Здароўе

Што есці, каб скура даўжэй была маладой

З узростам скура становіцца сухой, губляе пругкасць, на ёй з’яўляюцца зморшчыны. Вучоныя даследуюць, як на стан скуры ўплываюць звычайныя прадукты.

Фота: vecteezy.com

Скуру змяняюць не толькі гады і сонечнае выпраменьванне. Забруджанае паветра таксама можа паскараць яе старэнне. Пэўныя рэчывы ў ежы дапамагаюць арганізму супрацьстаяць такім пашкоджанням, тлумачыць ВВС прафесар дэрматалогіі Жан Крутман.

«Дзесяцігоддзямі мы лічылі, што ўльтрафіялетавае выпраменьванне — галоўны чыннік старэння скуры пад уздзеяннем навакольнага асяроддзя. Мы ведаем, што гэта не так», — кажа ён. Паводле прафесара, уплываюць і іншыя складнікі сонечнага святла — бачнае святло і інфрачырвонае выпраменьванне.

З гадамі таксама змяншаецца колькасць калагену — бялку, які забяспечвае скуры трываласць і падтрымлівае яе структуру. Адсюль — страта пругкасці і зморшчыны.

Харчаванне можа дапамагчы скуры лепш супрацьстаяць гэтым зменам. Вось на якія прадукты звяртаюць увагу даследчыкі.

Рознакаляровая гародніна і садавіна

Морква, памідоры і салодкі перац багатыя на каратыноіды — пігменты, якія надаюць ім колер. Да гэтай групы рэчываў належаць бэта-каратын, лікапін і лютэін. Яны дзейнічаюць як антыаксіданты і дапамагаюць абараняць клеткі ад пашкоджанняў.

«Яны назапашваюцца ў тлушчавай тканцы і абараняюць ад ультрафіялетавых прамянёў», — тлумачыць прафесар харчовай хіміі Фолькер Бём.

Гэтая абарона абмежаваная і не замяняе сонцаахоўнага крэму.

Каб арганізм лепш засвойваў каратыноіды, да морквы ці памідораў можна дадаць крыху аліўкавага алею.

Бэта-каратын ператвараецца ў арганізме ў вітамін А, патрэбны для росту і абнаўлення клетак скуры. Каратыноіды таксама могуць спрыяць выпрацоўцы гіялуронавай кіслаты, якая дапамагае ўтрымліваць вільгаць.

Іх магчымы ўплыў на калаген і эласцін яшчэ вывучаюць. ВВС прыводзіць невялікае даследаванне, у якім жанчыны дзесяць месяцаў прымалі дабаўку з каратыноідамі: паказчыкі гэтых бялкоў у скуры палепшыліся. 

Харчаванне павінна быць паслядоўным, падкрэслівае Крутман: «Які б антыаксідант вы ні ўжывалі, звычайна патрабуецца ад васьмі да дзесяці тыдняў, перш чым можна будзе вымераць яго ахоўны эфект ад уздзеяння навакольнага асяроддзя».

Асобную ўвагу даследчыкі звярнулі на манга. У невялікім эксперыменце Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Дэйвісе жанчыны пасля менапаўзы елі яго на працягу 16 тыдняў. У групе з порцыяй 85 грамаў чатыры разы на тыдзень некаторыя паказчыкі выразнасці зморшчын палепшыліся. У групе з порцыяй 250 грамаў частка паказчыкаў, наадварот, пагоршылася.

Чаму так адбылося, дакладна невядома. Суаўтар даследавання Роберт Хекман дапускае ўплыў натуральных цукроў, але пакуль гэта толькі гіпотэза.

Манга і цытрусавыя таксама ўтрымліваюць вітамін С, неабходны арганізму для выпрацоўкі калагену.

Арэхі, семкі і тлустая рыба

Міндаль, фундук, кедравыя арэхі і раслінныя алеі — крыніцы вітаміну Е. Ён дапамагае абараняць клеткі ад пашкоджанняў. Недахоп гэтага вітаміну можа адмоўна ўплываць на скуру, у тым ліку на загойванне ран.

У невялікім рандамізаваным даследаванні жанчыны пасля менапаўзы 16 тыдняў перакусвалі міндалем або іншымі прадуктамі такой жа каларыйнасці. У групе міндалю зморшчыны сталі менш выразнымі паводле аналізу фотаздымкаў. Даследаванне завяршылі 28 удзельніц, таму пакуль невядома, наколькі шырока можна распаўсюджваць яго высновы.

Арэхі таксама ўтрымліваюць амега-6 — тлустыя кіслоты, патрэбныя для ахоўнага бар’ера скуры, які стрымлівае страту вільгаці.

Амега-3 ёсць у тлустай рыбе: ласосі, сардзінах, скумбрыі, а таксама ў некаторых водарасцях. Невялікія даследаванні паказваюць, што гэтыя кіслоты могуць змяншаць адчувальнасць скуры да сонечнага выпраменьвання. Іх таксама вывучаюць у сувязі з захаваннем калагену і рэгуляваннем запалення.

Прадукты для кішэчніка

Стан скуры звязаны і з мікраарганізмамі, якія жывуць у кішэчніку. Яны ўдзельнічаюць у працы імуннай сістэмы, а падчас перапрацоўкі расліннай ежы выпрацоўваюць рэчывы з супрацьзапаленчымі і антыаксідантнымі ўласцівасцямі.

Таму эксперты раяць разнастайнае меню: гародніну, садавіну, бабовыя, суцэльназерневыя прадукты, арэхі, зеляніну і спецыі.

Яшчэ адна група — ферментаваныя прадукты. Гэта ёгурт, кефір, квашаная капуста, кімчы і камбуча. У даследаванні Стэнфардскага ўніверсітэта харчаванне з вялікай колькасцю такіх прадуктаў павялічвала разнастайнасць кішэчных мікраарганізмаў і зніжала некаторыя паказчыкі запалення ў крыві. Аднак непасрэдна ўплыў на зморшчыны ў гэтым эксперыменце не вывучалі.

Звычайныя морква, фасоля, арэхі, ёгурт і квашаная капуста цалкам упісваюцца ў такое харчаванне. Дарагія экзатычныя прадукты для гэтага не абавязковыя.

Пры гэтым абарона ад сонца застаецца неабходнай: нават карысны і разнастайны рацыён не замяняе сонцаахоўнага крэму, ценю і адзення, якое прыкрывае скуру.

Каментары

Цяпер чытаюць

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі14

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Усе навіны →
Усе навіны

Дачка экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі выйграла чэмпіянат Расіі5

Украіна атакавала ракетамі расійскі завод у Ліпецкай вобласці1

Штучны інтэлект паставіў пад сумнеў аўтарства самай дарагой карціны ў свеце3

У Стамбуле забаранілі канцэрт Максіма Галкіна2

Прэм’ер Брытаніі заявіў, што не супраць вяртання свабоды перамяшчэння паміж Брытаніяй і ЕС2

У Крамлі заявілі, што пра заканчэнне вайны ва Украіне трэба гаварыць і з Еўропай2

У 41 год памёр вядомы расійскі рэпер-нацыяналіст, які падтрымаў вайну. Пішуць пра самагубства19

«Тут няма часу на жыццё». Беларус — пра працу дальнабойшчыкам у ЗША19

У Балгарыі праходзяць прэзідэнцкія выбары

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі14

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць