Тым, чыя зарплата маленькая, давядзецца расказаць, адкуль грошы.
— Я чуў, што ўсіх, хто прыгнаў сёлета машыну, выклікаюць у падатковую, — датэлефанаваўся ў рэдакцыю «Камсамолкі» чытач з Пружанаў. — Я на сваю «Таёту» два гады збіраў, потым у сяброў пазычаў, каб паспець ды павышэння растаможкі. І што цяпер?
Толькі са студзеня па верасень беларусы завезлі ў краіну больш за 260 тысяч машын.
— Усіх, хто купіў машыны, у падатковыя органы выклікаць не будуць. Кантроль за адпаведнасцю расходаў і даходаў падатковыя органы ажыццяўлялі і раней. У Беларусі з 2003 года дзейнічае закон аб дэклараванні даходаў і маёмасці. Аналіз інфармацыі праводзіцца ў дачыненні да тых грамадзян, якія, да прыкладу, атрымліваюць невялікую зарплату або доўгі час нідзе не працуюць, але пры гэтым купляюць дарагі аўтамабіль, нерухомасць, — пракаментаваў сітуацыю намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька.
— Гэта значыць, усе звесткі пра пакупнікоў машын адразу ідуць у падатковую?
— Не. Але падатковыя органы могуць атрымаць такую інфармацыю, калі ім гэта неабходна.
— Праз тое, што сёлета беларусы купілі машын амаль у тры разы больш, чым раней, увага да аўтаўладальнікаў у падатковай павысілася?
— Я б так не сказаў. Калі чалавек мае дастатковы афіцыйны даход і купіў аўтамабіль, то ніякіх пытанняў да яго не было ні раней, ні цяпер.
— Кажуць, што супрацоўнікі падатковых органаў ходзяць па прыватным сектару і глядзяць, у каго пабудаваныя вялікія дамы, стаяць дарагія машыны. Гэта так?
— Падатковыя органы ажыццяўляюць рэйдавыя мерапрыемствы, у тым ліку па выяўленні незарэгістраванай дзейнасці ў прыватным сектары — нелегальныя СТА, рамонтныя работы, гандаль. Вядома, падчас такіх мерапрыемстваў могуць узнікнуць пытанні пра тое, напрыклад, каму належыць нейкае вялікае збудаванне. Але спецыяльна ў кожную кватэру або кожны двор ніхто не заходзіць.
Што рабіць пакупніку аўто, якога выклікалі ў падатковую?
У першую чаргу не панікаваць! Магчыма, падатковая проста не ў курсе, што вы бралі на сваю куплю крэдыт. Або сябры могуць даць распіскі пра тое, што пазычылі вам грошай.
У тым выпадку, калі пакупнік не можа даказаць, што грошы ён зарабіў законным спосабам, а не атрымліваў, да прыкладу, заробак у канверце, яму выставяць да выплаты падатак (у казну трэба будзе выплаціць 12% ад сумы перавышэння выдаткаў над прыбыткамі).
Каментары