У Гомелі 10 кастрычніка на членаў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за Уладзіміра Някляева напаў невядомы малады чалавек. Інцыдэнт адбыўся каля ўнівермага «Гомель»,

дзе некалькі дзён запар валанцёры праводзяць пікет па зборы подпісаў за вылучэнне на пасаду прэзідэнта лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

У нядзелю пікет праводзіўся пад бел-чырвона-белым сцягам. «Да нас падышоў хлопец і стаў правакаваць бойку, зневажаць нас.

Маўляў, чаму вы размаўляеце на „ненармальнай“ мове (беларускай), што гэта за сцяг,

— паведаміў член ініцыятыўнай групы Яўген Якавенка. — Ён залез на стол, за якім мы сядзелі, потым стаў здымаць нас на відэакамеру».

Валанцёры тры разы выклікалі міліцыю, але беспаспяхова, хаця непадалёк знаходзіцца апорны пункт, сказаў Якавенка. Праз 20 хвілін пасля чарговага званка да пікета падышлі супрацоўнікі дэпартамента аховы. На скаргі актывістаў яны адказалі, што не ўпаўнаважаны браць заяву і трэба выклікаць участковага. У выніку міліцыя ўсё ж прыйшла — паводле слоў Якавенкі, праз паўтары гадзіны пасля першага званка. «Яны ўзялі тлумачэнні ў валанцёраў і сышлі», — паведаміў член ініцыятыўнай групы.

«Я мяркую, што хлопец, які нападаў на нас, належыць да руху неафашыстаў. Я яго бачыў некалькі разоў на канцэртах беларускіх выканаўцаў, у прыватнасці, гурту N.R. M. Там ён таксама спрабаваў справакаваць бойку. Думаю, што хлопец ведаў, што міліцыя на дапамогу нам не прыйдзе, таму і паводзіў сябе так нахабна. Хутчэй за ўсё, гэта была спланаваная акцыя», — лічыць Якавенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?