Кіно

Тэорыя вялікага дрэва

Дзённік Канскага кінафестывалю: праз паказ новага фільма Тэрэнса Маліка «Дрэва жыцця» Канамі авалодала вар’яцтва, а фільм перасягнуў самыя смелыя чаканні, расказаўшы пра амерыканскія 1950-я, сямейства музыкі-няўдачніка і зараджэнне жыцця на Зямлі.

Канамі авалодала вар’яцтва. На сеанс у 8.30 раніцы трэба было прыходзіць мінімум за гадзіну — інакш не ўвайсці (тыя, што прыйшлі за паўгадзіны, у залу так і не трапілі). У палацы перакрывалі асобныя калідоры, каб даць праход Брэду Піту. На вуліцы з раніцы займалі месцы папарацы-аматары. На сеансе дзве з паловай тысячы чалавек сядзелі не зварухнуўшыся, а потым выбухнулі — хто абуранымі крыкамі і свістам, а хто апладысментамі.

Паказвалі «Дрэва жыцця» — пяты фільм Тэрэнса Маліка.

Рэжысёр-легенда вядомы тым, што працуе над кожнай карцінай доўга і старанна, што на дваццаць гадоў (з 1978 па 1998) сыходзіў з прафесіі, што інтэрв’ю не дае ніколі і перад прэсай не паказваецца. На пытанні крытыкаў учора адказвалі акторы і прадусары, да вечарой прэм’еры зрабілі ласку з’явіцца жонка і дачка Маліка, але не ён сам. Пазней прыйшлі паведамленні аб тым, што аўтар усё-ткі пракраўся ў залу — праз чорны ход, інкогніта, пасля таго як патушылі святло…

План фільма, у якім прыватная гісторыя расказаная паралельна з гісторыяй зараджэння жыцця на Зямлі, распрацоўваўся яшчэ гадоў трыццаць таму, калі фінансаванне знайсці было немагчыма.

З гадамі рэпутацыя пустэльніка, паэта і філосафа Маліка рабілася ўсё больш трывалай, а амбіцыі — усё маштабнейшымі: самыя знакамітыя акторы шыхтаваліся ў чаргу на праслухоўванне, хоць ні ўзнагароджаная «Залатым мядзведзем» у Берліне «Тонкая чырвоная лінія», ні «Новы свет» не былі паспяховымі з камерцыйнага пункту гледжання. У фінальнай версіі «Дрэва жыцця» аўтарскі дыктат Маліка, чый стыль унікальны і не ўсім будзе да душы, ураўнаважаны вар’яцкімі спецэфектамі і ўдзелам зорак — Шона Пэна і Брэда Піта (ён жа супрадусар). Нядзіўна, што фільм Малік аддаў не ў Берлін, дзе паказвалі дзве папярэднія яго карціны, а ў Каны — дзе калісьці, з узнагароджання «Дзён жніва» за найлепшую рэжысуру, стартавала яго міжнародная кар’ера.

Цяпер самае складанае — знайсці не тое каб правільныя, але хаця б нейкія словы для апісання «Дрэва жыцця», можа, і не найлепшага, але, мабыць, самага галоўнага фільма Маліка.

З аднаго боку, гэта раман выхавання. Паспяховы жанаты архітэктар (і аб прафесіі, і аб сямейным становішчы героя Шона Пэна даводзіцца здагадвацца са знарок беднага кантэксту) на імя Джэк успамінае гады дзяцінства. 1950-я, Тэхас. Ён — старэйшы з трох сыноў пары О’Браен. Яго бацька (Брэд Піт, адна з найлепшых роляў у кар’еры) уладны і самалюбны, маці (прыгажуня Джэсіка Чэстэйн) — бясконца добрая і ўсёдаравальная.

Быццам прадчуваючы смерць аднаго з малодшых братоў, Джэк паступова дрэйфуе ад сыноўняй пакоры да падлеткавага бунту, аспрэчваючы аўтарытэт бацькоў. Вынік — ці то ўцёкі, ці то выгнанне з Эдэму — ад’езд з роднага мястэчка на новае месца працы бацькі. Пяцідзясятыя — гады асэнсавання страты нявіннасці, звязанай з удзелам ЗША ў некалькіх войнах. А яшчэ гады, калі быў выдадзены галоўны амерыканскі раман (ці антыраман) выхавання «Лавец у жыце».

Але гэта таксама і гады дзяцінства самага Маліка, што прайшло ў Тэхасе і два малодшых брата якога сышлі з жыцця заўчасна.

З іншага боку, гэта кіно пра стварэнне свету і яго будучую пагібель. Мы прысутнічаем пры Вялікім выбуху, любуемся амфібіямі і рэптыліямі (вось сапраўдны рэжысёр: зрабіў на кампутары дыназаўраў — ды так, што Спілберг пазайздросціць, — дзеля пяціхвіліннай, па сутнасці, бессюжэтнай сцэны), а потым назіраем заняпад астылай абязлюдзелай планеты. Нараджэнне немаўляці, яго першыя крокі, яго знаёмства з тым, што такое каханне і смерць, яго першая сустрэча, кантакт і непазбежны канфлікт з іншымі, яго пакутлівыя і заўсёды беспаспяховыя спробы асэнсаваць сябе — усё гэта знаходзіць паралель ва ўражлівым спектаклі Сусвету, які можа нагадаць толькі адзін фільм за ўсю гісторыю кінематографа: «Касмічную адысею — 2001» Стэнлі Кубрыка.

Аднак Кубрык — матэматык і аналітык, архівіст і сацыёлаг. Малік жа — прыроджаны паэт.

Лірычныя закадравыя рэплікі, якія суправаджалі кожны яго фільм, у «Дрэве жыцця» перастаюць быць каментаром да таго, што адбываецца, ператвараючыся ў бясконцую плынь свядомасці — ці хутчэй несвядомасці. Гэта нейкае ментальнае радыё, якое часам хочацца выключыць, настолькі ўражвае візуальная частка: дзіўныя нават не здымкі як такія, а тое, як яны змантаваныя. Як любая паэзія, гэтая карціна будуецца паводле асацыятыўнага прынцыпу, чужога логіцы і разумнаму сэнсу: сугучча, рытм або рыфма важнейшыя, чым сэнсавая паралель. Каб зразумець такое відовішча хоць неяк адэкватна, трэба пабываць у галаве Тэрэнса Маліка — а ў гэтай галаве, як высвятляецца, змясціўся цэлы космас.

Для малікаўскага кінематографа, якое дасягнула фармальнай дасканаласці менавіта ў «Дрэве жыцця», хочацца шукаць новыя азначэнні.

Сімфанічнае кіно? Герой Піта — няўдалы музыка і ў хвіліны спакою слухае то Берліёза, то Брамса, то Малера або сам грае Баха на аргане. Яго ідэал — Тасканіні, і Малік тут паўстае больш дырыжорам, чым дыктатарам-рэжысёрам. Гіганцкі аркестр ён збірае з адной мэтай — прымусіць яго гучаць як адзіны інструмент.

Ці, раз ужо гаворка зайшла пра сусветнае дрэва — вобраз, што аб’ядноўвае асноўныя сусветныя рэлігіі,-то чаму б не назваць гэта «арганічным кіно»?

Яно расце, як велізарны дуб, уверх і ўшыркі, не падпарадкоўваючыся законам сіметрыі, спантанна нараджаючы прыгажосць — і можа быць ацэнены толькі як адзінае цэлае. У дрэва ёсць галіны і плады, якія не злічыць, — як адгалінаванні сюжэту, поўнага змоўчанняў і няяснасцяў, — а ці ёсць карані: каб убачыць і апісаць іх, капаць трэба глыбока. Даглядаць карані і галіны дапамагае цэлая кагорта леснікоў, якую ўзначальваюць аператар Эмануэль Любецкі, мастак Джэк Фіску і кампазітар Аляксандр Дэспла. Але якім і чаму вырасце гэтае дрэва, ведае толькі сам аўтар, які пасадзіў у зямлю першы жолуд.

Спачатку можа здацца, быццам «Дрэва жыцця» — фільм пра пошукі Бога: героі пастаянна глядзяць у неба, моляцца, звяртаюцца да нябачных сілаў. Потым высвятляецца, што ўсе яны размаўляюць з дзіцем, якое даўным-даўно памерла. Менавіта гэты факт у канчатковым выніку ператварае каласальны батанічны сад Тэрэнса Маліка ў жывое дзікарослае кіно.

Каментары

Цяпер чытаюць

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

У Мінску хутка знікне яшчэ адзін закутак прыватнага сектара. Тут пабудуюць жыллёвы комплекс8

На станцыі метро «Слуцкі гасцінец» спынілі цягнікі і выклікалі ратавальнікаў

Жыхары аграгарадка пад Гомелем стогнуць ад нашэсця «шалёнага агурка»1

У Тбілісі знайшлі мёртвым абхазскага блогера, які выступаў за прымірэнне з Грузіяй2

Лаўроў заявіў, што Расія хоча вырашыць пытанне вайны ва Украіне «па-пацанску»11

У Беларусі чакаецца павышэнне цэн на муку4

У дваццаці штатах ЗША тысячы людзей атруціліся мексіканскай салатай. Двое насмерць

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці лютаўскага жорсткага нападу на сям’ю пад Смалявічамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць