Лукашэнка адпачывае ў Сочы са сьпявачкамі і спартоўцамі
Разам з Лукашэнкам у Сочы прыляцелі Ірына Дарафеева, сьпявачка Жанэт, сьпявак Шыр і беларускія спартоўцы Несьцярэнка, Зубрылава, Булыгін ды іншыя.
Аляксандар Лукашэнка адпачывае на гарналыжным курорце ў Сочы. У гатэлі 30 двухмясцовых нумароў з спартовай і трэнажорнай залямі. Разам зь ім у гасьцініцы раскашуюць Ірына Дарафеева, сьпявачка Жанэт, сьпявак Шыр і беларускія спартоўцы Несьцярэнка, Зубрылава, Булыгін ды іншыя. Усяго пяць дзясяткаў чалавек.
«Нас усіх прыслалі рыхтавацца да прыезду прэзыдэнта прама 8 сакавіка. Трэ было ўсё пасьпець да адкрыцьця», – паведаміла «КП в Беларуси» супрацоўніца беларускай гасьцініцы ў Сочы.
«Тут усе задаволеныя. Запаліліся горнымі лыжамі. Катаемся зь цікавасьцю. Толькі вось сёньня вялікая смуга. Жывём у новым комплексе «Беларусь», – распавяла алімпійская чэмпіёнка Юлія Несьцярэнка ў інтэрвію «КП в Беларуси». – Да абеду катаемся кожны дзень. Увечары ў комплексе ходзім у басейн, сауну, більярд, трэнажорную залу».
Адзін дзень адпачынку ў сочынскім санаторыі «Беларусь» каштуе ад 50 да 80 даляраў. 10 сакавіка пры ім адкрылі гарналыжны комплекс.
Каментары