Культура

Праўдзівае сьмяхоцьце

У Анны Бландзіяны: «Як у пуры-танскіх супольнасьцях існуе нецярпімасьць людзей маральных да тых, хто пераступае законы маралі, так у карумпаваных – нецярпімасьць заганы да тых, хто ёй не паддаецца».

* * *

У Анны Бландзіяны: «Як у пурытанскіх супольнасьцях існуе нецярпімасьць людзей маральных да тых, хто пераступае законы маралі, так у карумпаваных – нецярпімасьць заганы да тых, хто ёй не паддаецца».

А не абавязкова і заганы ў чыстым выглядзе, між іншым. Заікніся сягоньня ў нашых родных палестынах пра маральны прыгнёт ды капані як сьлед углыб-ушыркі і пабачыш, як першымі нібыта «прыгнечаныя» тым капаньнем абразяцца.

Замірэньне з заганай – ці ня тая ж загана, як бы мы ад яе на словах ні дыстанцыаваліся.

* * *

У заходніх раёнах старэйшыя людзі, вернікі ад маленства, кажуць ня «верыць у Бога», а «верыць Богу». І больш ёмка другое, і больш шырока, бо сэнсава ўключае ў сябе першае як дадзенасьць. І больш дакладна – у сэнсе выяўленьня стаўленьня асобы да выкананьня Божых запаветаў. Верыць у Яго існаваньне – асабістая справа чалавека, верыць Яму – значыць жыць, як намаўляў, кіравацца Яго прыкладам згодна ня толькі са сваімі, а і з да сябе падобнага інтарэсамі. Учынкам верыць Яго і слову і прасякнуцца імі незалежна ад таго, ці прасякнуўся хто-небудзь побач з табою.

І «не грашы супраць Бога» – таксама ў нас зь перафразам: «не грашы Богу».

* * *

Усё часьцей ды часьцей – сорам. Што нажыў з матэрыяльнага, чым маеш пахваліцца? Разумееш, што – не галоўнае гэта, ня тое, дзеля чаго сьлед сябе квяліць, ды ўсё ж... Каму будзеш даводзіць, што беднасьць твая (адносная, вядома, многія людзі і таго ня маюць) – не ад няздарства, а адзіна – ад ладу жыцьця, нюансы якога нікому, апроч цябе, не цікавыя?

Быць (і заставацца) бедным у часе культу заможнасьці – таксама моцы патрабуе. Асабліва, калі і да падсумаваньня набыткаў ужо ня так шмат часу застаецца.

* * *

Гарадзкія паховіны, як старая памрэ (старых-мужчынаў штосьці наагул ня бачна, ні ў труне, ні па-за ёю): з два дзясяткі чалавек, зь іх палова – бабулькі, сяброўкі нябожчыцы. Адна адну праводзяць, аплакваюць скупою сьлязою пад абыякава-похаплівую мі¬тусьню сваякоў памерлай. Дамова ў старых між сабою: памрэ каторая – астатнія конча павінны прыйсьці, ня так, можа, дзеля разьвітаньня (наразьвітваліся на ўслончыку пры шматпавярховіку!), як дзеля наданьня цырымоніі элемэнтарнае прыстойнасьці.

Хоць нейкі калярыт, хоць нейкае падабенства людзкасьці.

* * *

Бывае пасьля доўгага пэрыяду замкнёнасьці: у людзі выйдзеш і ня ведаеш, як сябе паводзіць. Ані рукі куды дзець, ані загаварыць з кім: язык каменем у роце, сківіцы бы спалярушаныя, хоць абцугамі раздымай. Адвык ад да сябе падобных! У кніжцы «Лябірынты адзіноты» ў расповедзе пра індзейскае племя тарахумара, што ў бязьлюднай мэксыканскай пустэльні Сьера-Мадрэ-дэ-Ч’япас жыве, на апісаньне падобнага натыкнуўся. Людзі жывуць там у пячорах так далёка адно ад аднаго, што тыднямі нікога ня бачаць. А спаткаўшыся неў¬спадзеў з суседам, так бянтэжацца, што ня ведаюць, як распачаць размову. Здараецца, што, ня даўшы рады адэкватна сябе паводзіць падчас такога спатканьня, пачынаюць гаману, ад¬вярнуўшыся сьпінамі. Прывыкаюць гэткім чынам спакваля да прысутнасьці другога чалавека, міміку-жэстыкуляцыю даводзяць да ладу. Збо¬льшага прывыкшы, паварочваюцца ўрэшце тварамі і пачынаюць нястрымна – выдаткі нэрвовага напружаньня – рагатаць.

Комплекс, выпрацаваны самотаю.

* * *

У Ахматавай: «Паэт – гэта чалавек, якому нічога нельга даць і ў якога нічога нельга адабраць».

Так гордыя разважаюць – прылюдна, не жадаючы болем ад крыўды дзяліцца. Ці ж Ахматавай ня ведаць: можна – і тое, і тое, і яшчэ як можна.

Паэтаў – мала, ахвотнікаў стаць «су-паэтамі» – заўжды шмат.

* * *

Старую чатыры гады на леках трымалі. Восемдзесят споўнілася кабеціне – стала вачавідзь горшаць: ногі ранамі пабіліся, пролежні зьявіліся. Лекарку паклікалі – разьвяла рукамі: «Нічога ня зробіш, рэсурс вычарпаны, лекуйце самі, як можаце, аблягчайце пакуты».

Дала нявестка лекі старой чарговы раз, а яна: «Што гэта за курс лячэньня? Не каб у клініку куды мяне завезьці!»

Як на сьвет прыйсьці, так і сысьці зь яго – ня просімся.

* * *

У размове датычна мовы: «Ня мае значэньня, размаўляе чалавек на ёй ці не, абы погляды былі правільныя!»

Але што за карысьць з той «правільнасьці» для справы, якую, як і любую іншую, калісьці ж трэба камусь пачынаць увасабляць у жыцьцё? Сёньня ён (яна) не пачне, заўтра – сын (дачка) яго (яе) ня ўважаць за патрэбнае абцяжарыцца, пасьлязаўтра – унукі... Яшчэ добра, калі тымі поглядамі наагул прасякнуцца нашчадкі, а як не?

Слова не прамоўленае – таксама ж мана.

* * *

У «Нашай Ніве» – інтэрвію з Лайковым з нагоды пераходу ў новы са¬юз. Нараканьні былі ў асяродку чытачоў: навошта такое друкаваць? Ці ня возьмуць прэцэдэнт за ўзор іншыя маладыя? Такі падыход: факт ёсьць, а ўдавацца трэба, быццам – няма. І так паўсюль. Правялі ў Віцебску мерапрыемства да Дня народзінаў Быкава – дзяржвыданьні нават не заікнуліся пра тое, быццам і не адбылося нічога. Празаік Крэйдзіч у адной зь ЛіМаўскіх нататак – старшыня Берасьцейскай суполкі СПБ, а старшыня аналягічнай суполкі СБП Каско ў той жа нататцы – проста паэт. Аркадзя Нафрановіча з Паставаў, малалетняга вязьня падчас вайны, павіншавалі ў раёне з 70-годзьдзем як «удзельніка літаб’яднаньня пры раённай газэце», а пра сяброўства ў тым жа СБП – нават не згадалі, збаяліся ці, мабыць, загад чыйсьці выконвалі. Замаўчаць, не пу¬сьціць, схаваць падалей ад вока людзкога – як гэта ўсё пазнавальна і паскудна!

* * *

У «Калосьсі» – Сахарчуковы чатырохрадкоўі, аказваецца, мне прысьвечаныя. Бог мой, якая неспадзяванка! Нібы папрок: «Хоць пазваніў бы мне сябрук, каб не наклаў я ўрэшце рук...» Убачыў, і ўсё неяк па-новаму высьвецілася ў гісторыі Васілёвага сыходу.

Васіль ад студэнцкіх гадоў быў мадэльер сытуацыяў. Яму дастаткова было пачуць дзесьці фразу, якая яго «чапляла», і яна станавілася для яго падставаю для «раскручваньня».

Мадэляваў сыход, а я міжволі аказаўся тым, хто падліў смалы ў агонь. Было неабачлівае слова, якому тады, падчас апошняга ягонага тэлефанаваньня, не надаў значэньня.

Цяпер – асьцюк дакору (мякка кажучы).

* * *

Мудрыя развагі Дубаўца ў «Свабодзе» пра сутнасьць паняцьця Божага страху. Таго, што, паводле аўтара, «...па вялікім рахунку, ёсьць страхам ва ўласнай душы – найвялікшай адказнасьцю перад самім сабой». Усе нібыта ведаем гэта, ды як рэдка тою адказнасьцю кіруемся ва ўласным жыцьці. Бо кіраваньне такое, як, зрэ¬шты, і сама Вера – надта ж нязручныя часам рэчы. Верыць – значыць і голаў попелам пасыпаць, і ўкленчыць калі-нікалі перад Богам, перапрасіць за грэх супраць сумленьня. Але ж дзе там! Ці перад чортам так збрыдзела кленчыць, што і перад Богам ужо не жадаем?

* * *

У сэнсе грамадзянскасьці сучасны беларус – асоба адной іпастасі. Як правіла, прафэсійнай: настаўнік, ін¬жынэр, журналіст і г.д. Прынамсі, на гэта, як бачна і голым вокам, скіраваныя сёньня ідэалягічныя намаганьні нашага афіцыёзу. Гэткае ўзьведзенае ў ранг дзяржаўнае палітыкі выхаваньне палітычнага пурытанства. Я настаўнік (інжынэр, журналіст), а ўсё астатняе мяне (яго) не датычыць! Усё б нічога было, калі б ня мела яно, тое пурытанства, уласьцівасьці так лёгка трансфармавацца ў сваю процілегласьць – прастытуцтва. Але каму тое абыходзіць? Абываталю – зручна, уладзе – выгадна.

* * *

У тэлеперадачы (ці не «Здароўе») – «миндалины». У слоўніку па-беларуску – гэтаксама, калька. А ў нас было – «гручолы», з выбухным «г». Міжволі асацыявалася з тым, што грувасьціцца ў роце, замінае. Бывала, так распухнуць, што, здаецца, рады дыхнуць неўзабаве не дасі. Памятаю, як дзесьці ў 14-гадовым узросьце рва¬лі ў больніцы – лыжкаю. Лыжка тупая (востраю нельга – судзіны парэжаш), а яны, гручоліны тыя, упіраюцца, не жадаюць зрушвацца. Твар доктарцы скрывавіў, керхнуўшы, злуецца кабета, ажно такі нешта ня так зрабіла, колькі гадзінаў з заціскачом у роце давялося па працэдуры ляжаць.

Праўдзівыя гручолы.

* * *

Маці вельмі назіральная была жанчына. Размаўлялі неяк аднаго разу.

– Мама, ці магла б ты апісаць словамі чалавека? – пытаюся.

– Канечне.

– Ну дык апішы N., – называю вяплаватага крыху, але пыхлівага дзядзьку. – Які ён?

– Які? – задумалася на хвіліну. – Такі... Нясклёпісты. Ты ж паглядзі: сам разумны-разумны, а галовачка – мале-е-енькая...

Другога называю, таксама вяплаватага і пыхлівага, але зь вялікаю галавой.

– О, ку-уды там, у гэтага не галава – галаві-і-ізна!

Каментары

Цяпер чытаюць

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца17

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Усе навіны →
Усе навіны

Праз санкцыі Марыя Калеснікава не можа разблакаваць свой нямецкі рахунак25

У вёску Асіповіцкага раёна прыйшоў зубр, але ад пачастункаў мясцовых адмовіўся ФОТА3

Сябры і калегі памерлага журналіста Алега Ануфрыенкі: Слядоў атручэння экспертыза не выявіла1

Беларуска дэбютавала ў Chanel ФОТАФАКТ7

«Гаспадары ўбачылі вынік і паднялі арэнду». Пара зняла «бабушатнік» і змяніла яго за $7008

Мерц: Уступленне Украіны ў ЕС да 2027 года немагчымае2

WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе1

Медыйны прэс-сакратар МНС Віталь Дамбоўскі пайшоў у псіхолагі-сэксолагі8

Завод Tesla цалкам пераабсталююць пад вытворчасць чалавекападобных робатаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца17

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць