Сёньня адвакаты Аляксандра Казуліна пададуць у Вярхоўны суд апошнюю скаргу на прысуд, паводле якога палітыка зьняволілі на пяць з паловай гадоў. Чаму адкладалася падача скаргі і ці ёсьць шанцы, што яе задаволяць?

Адвакаты Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч і Зьміцер Гарачка пойдуць сёньня ў Вярхоўны суд. У верасьні Менскі гарадзкі суд ужо разгледзеў аналягічную скаргу на прысуд Маскоўскага раённага суду, але пакінуў яе без задавальненьня. У той жа дзень Аляксандра Казуліна са сьледчага ізалятара перавезьлі ў Віцебскую калёнію, дзе празь месяц ён абвясьціў галадоўку.
Гэта была беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту: яна цягнулася 53 дні і ледзь не закончылася сьмерцю вязьня. Выхад з галадоўкі Аляксандар Казулін не завяршыў дагэтуль — у яго асобны рэжым харчаваньня і знаходжаньня ў калёніі. Між тым апошні шанец абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе палітык пакуль ня выкарыстаў. Гэта й будзе выпраўлена сёньня. Навошта чакалі некалькі месяцаў? Паводле адваката Ігара Рынкевіча, сярод іншага гэта зьвязана і з апошнімі падзеямі ў краіне.
«Рыхтавалі юрыдычныя аргумэнты, але ўлічвалі і грамадзкую сытуацыю. Мяркуем, зараз будзе менш суб’ектыўнага ў стаўленьні да нашага падабароннага. Мы зноў будзем настойваць на тым, каб прысуд адмянілі, крымінальную справу спынілі з прычыны адсутнасьці злачынства ў дзеяньнях Аляксандра Казуліна, а яго неадкладна вызвалілі», — сказаў Ігар Рынкевіч.
Наколькі ўдалай можа стаць апошняя спроба аспрэчыць прысуд? Адвакаты адказваюць рашуча: яны вераць у перамогу. А вось праваабаронца Валянцін Стэфановіч пакідае ёй невялікі шанец.
«Ва ўлады заўсёды застаецца поле для манэўра. Можна, прыкладам, зьмякчыць пакараньне. Але мне падаецца, ўлічваючы апошнія падзеі і колькасьць крымінальных спраў супроць апазыцыянэраў, малаверагодна, што нешта будзе добрае», — мяркуе Стэфановіч.
Дачка палітыка Юля Казуліна таксама ня верыць ў тое, што Вярхоўны суд адменіць прысуд:
«У мяне надзей ніякіх. Бо ў нас у краіне адзін чалавек ужо вырашыў, што будзе з татам. Надзея толькі на міжнародны суд у правох чалавека».
Юля Казуліна сказала, што ўжо больш за тыдзень не атрымлівае лістоў ад бацькі з калёніі і таму ня ведае, як ён цяпер пачуваецца. Словам супрацоўнікаў калёніі пра тое, што з Казуліным усё добра, ня верыць. «У іх заўсёды нібыта ўсё добра, а потым высьвятляецца адваротнае», — кажа Юля. Дзяўчына таксама пацьвердзіла: яе маці, Ірына Казуліна, ужо болей за два тыдні знаходзіцца ў ЗША пад наглядам дактароў:
«Вы ж разумееце, што ўсе гэтыя нэрвовыя хваляваньні не прайшлі без наступстваў, тым больш для яе. Яна праходзіць абсьледаваньне, дактары высьвятляюць, што ў яе са здароўем».
Каментары