Эканоміка

«Зарабіў 1200, потым прыйшоў штраф на 1000». Беларусы дзеляцца ўмовамі працы на складзе Wildberries у «Вялікім Камені»

Штодзень у чарзе на ўладкаванне туды стаяць сотні людзей.

Склад Wildberries у «Вялікім камені». Скрын відэа.

У тыктоку выйшла відэа пра ажыятаж каля склада Wildberries у «Вялікім Камені». Людзі запісваюцца ў чаргу начамі і ездзяць некалькі дзён запар, каб уладкавацца: той, хто прыехаў а 9‑й раніцы, апынаецца ў трэцяй сотні. У вакансіях абяцаюць ад 1500 да 6000 рублёў на месяц.

Пад ролікам амаль 700 каментароў. І галоўнае слова ў іх — не «чарга» і не «заробак», а «штраф».

Самы залайканы каментар (1356 лайкаў) — ад чалавека, які там працаваў:

«Хлопец разам за мной ўладкоўваўся, стаў на крупнагабарыт, каб каэфіцыент быў большы. Дзён за пяць напікаў на 1200 рублёў, потым прыйшоў штраф на 1000».

У адказах пад ім тлумачаць, за што штрафуюць. Напрыклад, калі ты загрузіў мыйны сродак, а той потым праліўся на тканіну і іншы тавар. Каментатар сцвярджае, што работнік ніколі не ведае, з чым сутыкнецца: «Там сапраўдныя галодныя гульні». Іншы дадае: зарабіў 1000 — аштрафавалі на 500.

«Там штрафы большыя за заробак», — даводзіць нехта. Яшчэ адна карыстальніца пераказвае словы сяброўкі: калі штосьці знікла ці сапсавалася, штраф дзеляць на ўсіх, праз чые рукі прайшоў тавар.

Нехта расказвае, што аднойчы цэлую змену адпрацаваў, каб закрыць адзін штраф. Іншыя пішуць, што першыя два месяцы штрафаў няма, а потым яны прыходзяць штодня, і што штрафуюць нават за тое, чаго ты не бачыў. Праўда, пры гэтым за змену атрымліваецца 300‑350 рублёў.

Пра заробак людзі пішуць з іроніяй.

«У вакансіі 1500, па факце 1200, на рукі 1000», — падлічвае адзін з каментатараў. І гэта другі па колькасці лайкаў (822) каментар.

«Пра штрафы забыўся», — адказваюць яму.

Але тыя, хто працуе на складзе цяпер, называюць іншыя лічбы. Адзін піша, што выносіць па 200—300 рублёў за змену, а штрафаў больш за 6 рублёў за змену за паўгода не было. Іншыя называюць 4300 за месяц, 500—600 за тры дні, 2000 у студэнтаў, якія працуюць па выходных, або «свае 4 [тысячы] за 12 змен».

Адна карыстальніца піша, што яе зяць зарабляе 400 рублёў за дзве змены за 12 гадзін і грошы прыходзяць стабільна кожны тыдзень. У адказах адразу палічылі: 200 рублёў за 12 гадзін — ці гэта шмат? Для некаторых гэта сапраўды шмат: у Барысаве, піша чалавек, за 12 гадзін плацяць 50—70 рублёў, а 19‑гадовы хлопец на адпрацоўцы на заводзе атрымлівае 37 рублёў за змену.

«Пакажыце разліковы лісток. Ніводзін не паказаў», — патрабуюць скептыкі. У адказ ім адзін былы работнік піша, што зарабляў 250 за змену, а потым прыходзілі штрафы на 150 і больш. Пры гэтым падчас працы сядзець нельга, тэлефонам карыстацца нельга, а штраф за сапсаваную каробку дзеляць на некалькі чалавек. Іншы тлумачыць, чаму ніхто не паказвае: разліковых там проста няма, бачыш толькі, колькі ў чацвер прыйшло на картку.

Беларусы не вераць у аповеды пра вялікія заробкі і кпяць з іх. Не ўсе вераць і ў тое, што чарга на ўладкаванне сапраўды ёсць. Так, просьба «пакажаце, дзе гэта чарга» стала трэцяй па папулярнасці, сабраўшы амаль 700 лайкаў.

У адказ нехта проста напісаў адрас, па якім гэта адбываецца. А іншыя падаюць прыватныя гісторыі. Адна жанчына сцвярджае, што запісалася а 0:49 ночы і была 97-й, іншая а 00:05 аказалася дзявятай. Яшчэ адна карыстальніца піша, што месяц таму была 190‑й і сядзела ад 9‑й да 18‑й вечара, а цяпер, прыязджаючы на змену, кожны раз бачыць не менш за 300 чалавек.

У чарзе на склад многія бачаць больш шырокую праблему.

«Як жа ў Беларусі абясцэнілася праца», — піша карыстальнік і дадае, што гэта тлумачыць, чаму так шмат людзей працуе за мяжой.

Іншы заўважае, што на ВБ стаяць чэргі, а на заводах пуста. Нехта здзіўляецца, адкуль такі попыт на вакансію за 1500, калі, па словах улады, усе зарабляюць па дзве‑тры тысячы. А іншыя пішуць, што людзі паехалі не па 1500, а за рэкламай па тэлебачанні, дзе абяцаюць да 450 рублёў за дзень і 4000 на месяц.

Ёсць і больш узважаныя меркаванні: працаваць на складзе можна, але нядоўга. Адзін з каментатараў тлумачыць, што пакуль склад у «Вялікім Камені» толькі адкрыўся, там дзейнічаюць высокія тарыфы, каб прывабіць людзей. Потым, на яго думку, тарыфы панізяць і «паляцяць штрафы», таму папрацаваць пару месяцаў можна, «а далей — на свой страх і рызыку».

Адна жанчына расказвае, што звольнілася з працы фельчаркі і пайшла на склад. За 15 дзён працы з 9‑й да 18‑й яна зарабіла 3 тысячы, хоць, па яе словах, працуе павольна. Цяпер разам з ёй на складзе працуюць яе маці і сябры.

А нехта падсумоўвае: «Калі як падпрацоўка, то, можа, і нядрэнна. А на пастаяннай — складана».

Каментары

Цяпер чытаюць

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?16

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Усе навіны →
Усе навіны

Ізраіль загрузіў мільёны фотаздымкаў у сістэму распазнавання твараў Amazon, каб сачыць за палесцінцамі7

У МУС расказалі, колькі працоўных мігрантаў прыехала ў Беларусь і колькі злачынстваў яны здзейснілі1

Як у кіно. У цэнтры Гродна 19‑гадовы хлопец з аднаго ўдару паваліў слуп13

Свет на парозе фінансавага абвалу, яшчэ больш агрэсіўны Трамп і небяспека для Тайваня. The Economist даў прагноз на 2027 год13

Жанчыне, якая арганізавала ў Мінску незалежную культурную прастору, далі пяць гадоў калоніі18

Самая танная кватэра — 222 тысячы рублёў. МАПІД прапанаваў кватэры ў «Сонечным» для ўсіх ахвотных6

46‑гадовага мінскага псіхолага і бізнэс-трэнера пасадзілі па палітычнай справе2

Прэзідэнт Манголіі, які тры тыдні таму сустракаўся з Лукашэнкам, падаў у адстаўку, абвінавачаны ў карупцыі1

У Германіі малады беларус ушчэнт раскалаціў фуру аб аўтадом пенсіянераў. Кіроўцаў ратавалі з дапамогай верталётаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?16

Ці пагражае Крыму блакада праз паралізаваны Крымскі мост?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць