Беларускі санаторый аб'явіў пра зніжкі для ўдзельнікаў расійскай «СВА». А пасля перадумаў
3 лістапада выданне «Люстэрка» звярнула ўвагу, што санаторый «Ружанскі» ў Пружанскім раёне дае зніжку на пуцёўкі «Санаторна-курортнае лячэнне» і «Аздараўленне» расіянам, якія ўдзельнічалі ў вайне ва Украіне. Адпаведная інфармацыя была размешчаная на сайце санаторыя.

Зніжкі памерам 15 і 20% у залежнасці ад даты заезду ўстанова прапаноўвала, як пісалася на сайце:
«— пенсіянерам па ўзросце;
— інвалідам 1-й, 2-й, 3‑й групы;
— ветэранам, удзельнікам і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны;
— ветэранам, удзельнікам і інвалідам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў;
— удзельнікам «СВА»;
— ліквідатарам і грамадзянам, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС».
Аднак пасля таго, як пра гэта напісалі ў незалежных СМІ, радок пра ўдзельнікаў «СВА» з сайта знік.

Чаму была прынятая пастанова прыбраць удзельнікаў «СВА» з гэтага пераліку, на сайце санаторыя інфармацыі няма.
Вядома, што акрамя «Ружанскага», «ветэранаў і ўдзельнікаў СВА» з пачатку расійскай узброенай агрэсіі на Украіну прымае Лепельскі вайсковы санаторый. Вядомыя факты іх аздараўлення і ў санаторыі «Вяжуці» пад Маладзечнам.
Каментары