Вайна

Што вядома пра ўкраінскую лазерную зброю, якая ўпершыню збіла расійскі дрон

Украінская лазерная ўстаноўка «Бліск» (Blysk) збіла расійскі рэактыўны беспілотнік. Гэта першае публічна вядомае паспяховае выкарыстанне лазернай зброі ў баявых умовах ва Украіне. Пра гэтую падзею паведаміў дарадца прэзідэнта па тэхналагічных пытаннях Сяргей Бяскрэснаў («Флэш»). Ён таксама прадэманстраваў відэа паражэння цэлі. Што гэта за новая зброя і як яна працуе, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

На выстаўленым відэа відаць, як лазерная ўстаноўка захапіла і ўтрымлівае цэль, імаверна, рэактыўны дрон «Герань-4», атакуючы яго лазерным промнем. Захоп цэлі адбыўся на вышыні каля 400 метраў і на далёкасці амаль 800 метраў.

Лазер некалькі секунд прапальвае БПЛА, пасля чаго той пачынае падаць.

«Лазерныя ўстаноўкі СПА Blysk ад кампаніі Carmine Sky дэманструюць першыя вынікі ў баявых умовах. Нядаўна баявы лазер, які быў устаноўлены для абароны аб’екта крытычнай інфраструктуры, упершыню ў свеце збіў рэактыўны дрон «Герань»», — заявіў Сяргей Бяскрэснаў.

Кадры паражэння расійскага дрона ўкраінскім лазерам. Ад захопу да падзення і выбуху на зямлі. Аўтар фота: Сяргей Флэш

Бяскрэснаў дадаў, што тэхналогія лазернай сістэмы СПА развіваецца ў рамках дзяржаўнай праграмы «Прыватная СПА» пры падтрымцы кластара абаронных тэхналогій Brave-1.

Паводле яго слоў, ва Украіне некалькі кампаній займаюцца распрацоўкамі ў сферы прымянення лазераў для СПА.

«Лазерныя тэхналогіі вельмі складаныя і фінансава затратныя, таму прыемна, калі ў некага з’яўляюцца добрыя навіны», — падкрэсліў «Флэш».

Аднак, на яго думку, пакуль што зарана гаварыць пра серыйную вытворчасць лазера. Працягваюцца выпрабаванні, падчас якіх лазеры абараняюць крытычныя аб’екты інфраструктуры.

Што вядома пра «Бліск»

У пачатку лістапада журналісты Украінскай службы Бі-бі-сі атрымалі эксклюзіўнае права першымі пабачыць найноўшую лазерную ўстаноўку СПА пад назвай «Бліск».

Яна ўстаноўленая для абароны аднаго з аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў Кіеўскім рэгіёне.

«Бліск» — гэта невялікая па памерах устаноўка, якая змантаваная на паваротнай турэлі і кіруецца аператарам дыстанцыйна. Яе распрацавала і выкарыстоўвае кампанія Carmine Sky, якая з’яўляецца адным з найбуйнейшых прыватных аператараў СПА ва Украіне.

Прадстаўнік кампаніі Аляксандр расказаў журналістам, што гэтая лазерная ўстаноўка фарміруе лазерны прамень, які прапальвае корпус варожага БПЛА.

Эфектыўная далёкасць працы — каля 1 км.

«Лазер «Бліск» працуе шляхам выпраменьвання пучка энергіі магутнасцю 4 кВт, які можа эфектыўна прапаліць корпус любога лятальнага сродку такога тыпу, як «Шахед» і «Герань», — заявіў прадстаўнік Carmine Sky.

Для прапальвання невялікага FPV-дрона «Бліску» патрэбныя толькі долі секунды, кажа Аляксандр, але для корпуса «Шахеда» неабходна ўжо некалькі секунд — ён мае значна мацнейшую абарону, якая складаецца з некалькіх слаёў розных матэрыялаў, у прыватнасці гумы.

«Бліск» ужо заступіў на баявое дзяжурства на пачатку лістапада 2026 года, адзначаюць у кампаніі.

Па стане на 19 лістапада ён яшчэ не меў паражоных цэляў. У тым ліку і таму, што ў гэты перыяд на Кіеўшчыне было неспрыяльнае надвор’е — было хмарна і туманна, ішлі дробныя дажджы. У такіх умовах лазерная зброя не надта эфектыўная.

Што такое лазерная зброя

Над стварэннем лазернай зброі працуюць дзясяткі краін свету.

Так, напрыклад, у студзені 2024 года ў Вялікабрытаніі прайшлі першыя паспяховыя выпрабаванні новай зброі: цэль у паветры паразіў магутны лазер.

Паводле слоў прадстаўнікоў Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, дакладнасць зброі, якую назвалі DragonFire, такая, што яна здольная трапіць у манету наміналам 1 фунт з адлегласці ў адзін кіламетр.

Гэтая сістэма за 10 секундаў працы выдаткоўвае столькі ж энергіі, колькі звычайны бытавы абагравальнік на працягу гадзіны, заявілі ў мінабароны. Агулам кошт эксплуатацыі сістэмы складае каля 13 даляраў за стрэл.

Міністэрства абароны назвала выпрабаванні «важным крокам» на шляху да прыняцця тэхналогіі на ўзбраенне. Там таксама заявілі, што гэтая тэхналогія дазволіць знізіць залежнасць ад дарагіх боепрыпасаў, а таксама паменшыць рызыку спадарожных страт.

Вялікабрытанія разглядае магчымасць выкарыстання лазернай тэхналогіі ў сваіх сродках СПА для арміі і флоту.

Пра стварэнне сваёй лазернай зброі публічна абвяшчала і Расія.

Яшчэ ў маі 2022 года ўлады РФ заявілі пра разгортванне прататыпа баявога лазера пад назвай «Задзіра», які нібыта за пяць секундаў спаліў украінскі беспілотнік на адлегласці 5 км. Ніякіх доказаў гэтага Масква не падала.

«Задзіра» з’яўляецца дапаўненнем да папярэдняй лазернай сістэмы «Перасвет» (названай у гонар сярэднявечнага праваслаўнага манаха-ваяра), якая нібыта здольная асляпляць разведвальныя спадарожнікі праціўніка на арбітах, не даючы ім збіраць інфармацыю.

Міністэрства абароны ЗША заявіла тады, што не мае «нічога, што пацвярджае гэтыя заявы» пра прымяненне расійскіх лазераў ва Украіне.

Лічыцца, што ў баявых умовах была праверана толькі адна лазерная ўстаноўка — ізраільская сістэма Iron Beam. Яе магутнасць каля 100 кВт, а далёкасць працы — да 10 км.

У лістападзе 2023 года Ізраіль паведаміў, што гэтая зброя здзейсніла першы ў гісторыі баявы перахоп з прымяненнем лазера, збіўшы мінамётны снарад, выпушчаны з тэрыторыі Лівана.

Брытанская лазерная ўстаноўка DragonFire на выставе. Фота: Getty Images

Ва Украіне пра стварэнне ўласнай лазернай зброі пачалі гаварыць у снежні 2024 года. Тады палкоўнік Вадзім Сухарэўскі, які быў на той час камандуючым Сіламі беспілотных сістэм, абвясціў пра стварэнне лазернай устаноўкі «Трызуб».

«Сёння Украіна з’яўляецца, калі я не памыляюся, пятай краінай, якая можа сказаць, што ў яе ёсць лазер. Мы ўжо на вышыні больш за 2 км гэтым лазерам можам збіваць самалёты», — сказаў ён.

У красавіку 2025 года Сухарэўскі паказаў кадры выпрабаванняў устаноўкі «Трызуб» і адзначыў, што гэтая зброя можа знішчаць ударныя дроны, авіябомбы, крылатыя і балістычныя ракеты на адлегласці да 3 кіламетраў, а верталёты і самалёты — на адлегласці да 5 км.

Аднак ужо праз некалькі тыдняў — на пачатку чэрвеня 2025 года — Сухарэўскага звольнілі з пасады камандуючага СБС, а праект «Трызуб» знік з публічнай прасторы.

Carmine Sky заяўляе, што іх новая лазерная ўстаноўка «Бліск» ніякім чынам не звязаная з «Трызубам».

Каментары

Цяпер чытаюць

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін85

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Усе навіны →
Усе навіны

WB Taxi пачынае працу ў Віцебску1

Як выглядаюць новыя талоны на праезд у Мінску і чаму не варта выкідаць старыя3

Абвешчаная пераможца конкурсу «Міс Сусвет-2026»2

На Шры-Ланцы выратавалі беларуску, якую панесла ў адкрытае мора

26‑гадовага пінчука пахавалі як загінулага на вайне супраць Украіны, але сястра сцвярджае, што ён у палоне2

Ці патрэбныя сабакам зімой боты? Адказвае кінолаг

«Касметычныя змены ўжо не дапамогуць». Офіс Ціханоўскай заявіў, што ў ЕГУ застаецца яшчэ апошні шанец22

Трамп засмяяўся, калі яго спыталі пра словы Зяленскага, што ЗША хочуць завяршыць вайну да студзеня2

Статкевіч пра сацапытанне «Беларусь у 2026 годзе»: Кідалі слухаўку, бо ў канцлагер ніхто не хоча25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін85

Ціханоўская: Не ўпэўненая, што пасля ўсяго, што пачула ад Сяргея, ёсць магчымасць вярнуцца да нармальных сямейных адносін

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць