клінтан выдатна выглядае на свае гады - і ўсё ж так неверагодна адрозніваецца зараз ад таго вобразу, што застаецца ў памяці. Неяк нават ахоплівае жах.

Цяпер чытаюць

«Потым будзем успамінаць Прыгожына як героя». Хакеры апублікавалі меркаваную перапіску Бабіча і Пяскова1

«Потым будзем успамінаць Прыгожына як героя». Хакеры апублікавалі меркаваную перапіску Бабіча і Пяскова

Усе навіны →
Усе навіны

Цэны на кватэры ў «Мінск-Свеце» падаюць, а ў Мінску — растуць. Сумныя перспектывы для раёна?23

У Нясвіжскім замку прадаюць сувенір за $2,8 тысячы1

Чыноўнікі налічылі, што за мяжой жыве больш за 3,5 мільёна беларусаў16

Расійскі вайсковы верталёт зранку без наступстваў заляцеў у паветраную прастору Польшчы13

У Камянецкім раёне жанчына знайшла жалязяку ў мясцовым хлебе1

У Францыі затрымалі фуру з буйным грузам «вясёлага газу». За рулём быў беларус

У Гродне каля Фарнага касцёла запусцілі праекцыйны пешаходны пераход ФОТЫ2

Стала вядома, як цяпер будуць выдаваць італьянскія візы10

Жыхары Бараўлян масава шукаюць у лесе драўляныя фігуркі. Што за яны?3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Потым будзем успамінаць Прыгожына як героя». Хакеры апублікавалі меркаваную перапіску Бабіча і Пяскова1

«Потым будзем успамінаць Прыгожына як героя». Хакеры апублікавалі меркаваную перапіску Бабіча і Пяскова

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць