Штотыдзень беларусы з’язджаюць на працу ў гэту краіну.
«Даваць інтэрв’ю нам не рэкамендуюць. А на пытанні аб працы можна адказваць толькі з дазволу». Беларуска Вольга расказала пра свой побыт у Каракасе.
«Наша Ніва»: Чаму вырашылі паехаць у Венесуэлу?
Вольга: Магчымасць моўнай практыкі. Годны заробак (у Беларусі даволі цяжка знайсці працу з іспанскай мовай у замежнаэканамічнай дзейнасці, а не перакладчыка). У Каракасе ў мяне гадавая дамова з беларускай фірмай. Працую эканамістам.
«НН»: Шмат было жадаючых выехаць туды на працу? Як праходзіў адбор?
В: Многіх палохае высокі ўзровень злачыннасці ў краіне, асабліва ў сталіцы. Упэўнена, што ва ўмовах цяперашняй эканамічнай сітуацыі, колькасць жадаючых значна павялічыцца, нягледзячы на далёкае знаходжанне краіны і цяжкі клімат.
Я праходзіла адбор вясной. Гэта аказаўся працэс не з лёгкіх. Псіхалагічны тэст, сумоўе на іспанскай мове, комплекснае медыцынскае абследаванне. Наколькі ведаю, цяпер медагляд праходзяць у лечкамісіі і адбор нашмат ускладніўся. Так што краіну пакідае здаровы генафонд. Самі ўрачы пытаюцца, выпісваючы даведкі, а хто тут будзе працаваць.
«НН»: Вы працуеце разам з венесуэльцамі. Наколькі гэта высока кваліфікаваныя спецыялісты?
В: На будоўлі іх значна больш, чым у офісах, дзе яны складаюць прыкладна чвэрць. На будоўлі за імі патрабуецца пастаянны кантроль. Пунктуальнасцю таксама не вылучаюцца. Я б сказала, што ў іх дзейнічае лозунг: «Да працы трэба ставіцца абыякава!»
«НН»: А беларусаў шмат у Венесуэле?
В: На маім праекце працуюць каля 50 (15 — у Каракасе, астатнія на будоўлі ў горадзе Барынас). Апошнім часам амаль штотыдзень прыязджаюць новыя спецыялісты — архітэктары, інжынеры, электрыкі — без валодання іспанскай мовай і працуюць праз перакладчыкаў.
«НН»: Венесуэла — краіна з высокім узроўнем злачыннасці. За сваю бяспеку не баіцеся?
В: Калі прытрымлівацца ўсіх правілаў бяспекі — не хадзіць уначы, не заязджаць у раёны «бар’ё», пажадана не хадзіць з ноўтбукамі і каштоўнымі рэчамі — можна пазбегнуць непрыемных сітуацый. Хаця ад гэтага ніхто не застрахаваны, і выпадкі крадзяжу сярод беларусаў нярэдкія.
«НН»: Ці ёсць у Каракасе на што траціць грошы?
В: Жыццё ў Каракасе абыходзіцца значна даражэй, чым у Беларусі. Таннае толькі паліва. Бак бензіну можна заправіць на $1, а цану аднаго літра нават ніхто не лічыць. Але праезд у грамадскім транспарце будзе дарагі. Разнастайнасць садавіны здзіўляе. Наведванне музычнага тэатра, пастаноўкі сучаснага мюзікла, у пераводзе на беларускія рублі абыдзецца ў 350 тысяч. Сацыялізм праяўляецца толькі ў свабодным уваходзе ў большасць музеяў.
«НН»: Ці гатовыя застацца ў Венесуэле на новы кантракт?
В: Хачу вярнуцца ў Беларусь. Дарагая тая хатка, дзе радзіла цябе матка. Відаць, у Венесуэлу я гатовая была б прыязджаць на зіму, каб пагрэцца на карыбскім узбярэжжы. А да пенсіі можна было б і дамок набыць.
Каментары