У Пентагоне аргументавалі гэта тым, што некаторыя заявы еўрапейскіх лідараў і службовых асоб падрываюць бяспеку кантынента.

На працягу апошніх тыдняў прадстаўнікі Пентагона звярнуліся да некалькіх краін НАТА, у тым ліку краін Балтыі, з просьбай змякчыць рыторыку адносна пагрозы з боку Расіі, піша Reuters.
У Пентагоне аргументавалі гэта тым, што некаторыя заявы еўрапейскіх лідараў і службовых асоб падрываюць бяспеку кантынента.
Паводле слоў крыніц агенцтва, сярод краін, якія атрымалі заклікі стрымліваць публічныя заявы, — Літва, Латвія і Эстонія. Пры гэтым невядома, ці былі гэтыя паведамленні, перададзеныя падчас двухбаковых сустрэч, даведзеныя да ведама ўрадаў іншых еўрапейскіх краін.
Адзін з суразмоўцаў распавёў, што сярод выказванняў, якія прыцягнулі ўвагу амерыканскіх чыноўнікаў, былі заявы еўрапейскіх лідараў пра тое, што Расія апынулася ў безвыходным становішчы і звяртаецца да ўсё больш адчайных захадаў, паколькі яе ўварванне ва Украіну запавольваецца да ледзь прыкметнага тэмпу.
Суразмоўцы адзначылі, што адным з амерыканскіх чыноўнікаў, якія перадалі гэтае паведамленне, быў кіраўнік упраўлення палітыкі Пентагона Элбрыдж Колбі — ключавая фігура ў працэсе цяперашняга перагляду колькасці амерыканскіх войскаў у Еўропе.
Пры гэтым ніводзін з суразмоўцаў не сцвярджаў, што амерыканскі бок выказваў гэтыя заўвагі ў канфрантацыйнай манеры.
Таксама адна з крыніц распавяла, што Колбі нядаўна сказаў аднаму з балтыйскіх чыноўнікаў, што не варта «дражніць» расіян.
Паводле яго слоў, Колбі прывёў у якасці прыкладу непажаданай рыторыкі публічныя заявы еўрапейцаў пра тое, што Расія «загнаная ў кут, як пацук».
Яшчэ адзін суразмоўца агенцтва распавёў, што падчас асобнай нядаўняй сустрэчы Пентагон заклікаў эстонскую дэлегацыю быць «стрыманай» у сваіх заявах.
Паводле слоў аднаго з еўрапейскіх чыноўнікаў, парады Пентагона, хоць і былі выказаныя ў сяброўскім тоне, выклікалі здзіўленне ў еўрапейцаў.
Каментары