«99,9%, што ён загінуў». Таццяна Шостак — пра знікненне мужа «Тора» і жыццё ва Украіне пасля страты
Былая медык эвакуацыі палка Каліноўскага Таццяна Шостак з пазыўным «Зара» амаль два гады не мае звестак пра свайго мужа Кірыла Іванова з пазыўным «Тор». Ён знік без вестак падчас баявога задання ў Запарожскай вобласці. Таццяна перакананая, што муж загінуў, але атрымаць афіцыйнае пацверджанае гэтага пакуль немагчыма. У дакументальным праекце «Свабоды» «Пасля фронту: ветэраны Каліноўскага» яна ўпершыню расказала пра абставіны знікнення мужа, праблемы з украінскімі ўстановамі і жыццё пасля страты.

Знаёмства на пратэстах і рашэньне ісьці на фронт
Таццяна Шостак і Кірыл Іваноў пазнаёміліся ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 году. З пачаткам поўнамаштабнай аргэсіі Расеі абое вырашылі дапамагчы Ўкраіне.
«Ты проста хочаш дапамагчы і нічога ад гэтага не чакаеш. Муж быў такога ж меркаваньня. Нават калі б я была супраць, ён бы паехаў, а я б паехала за ім», — кажа Таццяна.
Яна служыла мэдыкам эвакуацыі ў палку Каліноўскага, а таксама працавала ў тыле: аказвала дапамогу хворым і параненым, працавала на складзе.
Першы час, калі Таццяна даведвалася пра ўдзел мужа ў баявых апэрацыях, ёй было цяжка. «Цябе проста калоціць, ты ня можаш расслабіцца. Але адносіны ў нас былі добрыя: калі вы ў такой сытуацыі разам, ня ведаю, што можа іх лепш праверыць», — кажа яна.
Таццяна згадвае мужа як прынцыповага чалавека, які сьвядома хацеў служыць у пяхоце і вельмі перажываў за сваіх падначаленых.
«Ён пастаянна казаў, што ня вынесе, калі хтосьці з ягонай групы загіне зь ягонай віны, а ён застанецца жывы. Ён казаў: «Лепш я сам памру, чым мае хлопцы»», — згадвае Таццяна, як яе муж моцна перажываў за людзей са сваёй групы.

«Усе разумелі, што гэта самагубства»
Паводле Таццяны, перад зьнікненьнем у студзені 2025 году Кірыл Іваноў атрымаў баявое заданьне, якое лічыў невыканальным і надзвычай небясьпечным. Ён і іншыя камандзіры спрабавалі пераканаць камандаваньне зьмяніць плян. Яны пісалі рапарты, тлумачылі, што для апэрацыі не хапае людзей, тэхнікі, сувязі і магчымасьцяў эвакуацыі.
«Усе, у каго ёсьць досьвед, цудоўна разумеюць, што гэта самагубства. Туды на пазыцыі ніхто ня можа заехаць. Адна справа — загінуць на штурме, як ён казаў, за вызваленьне кавалка зямлі. А іншая — праз незразумелы загад камандзіраў, калі трэба проста пайсьці і адразу легчы там», — згадвае словы мужа Таццяна.
Таццяна таксама сьцьвярджае, што на мужа ціснулі, нагадваючы пра праблемы з дакумэнтамі. Яму казалі, што ў абодвух пратэрмінаваныя пашпарты і што без выкананьня заданьня яны ня змогуць вырашыць гэтыя праблемы.
Урэшце Кірыл пагадзіўся пайсьці на заданьне сам, не адпраўляючы сваю групу.
«І, уласна, не вярнуўся», — кажа Таццяна.
Полк Каліноўскага ня стаў адказваць на запыт Свабоды пра дэталі зьнікненьня Кірыла Іванова «Тора», спаслаўшыся на пажадньне ягоных родных.
«Я разумею, што на 99,99% ён загінуў»
Пра зьнікненьне мужа Таццяна даведалася ад выпадковага чалавека.
«Прачынаюся раніцай, бачу паведамленьне: «Трымайся, калі што, я табе заўсёды дапамагу». Без інфармацыі. Гэта ўсё, што было», — згадвае яна.
Паводле Таццяны, ніхто з украінскага камандаваньня не патэлефанаваў і не паведаміў пра здарэньне.
Пошукі цела цяпер немагчымыя, бо муж зьнік на тэрыторыі Запароскай вобласьці, якая цяпер акупаваная Расеяй.
«Я разумею, што зь велізарнай верагоднасьцю, на 99,99%, ён загінуў. Але лічыцца зьніклым бязь вестак, і даказаць нешта немагчыма», — кажа Таццяна.
«Каб легалізавацца, трэба выйсьці замуж за ўкраінца»
Пасьля звальненьня з вайсковай службы Таццяна сутыкнулася з праблемамі легалізацыі і атрыманьня дакумэнтаў. Паводле яе, украінскія ўстановы неаднаразова адмаўлялі ёй у дапамозе праз беларускае грамадзянства.
Асабліва жанчыну ўразіла сустрэча з прадстаўнікамі Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны. Калі яна расказала пра сваю сытуацыю, ёй прапанавалі выйсьці замуж за ўкраінца і нарадзіць дзяцей.
«Мой муж тады сядзеў з намі ў адным пакоі. Я кажу: «У мяне муж-беларус у адным пакоі з намі сядзіць, вас нічога не бянтэжыць?» Яна адказала: «Тады пакуль ніяк, такі закон. Да пабачэньня»», — згадвае Таццяна.
Пакуль Кірыл афіцыйна лічыцца зьніклым бязь вестак, Таццяна ня можа атрымаць выплаты, якія належаць сям’і ў выпадку гібелі вайскоўца. Для гэтага неабходнае афіцыйнае пацьверджаньне ягонай сьмерці, якога ў яе пакуль няма.
«Да таго ж з беларускім пашпартам я ня маю права на выплаты ад дзяржавы, якія звычайна атрымліваюць украінскія сем'і загінулых», — тлумачыць Таццяна.

«Украіна цяпер стала для мяне домам»
Нягледзячы на праблемы з украінскімі дзяржаўнымі ўстановамі, Таццяна не зьбіраецца пакідаць краіну.
«Украіна цяпер стала для мяне домам. У мяне тут шмат успамінаў. Нягледзячы на тое, што сыстэма так да нас ставіцца, тут усё роўна вельмі шмат добрых людзей. Тым больш з роднымі ў Беларусі ў мяне няма сувязі», — расказвае яна.
Таццяна здала ДНК на выпадак, калі астанкі мужа знойдуць і перададуць, і хоча разьвітацца з мужам і пахаваць яго.
Каментары